Вы тут

Багацце зямлі


На нарадзе аб стане і перспектывах развіцця сыравіннай базы  Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на праблеме імпарту карысных выкапняў, якіх у нас з лішкам

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, зразумела, калі Беларусь траціць вялізныя сродкі на набыццё сыравіны, якой недастаткова. «Толькі на вуглевадароды расходуем больш за $11 млрд штогод. Але гэта імпарт, дзякуючы якому мы забяспечваем стабільную работу нашай энергетычнай сістэмы і іншых важных эканамічных галін. Аднак не зразумелы імпарт таго, чаго ў нас хапае з лішкам, напрыклад, шчэбеню, гравію, пяску, гліны, мелу, гіпсу і іншых пазіцый», — сказаў Прэзідэнт.

«Больш пільнай увагі патрабуе і праблема рацыянальнага выкарыстання ўласных карысных выкапняў, нарошчвання экспартнага патэнцыялу, тавараў і паслуг у гэтай сферы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як паведаміў карэспандэнт БЕЛТА, падчас нарады абмяркоўваліся пытанні зніжэння залежнасці эканомікі краіны ад імпарту сыравіны. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта датычыцца не толькі энерганосьбітаў, але і іншых рэсурсаў. Найперш Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, як наладзіць на належным узроўні імпартазамяшчэнне існуючых у Беларусі рэсурсаў.

На нарадзе ішла размова і аб тым, што робіць урад для нарошчвання экспартнага патэнцыялу Беларусі, у прыватнасці для павелічэння або арганізацыі паставак за мяжу тых карысных выкапняў, па якіх у краіне ёсць значныя рэзервы. Прэзідэнт таксама палічыў неабходным абмеркаваць пытанне аптымізацыі структуры экспарту, магчымасці паставак за мяжу не проста сыравіны, а гатовай прадукцыі, вырабленай з яе. На думку Аляксандра Лукашэнкі, пры спадзе сусветных цэн на нафту трэба думаць аб іншай галіновай структуры, якая будзе забяспечваць устойлівасць эканомікі Беларусі.

Акрамя таго, на нарадзе былі разгледжаны перспектывы актывізацыі геолагаразведачных работ, асваення новых радовішчаў карысных выкапняў і ўключэння іх у гаспадарчы абарот. Удзельнікі абмеркавалі, як вырашаецца задача экспарту паслуг па вывучэнні нетраў за мяжой, што робіцца для прыцягнення інвестараў у здабычы прыродных рэсурсаў, для ўкаранення інавацыйных тэхналогій з мэтай комплекснага і найбольш выгаднага выкарыстання гэтых рэсурсаў.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што тэма гэтай нарады важная з пункту гледжання не толькі эканомікі, але і палітыкі. «Гэта не проста эканоміка, але і палітыка, якая ўпіраецца ў незалежнасць нашай дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Карысныя выкапні — гэта дадзеныя нам прыродай багацці, якімі мы павінны распараджацца беражліва і дбайна на карысць і сучаснага пакалення беларусаў, і будучых», — прадоўжыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават пры сённяшняй няўстойлівасці сыравінных рынкаў многія краіны дэманструюць стабільнае развіццё, якое забяспечваецца за кошт рацыянальнага выкарыстання нацыянальных багаццяў, укаранення высокаэфектыўных тэхналогій іх здабычы і перапрацоўкі. Прэзідэнт лічыць, што для Беларусі асабліва востра стаіць двухадзіная задача: з аднаго боку, забеспячэнне максімальнай эфектыўнасці выкарыстання ўласных і імпартных рэсурсаў, з іншага — пашырэнне маштабаў і наменклатуры здабычы выкапняў з мэтай іх імпартазамяшчэння і скарачэння адтоку валюты на іх закупку.

Кіраўнік дзяржавы даручыў у поўным аб'ёме вывучыць перспектыўныя рэгіёны краіны на прадмет выяўлення новых радовішчаў нафты. Размова ідзе аб Аршанскай (Віцебская вобласць) і Падляска-Брэсцкай упадзінах (Брэсцкая і Гродзенская вобласці). Гэтыя тэрыторыі пакуль недастаткова вывучаны. Да іх цяпер павінна быць прыкавана ўвага спецыялістаў.

На нарадзе таксама абмяркоўвалася рэалізацыя праектаў па павелічэнні выкарыстання торфу на цэментных заводах замест імпартуемага каменнага вугалю. Чакаецца, што на працягу 2016-2017 гадоў на прадпрыемствах будзе выкарыстоўвацца каля 420 тысяч тон тарфяных брыкетаў. Гадавая эканомія, паводле падлікаў урада, складзе $15-20 млн.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб праграме вывучэння нетраў і развіцця мінеральна-сыравіннай базы Беларусі на 2016-2020 гады. Дакумент прадугледжвае пошук радовішчаў ужо разведаных і новых відаў карысных выкапняў. Запланаваны таксама рэгіянальныя работы, якія будуць праводзіцца на малавывучаных тэрыторыях, вялікіх глыбінях.

Цяпер у Беларусі выяўлена 82 радовішчы нафты, 75 перададзены на баланс «Беларуснафты» для распрацоўкі, на сямі радовішчах вядуцца работы ў розных стадыях разведкі і падрыхтоўкі да асваення. Усе выяўленыя радовішчы нафты адносяцца да Прыпяцкага прагіну (Гомельская і Магілёўская вобласці). Штогод Беларусь здабывае
1,64 млн т нафты. У краіне ёсць больш за 9 тысяч тарфяных радовішчаў з геалагічнымі запасамі каля 4 млрд тон, штогод выпускаецца 1 млн 240 тысяч тон торфабрыкету. Усяго ў нетрах Беларусі знойдзена больш за 10 тысяч радовішчаў розных відаў карысных выкапняў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.