Вы тут

Гэты бязлітасны Альцгеймер...


Калі ў блізкага выявілі дэменцыю.

Паводле адной з гіпотэз, паміж хваробай Альцгеймера і эвалюцыяй мозга ёсць прамая сувязь. Маўляў, сотні тысяч гадоў таму падчас натуральнага адбору ў некаторых генах замацаваліся змяненні, адказныя за развіццё мозга. У прыватнасці, павялічылася колькасць сувязяў паміж нейронамі, і мы сталі разумнейшымі. Аднак тыя ж гены аказаліся вінаватымі і ў развіцці хваробы Альцгеймера.

16-11

Ад гэтага захворвання пакутуе толькі чалавек. Некаторыя кітайскія вучоныя мяркуюць, што ўзнікае яно тады, калі пастарэлы мозг перастае спраўляцца з высокім узроўнем абмену рэчываў, неабходным для функцыянавання высокаразвітога чалавечага інтэлекту. Хвароба Альцгеймера — гэта нейрадэгенератыўнае захворванне, якое з'яўляецца прычынай 50-75 працэнтаў выпадкаў старэчага зніжэння інтэлекту. Пачынаецца яно паступова, але няўхільна прагрэсуе. Асноўны сімптом — страта кароткачасовай памяці і аслабленне функцыі мыслення. На позніх стадыях мозг пашкоджаны настолькі моцна, што хворы становіцца практычна бездапаможным. Эфектыўнага лячэння пакуль не вынайдзена.

Кіраўнік Інстытута неўралагічных даследаванняў у ЗША Эдвард Тобінік сцвярджае, што стан многіх пацыентаў паляпшаецца дзякуючы супрацьзапаленчаму прэпарату этанерсэпт, які прымяняецца звычайна пры лячэнні рэўматоіднага артрыту (у Беларусі ён не зарэгістраваны). Пасля ўвядзення гэтага прэпарату групе хворых у іх адзначалася «абуджэнне» разумовых здольнасцей і памяці. Праўда, праз некалькі дзён патрабавалася новая ін'екцыя. Прэпарат не прайшоў клінічных іспытаў, але пакуль гэта адзіны спосаб палепшыць стан хворага, а не проста затармазіць ход хваробы.

Як жыць тым, хто побач?

Пачуццё страху, віны, адчаю і несправядлівасці — немагчыма адным словам апісаць усё, што перажываюць тыя, чые блізкія дзень за днём страчваюць сябе. Лёгкія парушэнні ўвагі, памяці, маўлення (калі чалавек не можа адразу падабраць патрэбнае слова) ёсць у больш як 80 працэнтаў мужчын і жанчын пасля 60. Гэта абумоўлена натуральнымі ўзроставымі змяненнямі і не перашкаджае чалавеку жыць. Аднак у 25 працэнтаў людзей старэйшага ўзросту гэтыя расстройствы трансфармуюцца ў дэменцыю. Яе цяжкія формы называюць маразмам, зніжэннем інтэлекту.

Не важна, што стала прычынай дэменцыі: незваротныя парушэнні ў рабоце галаўнога мозга (у выніку захворванняў нервовай сістэмы, парушэння кровазвароту ці абмену рэчываў) кардынальна мяняюць жыццё чалавека. Ён перастае разумець і запамінаць новую інфармацыю, лагічна разважаць, не пазнае сваіх дзяцей, а блізкіх сяброў можа лічыць даўно памерлымі сваякамі. Паступова страчваюцца ўсе жыццёвыя навыкі, немагчыма заставацца аднаму, немагчыма радавацца, здзіўляцца, суперажываць. Чалавек страчвае сваю асобу. Іншае жыццё пачынаецца і для таго, хто бярэ на сябе абавязак клапаціцца аб хворым. Дзеля гэтага нярэдка даводзіцца ахвяраваць работай, бачыць, як аддаляюцца муж (жонка), дзеці і нават сябры, якія не вытрымліваюць пастаяннага напружання.

Сярэдняя працягласць жыцця расце, а значыць, расце і колькасць людзей з дэменцыяй — гэта мільёны людзей ва ўсім свеце, а побач з імі — мільёны тых, каму даводзіцца браць удзел у гэтай драме.

«З таго моманту, як чалавеку паставілі дыягназ «дэменцыя», блізкім неабходна пачынаць вучыцца падтрымліваць стасункі з такім чалавекам», — кажа загадчыца псіхіятрычнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Таццяна ГЕМЗА і дае некалькі карысных парад.

* Гаварыце заўсёды павольна і плаўна, не павышайце тон (хворы з дэменцыяй забывае значэнне слоў, але захоўвае здольнасць да эмацыянальнага перажывання, а таму рэагуе на інтанацыю).

* Пераканайцеся, што вам удалося прыцягнуць увагу да вашых слоў (пяшчотна дакраніцеся да блізкага, глядзіце яму ў вочы; калі ён сядзіць, прысядзьце таксама, каб апынуцца на адным узроўні).

* Ініцыятыва ў размове, вядома, павінна належаць вам (па меры развіцця захворвання чалавеку ўсё складаней становіцца пачынаць размову самастойна).

* Фармулюйце пытанне так, каб на яго можна было адказаць адназначна: «так», «не» або «не ведаю».

* Калі вас не зразумелі, паўтарыце фразу некалькі разоў, а пасля сфармулюйце думку іначай.

* Мінулае помніцца лепш, чым бягучае (таму з хворым трэба часцей гаварыць пра далёкае мінулае, гэта яго супакойвае).

* Калі блізкі чалавек перастаў рэагаваць на вашы фразы, ніколі не гаварыце аб ім у яго прысутнасці ў трэцяй асобе (гэта прыніжае годнасць чалавека)

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».