Вы тут

Што ні дзень — опера


Першы тур ІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, што распачаўся 9 снежня, сабраў больш за дзвесце пяцьдзясят прэтэндэнтаў на перамогу з бліжняга замежжа, а таксама з Канады, Францыі, Мексікі і іншых краін. За Гран-пры ўдзельнікам давядзецца пазмагацца ў тры этапы, апошні з якіх завершыцца якраз да пачатку яшчэ аднаго пераднавагодняга свята — VІ Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, што адкрываецца 16 снежня пастаноўкай «Царская нявеста» па Рымскаму-Корсакаву. Як і ў мінулым годзе, пераможцы опернага конкурсу выступяць на грандыёзным гала-канцэрце, які адбудзецца 20 снежня.

Конкурс вакалістаў, што арганізуе Вялікі тэатр оперы і балета, быў заснаваны толькі ў мінулым годзе, але ўжо кінуў вестку: Мінск прэтэндуе на званне цэнтра па пошуку маладых таленавітых выканаўцаў. На першым конкурсе Гран-пры атрымаў тэнар Раміз Усманаў з Узбекістана, які сёння выконвае вядучы рэпертуар у вялікім тэатры імя Алішэра Наваі ў Ташкенце. Беларуска Марыя Шабуня, якая атрымала тады І прэмію, пасля была ўзнагароджана спецыяльным прызам журы ў конкурсе оперных спевакоў у Францыі і ўжо дэбютавала ў оперы «Рыгалета» Джузэпэ Вердзі ў Вялікім тэатры Беларусі. Іншыя пераможцы — сапрана Валянціна Федзянёва з Украіны і барытон Лаша Сесіташвілі з Грузіі, якія атрымалі ІІ і ІІІ прэміі, — таксама не спыніліся на дасягнутым і працягнулі скараць міжнародныя сцэны. Разам са знаёмствамі, якімі конкурс вакалістаў можа забяспечыць удзельнікаў, ён прадугледжвае і грашовы прызавы фонд. З Гран-пры вакаліст атрымлівае дзесяць тысяч долараў, уладальнікі І, ІІ і ІІІ прэміі атрымліваюць восем, шэсць, чатыры тысячы адпаведна. Сёлета ўдзельнікаў ацэньвае міжнароднае прафесійнае журы, у складзе якога генеральны дырэктар опернага тэатра Рэна ў Парыжы Ален Сюранс, прэзідэнт і мастацкі кіраўнік музычнага фестывалю «Лірычныя ночы ў Мармандзе» ў Францыі Філіп Местр, Нікалас Пэйн з Бруселя, які з'яўляецца дырэктарам асацыяцыі «Опера Еўропа», што аб'ядноўвае больш за 150 тэатраў па ўсім свеце, і іншыя — увогуле чатырнаццаць чалавек. А ўзначальвае журы генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка. На ІІ Калядным конкурсе вакалістаў пакуль што завяршыўся толькі першы этап, другі адбудзецца на галоўнай сцэне Вялікага тэатра ўжо заўтра. Нарэшце, фінал конкурсу прыпадае на 15 снежня, калі імёны пераможцаў і будуць агучаны. Тады мерапрыемствы на сцэне Вялікага тэатра працягнуцца пастаноўкамі і канцэртамі Каляднага опернага форуму.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».