Вы тут

На мове арго


Калі брыдкаслоўе становіцца крыкам душы.

Гэты дзед на мыліцах — сапраўдная візітоўка нашай невялікай па сталічных мерках вуліцы. Ён стаіць то з аднаго, то з другога боку па дарозе на прыпынак транспарту. Амаль штодня, у любое надвор'е, у любую пару года. Пад халодным восеньскім ветрам хутаецца ў свой кажушок, раз-пораз падскокваючы на адзінай назе, як замёрзлы верабей. Улетку выцягваецца на сваіх мыліцах, падстаўляючы твар сонцу, задаволена жмурыцца і нешта буркоча.

Шкада яго, вядома, але тып ён насамрэч вельмі непрыемны — ці не кожнага, хто ідзе міма, аблае, а калі паспрабуеш крыху суцішыць крок, — яшчэ і пашле самі ведаеце куды. Здаецца, толькі дзеля гэтага ён на вуліцу і выбіраецца, бо міласціну не просіць, а вось выказаць прэтэнзіі, якія ў яго назапасіліся да двухногай часткі чалавецтва, — гэта заўжды калі ласка.

Я, калі бачу на гарызонце знаёмую постаць, уся неяк унутрана натапырваюся і стараюся хуценька прабегчы міма, каб не трапіць з'едліваму дзеду на язык. Большасць суседзяў па вуліцы, у чым пераканалася за некалькі гадоў, якія ён у нас «дзяжурыць», робяць тое самае. І хто нас за гэта асудзіць?

Вось і гэтым разам — іду, насцярожана ўзіраюся ў ранішнія прыцемкі. Стаіць (прынесла ж яго ў такую непагадзь!), нервова ляпае па кішэнях. Ну, думаю, папала, сапсаваны на паўдня настрой гарантаваны. Пашанцавала той невысокай жанчынцы, што паперадзе ідзе: яна праскочыць без праблем, бо наш «добразычлівец» ужо ў мой бок развярнуўся і нават цыгарэту недакураную выплюнуў — каб красамоўней мне ўдачы і добрага шляху пажадаць.

І раптам тая жанчынка спынілася ля дзеда, спакойна да яго падышла, нешта сказала. Пасля — я вачам сваім не паверыла — ласкава ўзяла яго за руку, абняла, паклаўшы яго галаву сабе на плячо, пагладзіла па спіне, бы супакойваючы малое дзіця. Гледзячы ў вочы, сказала яшчэ колькі слоў, прыветна ўзмахнула рукой і заспяшалася на прыпынак. А злосны дзед стаяў збянтэжаны, расчулены, дрыжачымі рукамі спрабуючы дастаць з пачка новую цыгарэту і выціраючы слёзы, што проста ліліся з яго вачэй.

Зрэшты, стаяць і дзівіцца на гэткую метамарфозу не было калі. Мне проста неабходна было дагнаць тую жанчыну, якую бачыла толькі са спіны. Трэба было зазірнуць ёй у твар, пераканацца, што яна не ціхая гарадская вар'ятка, не «блажэнная» (бо хто ж нармальны так бы змог?)...

Дагнала, пераканалася. Дзесьці мая равесніца. Дагледжаны твар з добрым макіяжам. Сур'ёзны, крыху заклапочаны. У вачах — нават ні намёку на вар'яцінку... «Выбачайце, а што вы таму чалавеку на мыліцах сказалі?» — адважылася ўсё ж спытаць, калі за намі бразнулі дзверы тралейбуса. «А, гэтаму старому? Нічога такога. Ён проста некалькі разоў на мяне столькі брыдкаслоўя выплюхнуў. Я першы раз нават заплакала. А пасля падумала: а з ім хто-небудзь спрабаваў проста пагаварыць па-чалавечы? Не сварачыся, не з найгранай шкадобай, а проста як са звычайным чалавекам, у якога душа збалела. Яму, можа, за дзень і пагаварыць няма з кім, ніхто і слова (не тое што добрага — зусім ніякага) яму не скажа. Вось я і паспрабавала. Але ці ж адзін ён такі?..»

Здаецца, гэтая дзівачка (а ў вачах большасці яна ўсё роўна будзе дзівачкай) сваімі простымі словамі патлумачыла адну вельмі надзённую праблему. Вы заўважылі, колькі апошнім часам стала брыдкаслоўя на вуліцах, у грамадскіх месцах? Лаюцца ўсе — свінарка і пастух, студэнты і інтэлігенты, лэдзі і джэнтльмены. У раёне нашага Дома прэсы, дзе некалькі буйных ВНУ, над натоўпам разумных, маладых, прыгожых людзей, якія ідуць з заняткаў, проста лунае рэха суцэльнага мату. У аддзеле жаночага адзення ў буйным магазіне гламурная паненка, прымераўшы дарагую сукенку, пытаецца ў сяброўкі: «Ну як?», і тая, не маргнуўшы вокам, гучна выдае «найвышэйшую ступень захаплення» з такой лексікай, што на яе азіраецца палова крамы. І падобных прыкладаў — па два на метр квадратны.

Гаварыць пра тое, што цяпер такая мода, ці ківаць на недахоп адукаванасці тут неяк не выпадае. Хутчэй прычына ў іншым. Брыдкасловіць сёння трэба, каб быць пачутым і заўважаным. І сваёй суполкай, і навакольнымі. Бо інакш так і будуць сядзець, уткнуўшыся носам у гаджэты, і нікому не будзе да цябе ніякай справы. Ні на вучобе, ні дома, ні ў транспарце. А вось загнеш «трохпавярховым», а яшчэ калі з «падвыпадвертам» — некалькі пар вачэй абавязкова на табе спыніцца. І будзе ілюзія, хоць на некалькі імгненняў, што камусьці не ўсё роўна, што камусьці да цябе ёсць справа. Нам усім — і няшчаснаму інваліду без нагі, і паспяховаму бізнесмену — гэтае веданне (ці ілюзія) вельмі патрэбнае. Проста як пацверджанне нашага існавання на гэтай зямлі...

А дзед наш не прапаў нікуды. Гэтаксама стаіць на ўсіх вятрах, натхнёна аблайвае ўсіх, хто ідзе міма. Людзі гэтаксама стараюцца абыходзіць яго бокам. А я яго ўжо не баюся — іду прама, хаду не прыспешваю. Спакойна слухаю мімаходзь, што ён пра мяне думае. Бо ведаю: варта спыніцца, прыветліва загаварыць пра надвор'е, пра тое, што хутка свята, што яму не варта тут доўга стаяць, бо прастыне, — і ад яго злосці і з'едлівасці і следу не застанецца.

Я абавязкова так зраблю. Заўтра. Або паслязаўтра. Калі-небудзь, калі будзе час. Але ж гэтыя тралейбусы — цэлая бяда: кожную хвіліну на іх можаш спазніцца...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».