Вы тут

У банк, як на працу?


Цяпер доля актыўных карыстальнікаў банкаўскіх паслуг павялічылася да 44%, аднак і сёння каля мільёна беларусаў фінансавымі прадуктамі ўвогуле не цікавяцца.

Пра гэта на прэзентацыі вынікаў даследавання аб даступнасці фінансаў для нашых грамадзян паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц. І вынікі аказаліся станоўчымі. Так, агульны індэкс фінансавай даступнасці для грамадзян Беларусі ў 2015 годзе склаў 90,3% пры тым, што летась гэты паказчык быў роўны 85,8%.

8-26

Карыстальнікі актывізуюцца

Спецыяліст адзначыў, што доля суайчыннікаў, якія наогул не выкарыстоўваюць фінансавых паслуг, за апошнія тры гады скарацілася. Нагадаю, што даследаванне па ацэнцы і аналізу доступу насельніцтва да фінансаў праводзіцца ў Беларусі другі раз (першае было ў 2012 годзе). Намеснік кіраўніка Нацбанка адзначыў, што, паводле вынікаў апытання, наогул не выкарыстоўваюць фінансавых паслуг 9,7% грамадзян, тады як у 2012-м гэты паказчык складаў 14,2%. Акрамя таго, сёлета істотна скарацілася колькасць карыстальнікаў базавага ўзроўню (з 38,6% у 2012-м да 22,6%), якія выкарыстоўваюць адну-дзве фінансавыя паслугі, што часта носяць абавязковы характар. Адначасова з гэтым павялічыліся долі актыўных і «прасунутых» карыстальнікаў, агульны аб'ём якіх склаў больш за 60% (43,8% і 19,5% адпаведна).

Рахункі — плюс, іпатэка — мінус

Як сведчаць звесткі апошняга апытання, найбольш распаўсюджанымі сярод насельніцтва фінансавымі паслугамі з'яўляюцца бягучы банкаўскі рахунак і дэбетавая картка. Цяпер імі карыстаецца звыш 85% грамадзян (50% падчас мінулага даследавання). У групу найбольш запатрабаваных паслуг увайшлі таксама інтэрнэт-банкінг і страхаванне аўтатранспартных сродкаў.

Выканаўцы даследавання адзначаюць, што больш за ўсё жыхары краіны ахоплены разлікова-касавымі паслугамі — 85% (у 2012-м — 69,5%). Далей ідуць паслугі страхавання — 55%, амаль на тым жа ўзроўні, што і тры гады таму. Людзі страхуюць не толькі аўто, але і іншую ўласнасць. На трэцім месцы — крэдытныя паслугі. У 2012-м імі карысталася 18% насельніцтва, а цяпер 24,6%. Сярод паслуг крэдытавання лідзіруюць крэдыты на спажывецкія патрэбы (54,1%). Другі па папулярнасці — крэдыт на рамонт жылога памяшкання.

«Найменш папулярныя ў беларусаў акцыі, крэдыты на набыццё аўтатранспартных сродкаў, пазыкі крэдытных кааператываў, крэдыты на адукацыю і на сельскагаспадарчыя патрэбы, дэпазітныя сертыфікаты і іпатэка — гэтымі паслугамі карыстаюцца менш за 5% апытаных», — расшыфроўвае табліцы даследавання загадчыца сектара методыкі і практыкі прыкладных сацыялагічных даследаванняў Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Святлана Кройтар.

Уклады, а не акцыі

Апытанне паказала, што беларусы дастаткова актыўна і зберагаюць свае сродкі. Для гэтага наша насельніцтва часцей за ўсё карыстаецца ашчаднымі рахункамі (66,1%) і тэрміновымі дэпазітамі (25,1%). Акцыі і іншыя інструменты зберажэння і інвеставання ў жыхароў краіны не ў пашане.

Багаты, жанаты і з вышэйшай адукацыяй

Эксперты Інстытута сацыялогіі па выніках даследавання «намалявалі» і прыкладны партрэт ідэальнага карыстальніка фінансавымі паслугамі.

Па-першае, гэта мужчына. Менавіта яны, як правіла, карыстаюцца вялікай колькасцю фінпаслуг. Гэта, хутчэй за ўсё, звязана з тым, што мужчыны часцей за ўсё і прымаюць фінансавыя рашэнні ў сям'і. А яшчэ ён жанаты, з добрай адукацыяй, старэйшы за 25 гадоў, са стабільнай працай і высокім сацыяльным становішчам. Менавіта чалавек з сур'ёзнымі даходамі і вялікай сям'ёй павінен добра разбірацца ў фінансавых прадуктах і сучасных банкаўскіх паслугах, інакш яму прыйдзецца хадзіць у банк, як на працу.

Як адзначыла Святлана Кройтар, фінансавая актыўнасць насельніцтва сур'ёзна залежыць ад сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык рэспандэнтаў. У прыватнасці, даволі маладыя (да 25 гадоў) і старшыя (66 гадоў і больш за) узроставыя групы, з нізкім узроўнем адукацыі, невысокім сацыяльным становішчам, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і не маюць пастаяннага месца працы і стабільнага даходу, вызначаюцца прыкметна больш нізкім узроўнем выкарыстання фінансавых паслуг ад прадстаўнікоў астатніх груп насельніцтва.

Зазірнуць за гарызонт

«Дынаміка з пункту гледжання фінансавай даступнасці ў нас станоўчая — расце ўцягнутасць грамадзян у выкарыстанне фінансавых паслуг», — адзначыў намеснік кіраўніка Нацбанка. Ён дадаў, што фарміраванне стабільнага і моцнага фінансавага рынку — адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці рэгулятара. «У сувязі з гэтым даступнасць фінансавых паслуг для ўсіх суб'ектаў эканамічных адносін з'яўляецца найважнейшай тэмай, якую мы рэалізуем сумесна з Альянсам за фінансавую даступнасць», — паведаміў Сяргей Калечыц.

Прадстаўнік рэгулятара звярнуў увагу, што адпаведныя даследаванні маюць сур'ёзнае практычнае значэнне для далейшых дзеянняў пры правядзенні грашова-крэдытнай палітыкі краіны. «Вынікі даследаванняў будуць выкарыстоўвацца Нацбанкам у сваёй дзейнасці па развіцці фінансавага рынку, паляпшэнні доступу да фінансаў і павышэнні фінансавай асветы насельніцтва», — падкрэсліў ён.

Даведка «Звязды»

Другое даследаванне, названае «Ацэнка і аналіз доступу насельніцтва да фінансаў у Рэспубліцы Беларусь», праводзілі спецыялісты дзяржаўнай установы «Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Было апытана насельніцтва краіны ва ўзросце ад 18 гадоў. Агульны аб'ём выбаркі склаў 2500 рэспандэнтаў з усіх абласцей краіны.

Такія даследаванні робяцца ў межах сумеснага праекта Нацыянальнага банка Беларусі і Альянса за фінансавую даступнасць.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.