Вы тут

Прысутнасць невідавочнага


Дух забітага мужа збірае кампанію.

Людзі як людзі. Кахаюць, жэняцца, церпяць, сварацца, мірацца і сумуюць адно па адным. Сумуюць нават тады, калі, здаецца, усё ўжо скончылася. Нават жыццё... А каханне — усё ніяк. Яно прымушае душу вяртацца з небыцця, каб быць там, дзе любімыя людзі. І яны гэта адчуваюць. Ці, можа, надта раскайваюцца ў тым, што загубілі жывую душу?

12-18

Аўтар п'есы «Любоў людзей» Дзмітрый Багаслаўскі адметны тым, што ўмее яднасць зямную прастору з нябачнай. У спектаклі паводле п'есы «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў» сын у яго кантактуе з душой памерлага бацькі (не проста так гэта адбываецца). І тут таксама. Спектакль «Любоў людзей» з'явіўся ў афішы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка Аляксандра Гарцуева. Дарэчы, першая пастаноўка п'ес папулярнага ў Расіі і іншых краінах сучаснага беларускага аўтара Багаслаўскага адбылася менавіта ў гэтым тэатры. Але такі лёс у яго твораў: на айчынныя падмосткі яны прыходзяць пасля своеасаблівай «праверкі» ў замежных тэатрах. Магчыма, таму што, калі чытаеш п'есу, яна здаецца нейкай радыкальнай — і ў плане таго, як існуюць героі, і ў плане таго, як яны размаўляюць. Такі матэрыял патрабуе ў нейкім сэнсе тлумачэння: што гэта і чаму. Так і адбылося: п'есу і пастаноўкі паводле Багаслаўскага ў суседняй Расіі назвалі тэатральнай падзеяй, шмат пісалі. І вось яна ўвасоблена ў нас. Але з айчынным падыходам. І моўным. І стылёвым.

Аляксандр Гарцуеў прапанаваў сваё адчуванне п'сы «Любоў людзей». Вы ідзяце глядзець сучасны спектакль, а трапляеце... у 70-я гады мінулага стагоддзя. Вы гэты час пазнаяце адразу па вопратцы артыстаў: сукенкі, штаны, кашулі, пінжакі — усё з тых часоў. Прычым нават аўтэнтычнае: у шафах нашых людзей захоўваюцца такія рэчы з гісторыяй, тэатр іх шукаў і збіраў адмыслова. А калі ўключаецца музыка — усё становіцца на свае месцы: песні «Бітлз» і савецкіх ВІА на танцах у вёсцы. Але што дае такая вандроўка ў часе? Таму што калі п'еса пра каханне і любоў чалавечыя, то яны ж абсалютна па-за часам. Я для сябе знайшла некалькі тлумачэнняў гэтаму падыходу. Найперш яны ў самім сюжэце. Ён можа шакаваць людзей з вельмі крохкай нервовай сістэмай і выклікаць нават абурэнне: ну, дзе гэта ў нас, у добрай і адкрытай краіне, такое бывае? Хіба што там, у тых часах...

Галоўная гераіня Люська, простая вясковая кабета, забівае свайго мужа. Коля яе, можа, і кахаў. Але піў, біў, зневажаў. Адна пакута з такім мужам. І вось цяпер, калі Колі няма, яна нібыта зажыла, ачуняла, зноў кахаць захацела. А тут вясковы міліцыянер Сяргей. Даўно яе кахае. Яго справа — расследаваць знікненне Колі, бо цела ж ніхто не бачыў, дык, можа, той недзе жывы. Сяргей імкнецца быць нейтральным і сумленным, калі задае Люсьцы пытанні. Яе шчырае прызнанне бянтэжыць міліцыянера. Люська забіла Колю і скарміла яго труп свінням. Што б вы зрабілі на месцы міліцыянера?.. А ён ажэніцца з ёю, з той жанчынай, пра якую марыў столькі гадоў і толькі пазіраў збоку, як складваецца яе жыццё з іншым, як нараджаюцца дзеці, як яна, бедная, цягне сям'ю. Яны ажэнняцца, каб стаць шчаслівымі ў сваім каханні. І ў чалавечай любові, таму што такую тайну можна «пацягнуць» толькі з ёй.

