Вы тут

Імёны найлепшых футбалістаў краіны назвалі на цырымоніі «Зорны мяч»


На свяце, прымеркаваным да закрыцця футбольнага сезона-2015, сабраліся гульцы, трэнеры, ветэраны футбола і іх адданыя прыхільнікі. Тут гучалі віншаванні, павучанні і нават вершы ў выкананні Эдуарда Малафеева.

[caption id="attachment_114524" align="alignnone" width="600"]15-17 Ігар Стасевіч — лепшы футбаліст Беларусі.[/caption]

Урачыстым прывітаннем адкрыў цырымонію старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Сяргей РУМАС.

— Кажучы футбольнай мовай, наш матч сёння пройдзе на новай арэне, мы ўпершыню сабраліся ва ўтульнай зале пашыранымі складамі нашых камандаў. Я кажу зараз аб прадстаўніках заўзятараў футбольных клубаў, якіх хачу павітаць асобна. Сёння мы праводзім гэты матч без прысутнасці міліцыі, — пажартаваў старшыня, выклікаўшы апладысменты залы.

Таксама ён адзначыў, што сёлетні сезон, як заўсёды, падарыў разнастайную гаму эмоцый. Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе не змянілася тройка лідараў чэмпіянату, сюрпрызаў хапала, у тым ліку і ў турніры першай лігі. Сяргей Румас таксама адзначыў і дасягненні зборнай, падкрэсліў, што нацыянальная каманда выдала добры адрэзак на фінішы кваліфікацыі, абгуляўшы лідара групы і сваіх найбліжэйшых пераследнікаў.

— Радасць перамог і горыч паражэнняў — неад'емная рыса кожнага футбольнага года, але любы матч сканчаецца з канкрэтным вынікам. Вось і сёння па традыцыі мы завяршаем футбольны сезон і вызначаем найлепшых па выніках
2015 года, — завяршыў ён.

Перш, чым перайсці да намінацый, кіраўнікі федэрацыі ўручылі спецыяльныя прызы ветэранам айчыннага футбола. Сярод іх у зале прысутнічалі такія вядомыя ў мінулым спартсмены, як Леанід Гарай, Мікалай Блашко, Эдуард Ціхановіч, Веньямін Арзамасцаў, Міхаіл Цэйцін, Яўген Шунтаў, Юрый Мохаў і іншыя «зоркі» гульні нумар адзін.

Узнагароды ж дзейным футбалістам былі ўручаны ў 15 намінацыях, большасць статуэтак забралі гульцы барысаўскага БАТЭ.

Прыз за найлепшую інтэрнэт-трансляцыю футбольных матчаў, заснаваны ў мінулым годзе, па выніках сёлетнега сезона атрымала каманда футбольнага клуба «Слуцк». У намінацыі «Справядлівая гульня» найлепшым стаў футбольны клуб «Віцебск». Прыз глядацкіх сімпатый прадказальна дастаўся барысаўскаму БАТЭ. У намінацыі «За волю да перамогі» прызам было адзначана «Дынама-Брэст». Найлепшым футбалістам Беларусі па міні-футболе стаў капітан нацыянальнай зборнай Аляксандр Чэрнік. У намінацыі «Найлепшы суддзя» прызам была адзначана брыгада арбітра Віталя Севасцьяніка (яго памочнікі Алег Маслянка і Віталь Малюцін).

[caption id="attachment_114523" align="alignnone" width="600"]15-16 Лепшы футбольны трэнер краіны Аляксандр Ермаковіч.[/caption]

Найлепшым варатаром чэмпіянату Беларусі стаў галкіпер барысаўскага БАТЭ Сяргей Чэрнік.

— Я вельмі рады і ганаруся знаходзіцца на такой падзеі, мне вельмі прыемна, што сярод годных сяброў, калег выбралі менавіта мяне. У майго поспеху ёсць некалькі складнікаў, і адзін з іх — гэта вера нашага клубнага кіраўніцтва і нашых трэнераў у мяне, дзякуй ім за гэта. Футбольны сезон завяршыўся, таму хацелася б усім пажадаць добра адпачыць і з новымі сіламі і стараннасцю штурмаваць алімпы наступнага года, — адзначыў Сяргей.

Найлепшым абаронцам чэмпіянату Беларусі стаў Неманья Мілунавіч, гулец барысаўскага БАТЭ.

