Вы тут

Наколькі «Ісламская дзяржава» —ісламская?


Сёння групоўка «Ісламская дзяржава Ірака і Ляванта», якая ў Расіі афіцыйна прызнана тэрарыстычнай, часта асацыюецца менавіта з мусульманамі і іх веравызнаннем. Але наколькі такое ўспрыманне слушнае? Зараз замежныя СМІ і кіраўнікі краін (напрыклад, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд) выкарыстоўваюць не агульнапрынятую абрэвіятуру «ІДІЛ», а яе арабскі адпаведнік «ДАІШ» — «Даўлат Ісламі Ірак ва-Шам». Такой жа пазіцыі ў апошнія тыдні сталі паступова прытрымлівацца і некаторыя СМІ нашай усходняй суседкі. Да выкарыстання аналага заклікае і кіраўнік Савета муфтыяў Расіі шэйх Равіль Гайнутдзін. Бо для членаў групоўкі такая назва абразлівая. Яна сугучная з арабскімі словамі «daes» («той, які тупае/ душыць нагамі») і «dahes» («той, хто сее разлад/разбурэнне»). У размове з Рустамам ХАСЯНЕВІЧАМ, усходазнаўцам, дырэктарам Беларускага цэнтра стандартызацыі і сертыфікацыі «Халяль», пра тое, наколькі ідэі групоўкі адпавядаюць каштоўнасцям ісламу, мы выкарыстоўвалі менавіта яе.

9-39

— На вашу думку, наколькі ДАІШ небяспечная для Беларусі?

— Прамой пагрозы ў гэтым плане для краіны няма. У Беларусі адсутнічае тэндэнцыя развіцця ідэалогіі групоўкі. Таму што мусульман пражывае не так шмат (некалькі дзясяткаў тысяч), і ў муфтыята атрымліваецца аб'ядноўваць усіх вернікаў пад агульным дахам мячэці.

— А чаму ў астатніх краінах, асабліва ў Еўропе, ДАІШ мае столькі прыхільнікаў?

— ДАІШ развіваецца з-за таго, што людзі не маюць належнай рэлігійнай адукацыі. Групоўка займаецца прапагандай радыкальнага ісламу і не тлумачыць сутнасць рэлігіі цалкам, а толькі тыя факты, якія ім на руку. Бяруць цытату з Карана і трактуюць, як лічаць патрэбным. Таму ў рады групоўкі трапляюць тыя, хто не ведае і не разумее ісламу. А іх сёння ў свеце нямала.

— Наколькі я ведаю, гэта ўвогуле далёкая ад ідэалаў ісламу арганізацыя.

— Безумоўна. Яны парушаюць асноўныя прынцыпы нашай веры. Само слова «іслам» паходзіць ад слова «салам» — гэта значыць мір. Падкрэслю: гэта рэлігія, якая павінна несці ў сабе мір. І слова мусульманін ад арабскага слова «асляма» — увераваўшы ў адзінага Бога.

Мэта ісламу, ды, напэўна, і астатніх рэлігій, — акрэсліць людзям мяжу паміж дабром і злом. Сёння яна вельмі тонкая. Яе лёгка пераступаюць, займаюцца самаапраўданнем. Па логіцы людзей, яны робяць штосьці добрае, але насамрэч гэта шкодзіць іх асяроддзю і грамадству ў цэлым.

У свой час я вывучаў нашу рэлігію вельмі шырока, прачытаў усе даступныя кнігі, і адукацыя ў мяне адпаведная. За гады вывучэння не адшукаў у ёй ніякай агрэсіі, прыхаванай варожасці як з мусульманамі, так і з іншымі вернікамі. Прарок Мухамед жыў у міры і спакоі разам з іўдзеямі, хрысціянамі, няверуючымі. Ён паказаў нам прыклад таго, што не толькі можна, але і неабходна несці мір не толькі мусульманам, а таксама і тым, хто вызнае іншыя веры і нават і тым, хто ў Бога не верыць. Як казаў Прарок, «ад мусульманіна не павінна быць шкоды: ні ад яго рукі, ні ад яго языка». А ДАІШ парушыў усе гэтыя прынцыпы: яны ваююць, забіваюць безабаронных людзей, нават мусульман, што з'яўляецца адным з самых вялікіх грахоў.

