Вы тут

Медыцынская загадка: хто аперыраваў чалавека 3600 гадоў таму?


У назе муміі знайшлі штыфт сучаснага тыпу.

У 1971 годзе ў музей Разенкрэйца, што ў Каліфорніі, прывезлі запячатаны старажытнаегіпецкі саркафаг, усярэдзіне якога ляжала добра захаваная мумія вельмі шляхетнага егіпцяніна.

Там больш за два дзесяцігоддзі таму група навукоўцаў зрабіла шакіруючае адкрыццё: амаль 3600 гадоў таму была праведзена хірургічная аперацыя неверагодна высокага для тых часоў узроўню складанасці. У левым калене муміі выявілі артапедычны штыфт даўжынёй 23 сантыметры, зроблены з металу. Ён быў ужыўлены дзякуючы такім найскладанейшым біямеханічным прынцыпам, якія не саступаюць нават самым сучасным тэхналогіям.

[caption id="attachment_114515" align="alignnone" width="600"]15-6 Му­мі­фі­ка­ва­ныя астан­кі «Юзер­мон­ту».[/caption]

Невядомая мумія

Калі ў 1970-х работнікі музея Разенкрэйца атрымалі старажытнаегіпецкую труну, яны не ведалі, што ўнутры ўсё яшчэ ляжала мумія. Да ўсяго іншага, даследаванні паказалі, што першапачаткова саркафаг належаў іншай муміі — па імені Юзермонту («моц Монтэ») — а затым, праз многія гады пасля яго смерці, туды паклалі іншую. Тым не менш новая мумія невядомага паходжання стала вядомай пад імем першапачатковага гаспадара саркафага. Аналіз працэдуры бальзамавання паказаў, што «Юзермонту» быў мужчынам з вярхушкі старажытнаегіпецкага грамадства і жыў у часы Новага царства (перыяд паміж XVІ—XІ ст. да н.э.). Даўжыня муміфікаванага цела — 1,5 м, прысутнічаюць сляды рудых валасоў.

Шакіруючае адкрыццё

У жніўні 1995 года прафесар Вілфрэд Грыгз з універсітэта Брыгама Янга, размешчанага ў штаце Юта, разам з групай экспертаў прасвяціў рэнтгенам шэсць мумій (уключаючы мумію Юзермонту) з музея Разенкрэйца. Гэта было зроблена перад тым, як ён прачытаў там лекцыю. Спецыялісты былі ўражаныя, калі рэнтген паказаў, што ў левае калена адной з мумій устаўлены металічны штыфт даўжынёй 23 см.

Старажытнасць або сучаснасць?

Як паведамляюць прадстаўнікі Універсітэта Брыгама Янга, немагчыма даведацца, ці належаў металічны штыфт да старажытнасці, ужыўшы толькі рэнтген. «Тады я выказаў здагадку, што штыфт быў зроблены не ў старажытныя часы і падумаў, што мы змаглі б даведацца, якім чынам штыфт быў ужыўлены ў нагу, а таксама, магчыма, нават высветліць, як даўно гэтая аперацыя была зроблена, — сказаў Грыгз у дакладзе, апублікаваным універсітэтам. — Я проста падумаў, што гэта цікавая заўвага: «Хтосьці ўзяў старажытную мумію і ўставіў ёй у нагу сучасны штыфт, каб тая не развалілася на часткі».

[caption id="attachment_114513" align="alignnone" width="600"]15-4 Рэнт­ген ка­ле­на Юзер­мон­ту па­ка­заў на­яў­насць штыф­та даў­жы­нёй 23 см.[/caption]

Раскрыць таямніцу

Каб даведацца пра паходжанне штыфта, Грыгз, доктар Рычард Т. Джэксан, хірург-артапед з Прова і доктар Е. Брус Макліф, загадчык аддзялення радыялогіі ў рэгіянальным медыцынскім цэнтры Юты, акуратна прасвідравалі ў косці адтуліну для малюсенькай камеры, каб даследаваць штыфт і ўзяць узоры касцявой тканкі і металу. Група навукоўцаў выявіла сляды старажытнай арганічнай гумы, падобнай да сучаснага клею для касцей, а таксама сляды старажытных тлушчаў і валокнаў тканін, якія (дзякуючы гэтай гуме) усё яшчэ былі трывала зафіксаваныя на месцы. Дадатковыя даследаванні паказалі, што медыцынская працэдура высокага ўзроўню была праведзена ў старажытныя часы, прыблізна 3600 гадоў таму.

Артапедычная працэдура высокага класа

Група даследчыкаў была здзіўленая тым, што штыфт быў спраектаваны па тых жа прынцыпах, якія выкарыстоўваюць у сучасным свеце для фіксацыі касцей. «Мы захапляемся тым, што ў старажытным Егіпце здолелі стварыць штыфт паводле тых біямеханічных прынцыпаў, якія мы ўсё яшчэ выкарыстоўваем сёння, як, напрыклад, пры жорсткай фіксацыі косці, — кажа доктар Рычард Джэксан. — Гэта перасягнула ўсе нашы чаканні».

Прадстаўнікі Універсітэта Брыгама Янга паведамляюць, што ў штыфта «востры крукападобны канец для лепшага ўжыўлення ў сцегнавую косць — дакладна такія ж біямеханічныя метады выкарыстоўваюцца ў нашы дні. Другі канец штыфта, размешчаны ў галёначнай косці, мае тры «зубчыкі», якія прадухіляюць зрушэнне становішча штыфта ў косці».

[caption id="attachment_114514" align="alignnone" width="596"]15-5 Пра­тэз паль­ца, яко­му 3000 га­доў; яго пры­шы­лі пас­ля смер­ці ўла­даль­ні­ка це­ла. Экс­па­нат зна­хо­дзіц­ца ў ка­ір­скім Егі­пец­кім му­зеі.[/caption]

Да ці пасля смерці?

Усіх мучыла адно пытанне, звязанае з гэтым характэрным адкрыццём: аперацыя была праведзена, калі Юзермонту быў жывы, ці пасля яго смерці?

Поўнае даследаванне выявіла, што пласціну ўсё ж уставілі ў перыяд паміж смерцю Юзермонту і яго пахаваннем. Старажытныя егіпцяне верылі ў фізічнае ўваскрэсенне пасля смерці, у якім цела было сродкам перамяшчэння душы ў замагільным свеце. Такім чынам, страхаванне цэласнасці цела мела велізарнае значэнне. Грыгз таксама дадаў, што егіпцяне верылі: для ўваскрэсення цела і духу было важна пераканацца ў тым, што цела было ў добрым стане.

Гэта першы выпадак аперацыі з металічнай пласцінай, але існуюць і іншыя прыклады клопатаў пра цела перад муміфікацыяй: залечванне ран, праца над зубамі, стварэнне пратэзаў. «Неверагодна, што чалавеку, які стварыў штыфт, прыйшла ў галаву менавіта такая думка, — адзначыў Грыгз. — Той, хто зрабіў гэтую працу, мог проста звязаць часткі нагі разам, мяркуючы, што падчас уваскрэсення яны проста зноў зрастуцца».

«Гісторыя паказвае нам, наколькі развітым на самой справе было старажытнае грамадства, — зрабіў выснову Грыгз. — Часам фанабэрыстасць, уласцівая нашай культуры, перашкаджае нам усвядоміць, што людзі іншых культур, якія жылі ў ранейшыя часы, таксама былі здольныя думаць і ствараць самым узрушальным чынам».

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».