Некалькі відаў любові адразу жыве ў гэтай п'есе: паміж мужчынам і жанчынай, мацярынская любоў, любоў (і каханне) паміж рознымі людзьмі, якія існуюць у адной вёсцы — у іх там складаныя адносіны. У некага шашні з прадаўшчыцай, пара сужэнцаў то любіцца, то сварыцца, пра дзяцей марыць, але і гэтыя мары могуць раз'ядноўваць, таму што часам любоў патрэбная дзеля сябе самой.

Розныя людзі круцяцца (танчаць) у адной маленькай вёсцы, дзе ўсё навідавоку. Шмат людзей. Але тры галоўныя персанажы існуюць у сваім мікрасвеце, і нікога для іх няма. Не важна, якую музыку слухаюць аднавяскоўцы. Не важна, з якой прадмовай выступае па тэлевізары («яшчыку») Брэжнеў. Не важна нічога, акрамя таго, як ім суіснаваць: двум жывым і аднаму прывіду, які ніяк не можа знайсці спакой і прыходзіць туды, дзе яго дзеці і каханая. А яна яго адчувае нават больш, чым жывога, клапатлівага, каханага мужа. Справа ў тым, што ў п'есах Багаслаўскага, калі прывіды з'яўляюцца, то зусім не проста так. Вясковая драма ператвараецца ў чалавечую трагедыю. Не, ну цяпер жа так быць не можа, праўда?..

Але нешта ўнутры свярбіць: мяняюцца часы, а людзі ўвесь час жывуць падобнымі пачуццямі, паддаюцца страсцям. Аднолькава хочуць выбрацца з зімы ў цяпло, як гэтага хоча Сяргей. Выхад абірае дзіўны. Можа, у іншым вымярэнні не будзе так пякуча? Але з таго вымярэння няма выхаду — нават дзіркі ў дошках на сцэне заканапачваюць, прастора замыкаецца. Сцэна ў дошках (мастак Юрый Саламонаў) — гэта, з аднаго боку, стылізацыя пад вясковы антураж, а з другога — прастора нібыта і закрытая, але з прасветамі, праз якія праглядаюць чужыя сакрэты, бачны нейкія рухі, але іх можна закрыць.

Складаная сітуацыя як бы абазначана спрошчанай дэкарацыяй. Гукі і прадмовы, якія ўплятаюцца ў гэтае асяроддзе, падкрэсліваюць штучнасць жыцця і правільных слоў, што гучалі з экрана, але ж усе разумелі: у рэальнасці ўсё не так. У рэальнасці магло быць і дзікунства. Багаслаўскі пісаў усё ж пра наш час. І яго хвалявала тое, што можа адбывацца з людзьмі, праз што яны губляюць сябе, могуць з'язджаць з глузду, чаму вырашаюцца на крайнія крокі пры тым, што ўсё нібыта ў поўным парадку і трэба гэтаму добраму радавацца. «Добрае» можа быць фальшывым. Як у асобна ўзятай сям'і, так і ў сям'і аднавяскоўцаў ці ў агульнай сям'і народаў... Могуць быць варыянты. Але фальш прарастае і робіць сваю справу — што з народамі, што з асобнымі людзьмі.

Ад зямнога фальшу (які стварылі самі) хочацца бегчы. Туды, дзе ўжо не трэба хлусіць.  Героі застаюцца разам з тымі, каго кахалі ўсё жыццё. І працягваюць гэта рабіць. Таму што каханне — адно на ўсё жыццё. Вечнае...

Гэтую гісторыю, можа быць, будуць пераказваць адзін аднаму людзі ў вёсцы, а можа і забудуць. Не важна. Тыя, хто страціў родных і любімых, будуць адчуваць тых, каго няма. І гэта вечнае.

Засталося памыць падлогу. Жыць жа трэба далей.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».