— Дзякуй за намінацыю! Яна не толькі мая, але і кожнага гульца БАТЭ, трэнера, кожнага чалавека, які працуе з намі, заўзятара. Магу сказаць, што гэта самы лепшы год у маёй кар'еры, у Мінску я адчуваю сябе вельмі добра, як дома.

Найлепшым паўабаронцам стаў таксама гулец футбольнага клуба БАТЭ Ігар Стасевіч. Акрамя гэтага, Ігар атрымаў званне самага лепшага футбаліста чэмпіянату краіны.

— Вядома ж, хачу падзякаваць за гэтыя намінацыі, за тое, што выбралі мяне. Каб стаць лепшым, трэба гуляць з найлепшымі. Сяргей Чэрнік, Неманья Мілунавіч, якія ўжо атрымалі свае ўзнагароды, гэтаму пацвярджэнне.

Прыз найлепшага нападаючага па выніках сезона ўручыў, без перабольшання, вялікі форвард, заслужаны майстар спорту Савецкага Саюза, заслужаны трэнер БССР Эдуард Малафееў.

— Перш чым уручыць гэтую ўзнагароду пераможцу — Мікалаю Янушу, я абавязаны сказаць: самым важным у футболе з'яўляецца вынік, але не менш значным з'яўляецца колькасць гледачоў на футбольным матчы. Без іх у футбол гуляць цяжка, таму Мікалаю я зычу забіваць галы, а гледачам — любіць футбол, — адзначыў Эдуард Васільевіч.

Акрамя звання найлепшага нападаючага сезона, Мікалай Януш другі год запар атрымаў узнагароду як найлепшы бамбардзір чэмпіянату, і да таго ж — самы карысны гулец. На яго рахунку 23 балы (15 галоў і 8 выніковых перадач).

— Я вельмі задаволены і шчаслівы, што ўсё так атрымалася. Гэты прыз можна падзяліць на некалькі частак, таму што са мной была і каманда, і ўрачы клуба, і трэнеры, і ўсё кіраўніцтва. Гэта таксама і іх прыз. А з нагоды звання магу сказаць, што самым лепшым заўсёды быць прыемна, таму я вельмі ганаруся ім, — адзначыў Мікалай.

Прыз імя Аляксандра Пракапенкі «За футбольны талент і самааддачу ў гульні за Беларусь» атрымаў футбаліст іспанскай «Малагі» Ягор Філіпенка.

Уручэнне ўзнагарод працягнулася вызначэннем найлепшага трэнера Беларусі. Ім стаў Аляксандр Ермаковіч.

— Вельмі прыемна знаходзіцца на гэтай сцэне. Вялікі дзякуй за ўзнагароду, яе я хацеў бы падзяліць са сваімі памочнікамі. Таксама адзначу поўны давер і падтрымку нашага кіраўніцтва. Ну і тут ужо не раз адзначалі барысаўскіх гульцоў: яны перамаглі практычна ва ўсіх намінацыях, ім асобная падзяка, хлопцы правялі выдатны сезон. Найлепшага трэнера робяць самыя лепшыя гульцы, — падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч.

Завяршылася цырымонія ўручэннем самай прэстыжнай узнагароды — «Зорнага мяча» найлепшаму гульцу Беларусі, ім стаў Ігар Стасевіч.

Таксама ў рамках закрыцця сезона былі названы сімвалічныя зборныя «А» і «Б». У каманду «Б» увайшлі Аляксандр Гутар (мінскае «Дынама»), Максім Жаўнерчык (БАТЭ), Павел Рыбак («Шахцёр»), Дзяніс Палякоў (БАТЭ), Аляксандр Шагойка («Белшына»), Ненад Адамавіч (мінскае «Дынама»), Арцём Старгародскі («Шахцёр»), Валерый Жукоўскі («Нафтан»), Сяргей Ражок («Белшына»), Мікалай Сігневіч
(БАТЭ), Раман Васілюк (брэсцкае «Дынама»).

У каманду «А» трапілі Сяргей Чэрнік (БАТЭ), Умару Бангура (мінскае «Дынама»), Неманья Мілунавіч (БАТЭ), Сяргей Паліцевіч (мінскае «Дынама»), Філіп Младзенавіч, Ігар Стасевіч, Неманья Нікаліч (усе — БАТЭ), Мікіта Корзун (мінскае»Дынама»), Міхаіл Гардзяйчук (БАТЭ), Мікалай Януш («Шахцёр»), Фатос Бечырай (мінскае «Дынама»).

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Больш фота можна пабачыць тут:

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».