— Можаце правесці гістарычную паралель з ДАІШ?

— Такая ж сітуацыя ў свой час была на Паўночным Каўказе. Калі расійскі ўрад разабраўся, чым адрозніваюцца мусульмане ад тэрарыстаў, тады змог сілавым спосабам супакоіць вайну, і цяпер Расія кантралюе Паўночны Каўказ. Расіяне паказалі, што паважаюць мусульман, іх рэлігію і традыцыі, яны сочаць за адукацыяй, ідэалогіяй, якая там сеецца. Тым самым змаглі пазбавіцца ад экстрэмістаў, якія прапагандавалі радыкалізм. Таму адказнасць шмат у чым кладзецца на плечы дзяржавы: яна мусіць сачыць за тым, хто і як навучае ісламу, якія прапаведнікі прыязджаюць на яе зямлю.

— А былі выпадкі, калі ў Беларусь прыязджалі такога кшталту «прапаведнікі»?

— Так, былі. Яны спрабавалі тут застацца і дзейнічаць. Але мусульманская супольнасць іх выцесніла. Мы паказалі, што маем сваю сістэму навучання ісламу для ўсіх ахвотных. Так бы мовіць, адсеклі ўсе іх спробы на пачатку.

Таксама важна, што мы маем паразуменне з беларускімі дзяржаўнымі органамі. Яны супрацоўнічаюць з муфтыятам і бачаць, што мусульманская супольнасць вызнае традыцыйны іслам — мірную рэлігію. Мусульмане ў Беларусі жывуць ужо 600 гадоў (іслам прынеслі ў свой час татары). Ні разу за гэты час у нас не было сутыкненняў на рэлігійнай глебе. Спадзяюся, што тое адмоўнае, што адбываецца ў свеце, так і не дакранецца Беларусі.

— Што ўвогуле можа прывабіць людзей у ДАІШ?

— У яе ўступаюць не надта паспяховыя асобы. Як паказваюць навуковыя даследаванні, у групоўку ідуць тыя, хто не рэалізаваўся ў сябе дома. Калі мусульманін пісьменны, любіць вучыцца, працаваць, ён добра прыстасуецца жыць і ў немусульманскай краіне. Тых, хто не адшукаў сабе месца на радзіме ці ў іншай краіне, ДАІШ прываблівае лозунгамі: «Прыходзьце сюды, мы ствараем новую дзяржаву, і вы будзеце каля яе вытокаў». З'яўляецца ілюзія, што людзі паедуць на заваяваныя тэрыторыі, зоймуць нішу ў наваствораным грамадстве. Здаецца, што грамадства, у якім цяперашнія ДАІШаўцы былі раней, іх не прымала, але насамрэч наадварот, — яны не прымалі яго. Развязаць вайну нескладана. Цяжка яе скончыць. Як правіла, прыхільнікі ДАІШ здольныя бурыць і знішчаць, а не будаваць.

— ДАІШ не першая ў гісторыі тэрарыстычная групоўка. Часцей за ўсё такія аб'яднанні хутка з'яўляюцца і хутка знікаюць. Як вы лічыце, што можа звесці ДАІШ на нішто?

— Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба зазірнуць у гісторыю. Захад у XІX-XX стагоддзях трымаў мусульманскі свет пад калоніямі. Вялася жорсткая вайна супраць тых, хто вызнаваў іслам. Зараз інтэрнэт поўніцца жудаснымі здымкамі той эпохі. Для француза было гонарам адсячы мусульманіну галаву і сфатаграфавацца з ёй. Мы шмат чаго не ведаем пра той час. Пра тое, што вайна ў Іраку вынішчыла значна больш людзей, чым мы думаем, у тым ліку і ні ў чым не павіннага мірнага насельніцтва. У Лівіі ў часы, калі Італія каланізавала яе, было забіта надзвычай шмат ісламскіх вернікаў. Гэта крыўда, злосць, агрэсія збіралася ў мусульманскім свеце. І калі ДАІШ займаецца прапагандай, яна кажа: зірніце, што Захад робіць з мусульманамі. Нам трэба стаць моцнымі і адпомсціць ім. Таму палітыка каланізацыі сыграла важную ролю ў фарміраванні сучасных тэрарыстычных груповак.

