Вы тут

Зямлі навек адданыя


У маладзечанскім Палацы культуры прайшло ўшанаванне заслужаных людзей аграпрамысловага комплексу Міншчыны. Гэтае мерапрыемства хтосьці назваў «Ветэранскімі дажынкамі».

— Вашымі імёнамі ганарыцца Міншчына. Таму і вырашана зрабіць такія сустрэчы з ветэранамі традыцыйнымі, каб яшчэ раз аддзячыць вам за нялёгкую працу на зямлі і вернасць прафесіі. Гэтыя сустрэчы — добрая нагода трымаць перад вамі своеасаблівую справаздачу: як развіваецца Мінская вобласць, якіх поспехаў дамагаецца, якія праблемы неабходна сёння рашаць, — звярнуўся да прысутных старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра.

Некаторыя з ветэранаў працягваюць працаваць і цяпер.

Упершыню ў 19-гадовым узросце сеў у кабіну трактара Фёдар Кудрэйка. І да гэтага часу Фёдар Яўменавіч кожны дзень ідзе на працу. Цяжка паверыць, але працоўны стаж механізатара агракамбіната «Дзяржынскі», ардэнаносца, — 61 год. Сёння яму 80, але ён бадзёры, поўны аптымізму. А ў вольны ад работы час з унукамі і праўнукамі працуе на прысядзібным участку, ходзіць у лес па грыбы ды ягады.

У Капыльскім раёне добра вядома імя Галіны Вечар, якая 40 гадоў адпрацавала брыгадзірам у жывёлагадоўлі саўгаса «Доктаравічы». У Галіны Яфімаўны шмат узнагарод: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, медаль «За доблесную працу» і залаты медаль ВДНГ СССР.

«Даводзілася ўставаць рана, у 4 гадзіны, таму што я даглядала цялятак. У мяне ніводнае не прапала. А ведаеце, што я рабіла? Я купляла па 50 капеек рыс, варыла ім рэдкую кашу і паіла. Яны такія моцныя раслі, прыгожыя», — згадвае былая цялятніца агракамбіната «Ждановічы» Мінскага раёна Валянціна Апанасаўна Ястрабава. Ці маглі быць дрэннымі вынікі работы пры такіх адносінах да справы? Агульны працоўны стаж Валянціны Апанасаўны — 59 гадоў.

Зусім не жаночую прафесію выбрала для сябе Галіна Груша з Дзяржынскага раёна. Галіна Антонаўна 33 гады працавала трактарыстам-машыністам у калгасе імя Фалько, узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны».

Зусім хутка заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, намеснік старшыні СВК «Агракамбінат «Сноў» Нясвіжскага раёна Уладзімір Серафімавіч Бабёр адзначыць юбілей — паўстагоддзя работы ў адной гаспадарцы. Пачынаў брыгадзірам, потым шмат гадоў працаваў галоўным аграномам. Яго сыны таксама атрымалі агратэхнічную адукацыю, вярнуліся на малую радзіму. І бацька вельмі ганарыцца, што яны пайшлі па яго слядах.

Усяго ж у Палацы культуры Маладзечна сабралася 400 ветэранаў: механізатары, паляводы, жывёлаводы, спецыялісты, кіраўнікі гаспадарак, раёнаў і людзі, якія стаялі на чале Мінскай вобласці, аграрнага сектара краіны ў розныя гады.

Уладзімір Гаркун у Вярхоўным Савеце 12-га склікання ўзначальваў Пастаянную камісію па аграрных пытаннях і харчаванні. Ён, як ніхто іншы, помніць аб тых пераломных 90-х мінулага стагоддзя. Гэта былі найцяжэйшыя часы для маладой суверэннай дзяржавы. Прамысловасць і сельская гаспадарка, што называецца, «ляжалі», у казне не было грошай, збыт прадукцыі быў на «нулі», нават запасаў хлеба ў краіне ў нейкі момант заставалася на тры дні. «Сапраўды, было неверагодна цяжка. Але мы не развалілі краіну і не пусцілі яе пад адхон. У 1994 годзе адбыліся першыя выбары Прэзідэнта. І я ганаруся, што беларускі народ не памыліўся», — кажа Уладзімір Гіляравіч.

— Сярод нас знаходзіцца яшчэ адзін паважаны і заслужаны ардэнаносец. Можна сказаць, двойчы ветэран — Вялікай Айчыннай вайны і працы — Іван Фаміч Радына, — звярнуў увагу гасцей, удзельнікаў свята Сямён Шапіра. — Пасля заканчэння вайны ён прымаў самы актыўны ўдзел у аднаўленні калгаса
«17 верасня», што на Валожыншчыне. Быў намеснікам старшыні, загадчыкам фермы. Некалькі дзён таму Іван Фаміч адзначыў 95-годдзе.

Вярнуў шаноўных ветэранаў у гады іх маладосці фільм аб мінулым і сучаснасці Мінскай вобласці. У кадрах хронікі некаторыя з іх пазналі сябе і нават расчуліліся.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.