Вы тут

У нас тут свая атмасфера


Усё, што не забівае кінематограф, робіць яго мацнейшым.

Мы ствараем сваё кіно ўжо дзевяноста адзін год. Пастанова Савета Народных Камісараў «Пра кінавытворчасць у БССР» 1924 года стала кропкай адліку: з яе пачало сваю працу Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі «Белдзяржкіно», пасля яе стала здымацца беларуская кінахроніка, яе вынікам сталі першыя поўнаметражныя ігравыя беларускія фільмы «Прастытутка» і «Лясная быль». Сёння мы адзначаем Дзень беларускага кіно. Узрост не маленькі, праўда, ён не гарантуе поспех. Але нам усё ж такі ёсць пра што пагаварыць. 17 снежня як Дзень беларускага кіно — зручная дата, бо дазваляе падвесці вынікі года.

1. Міністэрства культуры правяло два адкрытыя рэспубліканскія конкурсы кінапраектаў. У першым удзельнічалі 35 кінапраектаў ад 15 арганізацый кінематаграфіі, у другім — 31 кінапраект ад 7 арганізацый. З усіх пададзеных заявак 21 належыць кінастудыі «Беларусьфільм». Перамаглі адпаведна 5 і 6 кінапраектаў, з іх 2 — ад недзяржаўных арганізацый, астатнія належаць нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

2. На пасаду дырэктара «Беларусьфільма» прыйшоў новы чалавек — Ігар Поршнеў. А сама кінастудыя са студзеня па лістапад 2015 года атрымала з рэспубліканскага бюджэту 40,4 мільярда рублёў, з іншых крыніц — 15,2. З выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў у 2015 годзе «Беларусьфільм» зняў тры ігравыя карціны — «Дзяржаўная граніца. Фільм 10: «Афганскі капкан», «Дзяржаўная граніца. Фільм 12: Няправільная мэта», «Участак лейтэнанта Качуры. Фільм 4. «Чорная павуціна», 26 неігравых фільмаў, 8 анімацыйных і 5 летапісных сюжэтаў. Сёння кінастудыя працуе над дзвюма ігравымі карцінамі («Сляды на вадзе», «Трымайся за аблокі»), 4 неігравымі і 10 анімацыйнымі. Акрамя гэтага, некалькі кампаній выказалі жаданне здымаць фільмы на базе «Беларусьфільма» — вядуцца перамовы, пралічваецца кошт дэкарацый.

3. Спыніла сваё існаванне студыя спецыяльных праектаў «Белвідэацэнтр». У 2013 годзе асобнае рэспубліканскае прадпрыемства па рашэнні Міністэрства культуры стала структурным падраздзяленнем нацыянальнай кінастудыі. Пра колькасць і якасць кінапрадукцыі «Белвідэацэнтра» ходзяць легенды: некалі гэта было паўнавартаснае і слаўнае прадпрыемства. З прыходам новага дырэктара нацыянальнай кінастудыі існаванне «Белвідэацэнтра» засталося ў мінулым. «У працэсе аптымізацыі вытворчасці ў мяне выявіліся дзве структуры, што займаюцца адным і тым жа — дакументальным кіно, хронікай, кіналетапісам, і дублююць свае дзеянні. Я прыняў рашэнне, што нам дастаткова аднаго «Летапісу», — пракаментаваў Ігар Поршнеў.

4. У сферы кіно стаў прапрацоўвацца праект указа пра развіццё кінематаграфіі. Той, што абавяжа атрымліваць у Міністэрстве культуры пасведчанне на здымкі фільма. Мяркуецца, што ўказ будзе падпісаны ў пачатку наступнага года, але пачне дзейнічаць не раней за 2017 год. «Праект указа аб развіцці кінематаграфіі дапрацаваны з улікам заўваг, выказаных членамі рабочай групы, прадстаўнікамі кінакампаній розных формаў уласнасці і сферы кіно. Улічаны таксама заўвагі прадстаўнікоў грамадскасці, агучаныя падчас прамых ліній. Праект указа разасланы ўсім зацікаўленым дзяржаўным органам, каб яны яго перагледзелі», — сказала першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.

5. Прызначаны новы тэрмін завяршэння рэканструкцыі «Беларусьфільма». Яе гісторыя пачалася ў 2007 годзе і пасля шматлікіх пературбацый павінна была скончыцца ў канцы 2015-га. Але па апошнім рашэнні працы будуць весціся да канца 2016 года. Сёння, па словах Ігара Поршнева, над асноўнай пабудовай працуюць 200 чалавек, вядуцца ўнутраныя работы.

6. Галоўнае — прыйшло разуменне, што будучыня беларускага кіно за незалежнымі кінематаграфістамі. І калі раней такіх упэўненых спадзяванняў на незалежных аўтараў не было, то гэты год прынёс шмат адкрыццяў — і на кінафестывалі «Бульбамуві», і ў нацыянальным конкурсе «Лістапада». З'явілася надзея на тое, што заняпад апошніх гадоў хутка зменіцца пад'ёмам і, магчыма, «новай хваляй». Але надзею нам дае не нацыянальная кінастудыя, не фільмы, што атрымалі дзяржпадтрымку, а карціны, знятыя на ўласныя сродкі, падтрыманыя энтузіязмам творцаў. Час ужо дзяржаўнаму і недзяржаўнаму кіно станавіцца канкурэнтамі. Альбо памагатымі, бо першаму не хапае правільнага размеркавання сродкаў і кіравання, другому — грошай.

Сёлетні Дзень беларускага кіно сапраўды святочны.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».