Трэба разумець, што тыя, хто быў на вайне, страціў там сваіх блізкіх, пабачыў смерць уласных дзяцей, сталі яе «дзецьмі». У іх наступае псіхалагічны пералом, калі нават не хочацца жыць, а толькі застаецца адно жаданне — адпомсціць злачынцу-Захаду. Такія людзі выступаюць перш за ўсё супраць палітыкі, якую той праводзіў.

Выйсце тут адно — змяніць сваё стаўленне да ісламу, пачаць яго паважаць. Гэта значыць, паважліва ставіцца і да яго вернікаў. Бо для мусульман вера адыгрывае адну з галоўных роляў у жыцці, яна — аснова традыцый, культуры нашых народаў. Калі не будзе прыгнёту, не будзе і групоўкі, якая базуецца на крыўдзе за гвалт. Бо можна бясконца фізічна знішчаць самых агрэсіўных ДАІШаўцаў, але трэба разумець, што крыўда ў сэрцах людзей ад гэтага не зменшыцца.

Пра тое, наколькі тэрарыстычныя арганізацыі можна параўнаць з сектамі, у сваім артыкуле «Сектанцтва і тэрарызм» разважае Уладзімір МАРЦІНОВІЧ, беларускі сектазнаўца, загадчык кафедры апалагетыкі Мінскай духоўнай акадэміі (Беларуская Праваслаўная Царква), кіраўнік Інфармацыйна-кансультатыўнага місіянерскага цэнтра імя прападобнага Іосіфа, ігумена Волацкага. Ён прыводзіць даследаванне амерыканскага навукоўца Энтані Стахельскі, які вылучае пяць этапаў сацыяльна-псіхалагічнага ўздзеяння на чалавека, якое выкарыстоўваецца і ў сектах і культах, і пры падрыхтоўцы тэрарыстаў, у тым ліку тэрарыстаў-смяротнікаў:

— Спачатку на чалавека ўздзейнічаюць такім чынам, што страчваюцца ўсе яго мінулыя знешнія ідэнтычнасці. Ён ізалюецца ад свету ў лагеры — замкнёным соцыуме. З гэтага часу «ўвесь комплекс уяўленняў аб самім сабе звязваецца толькі з прыналежнасцю да новай групы».

Затым знішчаецца ідэнтычнасць самога чалавека. Разбураюцца мінулыя светапогляд, звычкі, каштоўнасці. Усе яны цяпер сугучныя з групавымі.

Трэці этап — фарміраванне думкі аб тых, хто да групы не належыць. Яны зліваюцца ў адзіную варожую масу. Адбываецца звужэнне знешняга свету да катэгорый «не мы», «іншыя». Адначасова павялічваецца агрэсія ў дачыненні да навакольнага свету, і псіхалагічны бар'ер, што іншага чалавека забіць нельга, паступова сціраецца.

Далей чацвёрты этап — усе, хто не належыць да групы, пачынаюць асацыявацца з нечалавечымі рысамі і істотамі: вірусамі, пацукамі, прусакамі. Якраз гэта і адрознівае тэрарыстычную групоўку ад сектаў і культаў. Апошнія ў большасці выпадкаў не дэгуманізуюць прадстаўнікоў знешняга свету.

Пяты, апошні этап — ідэнтыфікацыя членаў знешняга свету з абсалютным злом. Забойства іншавернага ці прадстаўніка «не сваіх» уяўляецца ганаровай місіяй, узнагароджваецца павагай з боку членаў сваёй групы. Гэта прадухіляе з'яўленне пасля здзяйснення забойства згрызот сумлення і шкадаванняў аб зробленым.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фо­та з сай­та tut.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.