Вы тут

Тэракты і іх наступствы


Выбух пасажырскага самалёта з Расіі над Сінайскім паўвостравам і серыя тэрактаў у Парыжы не маглі не стаць трывожным сігналам для сусветнай супольнасці аб росце патэнцыялу тэрарызму. Не будзем таксама забывацца, што на працягу апошніх тыдняў адбыліся сур'ёзныя тэракты ў Ліване, Егіпце, Турцыі і Іраку, якія не прыцягнулі вялікай увагі сусветнай прэсы толькі таму, што да тэрактаў у гэтых краінах усе ўжо прывыклі. Якія геапалітычныя наступствы можа мець гэтая разбуральная серыя тэрарыстычных нападаў?

Найперш для многіх палітыкаў, асабліва заходніх, стане больш відавочнай неабходнасць згуртавання ўсіх краін свету ў барацьбе з агульнай тэрарыстычнай пагрозай. На жаль, у апошнія гады назіралася лінія падзелу паміж заходнімі спецслужбамі і іх калегамі з незаходніх дзяржаў у барацьбе з тэрарызмам. Нягледзячы на тое, што ад тэрарыстычных нападаў пакутуюць усе, заходнія спецслужбы вялі ўласную вайну з тэрарызмам, пазбягаючы цеснага супрацоўніцтва з незаходнімі калегамі. Зразумелы і прычыны такой палітыкі — недавер да прафесіяналізму калег з менш развітых краін, боязь уцечкі інфармацыі да тэрарыстаў, нежаданне дзяліцца крыніцамі і метадамі працы. Відавочны і наступствы — у такой сітуацыі тэрарыстам лягчэй ажыццяўляць сваю разбуральную дзейнасць. Хочацца верыць, што частыя тэрарыстычныя атакі прымусяць заходніх палітыкаў наладзіць цесную кааперацыю ў барацьбе ўсіх спецслужбаў свету з гэтай пагрозай.

Не спрыяюць барацьбе з тэрарызмам і геапалітычныя канфлікты. Найбольш яскравым прыкладам з'яўляецца, па сутнасці, новая халодная вайна ў Еўропе паміж заходнім лагерам і Расіяй з усімі атрыбутамі ранейшай халоднай вайны Захаду з СССР. Ёсць надзея, хоць і невялікая, што агульныя пагрозы, прадэманстраваныя тэрактамі супраць грамадзян Еўрасаюза і Расіі ў апошнія тыдні, дапамогуць хоць трохі аслабіць крызіс у адносінах і перайсці да пошуку магчымасцяў супрацоўніцтва, а не канфрантацыі. Тым больш што без магчымасцяў спецслужбаў Расіі барацьба Захаду з тэрарызмам будзе далёка не такой эфектыўнай.

Хваля тэрактаў станоўча адаб'ецца на перспектывах дзеючага ўрада ў Сірыі ўтрымаць уладу і ўзмацніць сваю геапалітычную пазіцыю. Любыя прэтэнзіі да Прэзідэнта Асада з боку Захаду гаснуць на фоне тых зверстваў, што ўвесь час здзяйсняюць прадстаўнікі групоўкі «Ісламскай дзяржавы», прычым ужо не толькі на тэрыторыі Сірыі і Ірака, але і з выхадам на еўрапейскі тэатр. Ёсць надзея, што абурэнне з боку грамадскай думкі краін Захаду нядаўнімі паспяховымі тэрактамі ў Францыі прымусіць заходніх палітыкаў памяняць сваё стаўленне да тых, хто змагаецца супраць Асада ў Сірыі і яшчэ нядаўна з'яўляўся найбліжэйшым саюзнікам краін Захаду. Можа ўмацавацца пункт гледжання, што ўся гісторыя барацьбы Захаду з Асадам у Сірыі — непаразуменне без сур'ёзных падстаў, але з вельмі небяспечнымі наступствамі — паскораным распаўсюджваннем тэрарызму на захопленых «Ісламскай дзяржавай» і іншымі антыўрадавымі групоўкамі тэрыторыях краіны.

Тэракты акажуць уплыў на еўрапейскую палітыку суседства (ЕПС). