Вы тут

Пад Брэстам адбылася маштабная рэканструкцыя падзей Першай сусветнай вайны


Радавая сядзіба магнатаў Нямцэвічаў, адрэстаўраваная некалькі гадоў таму, стала адной са славутасцей Брэстчыны. Менавіта ў зале Скокаўскага палаца 15 снежня 1917 года быў падпісаны гістарычны дакумент, які азначаў заканчэнне вайны на фронце з Расіяй.

16-10

Падзеям Першай сусветнай вайны быў прысвечаны ваенна-гістарычны фестываль, што прайшоў у мінулыя выхадныя каля вёскі Скокі, якая знаходзіцца ў прыгарадзе Брэста. Гэта ўжо чацвёрты падобны фэст у Скоках. І з кожным годам колькасць яго ўдзельнікаў расце. Напрыклад, летась у названым мерапрыемстве выступалі 60 рэканструктараў з 12 клубаў Беларусі, Расіі, Украіны, а цяпер тут былі прадстаўлены 20 ваенна-гістарычных клубаў і 150 удзельнікаў з розных гарадоў названых краін.

Перад пачаткам рэканструкцыі прайшоў малебен у памяць загінулых падчас Першай сусветнай вайны.

— Усё, што адбываецца тут, служыць справе ўшанавання памяці тых вялікіх і трагічных падзей, — сказаў расійскі гісторык і тэлежурналіст з Санкт-Пецярбурга Віктар Праўдзюк. Ён, дарэчы, прыехаў у Скокі другі раз.

На пляцоўцы ля старадаўняга парку сабралася шмат гледачоў. І паглядзець сапраўды было на што. Арганізатары дзеі грунтоўна яе падрыхтавалі. У рэканструкцыі падзей удзельнічалі конная кавалерыя, падраздзяленні пехацінцаў. Тут жа разгарнулі палявы шпіталь. Быў нават франтавы мастак, які на працягу баёў зарысоўваў падзеі з натуры. І калі спачатку яго мальберт уяўляў з сябе белае палатно, то бліжэй да канца баявых дзеянняў на карціне праглядаўся канкрэтны эпізод бою.

Магутная піратэхніка стварыла эфект артпадрыхтоўкі. Дым, узрывы, выстралы, раненыя і забітыя ў час атак і контратак, а таксама пяхотныя ланцугі, траншэі, умацаванні, калючы дрот — гледачы назіралі ўжывую за тым, што раней даводзілася бачыць толькі ў кіно. Важна, што дзеянні, якія разгортваліся на «полі бою», каменціраваў вядучы. Такім чынам публіцы было лягчэй асэнсаваць, што адбываецца. Бо для непадрыхтаванага чалавека асобныя эпізоды часам маглі нагадаць толькі лермантаўскі радок, калі «смешались в кучу кони, люди...» А так станавілася больш-менш зразумела, хто за якую вышыню ваюе.

Але ж ваенна-гістарычны фестываль — гэта не толькі эпізоды 100-гадовай даўніны. Перад рэканструкцыяй у Скоках прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Вялікая Еўрапейская вайна». На форуме прагучалі даклады, якія аднавілі некаторыя старонкі малавядомай нам вайны. На канферэнцыі, напрыклад, адзначалася, што падпісанае пагадненне аб спыненні дзеянняў на Усходнім фронце выратавала тысячы жыццяў. Таму асаблівай падзеяй фестывалю можна назваць адкрыццё памятнай дошкі, прысвечанай перамір'ю, якое падпісалі 100 гадоў таму. Дошку замацавалі на валуне, які стаіць перад уваходам у гісторыка-мемарыяльны музей «Сядзіба Нямцэвічаў» .

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.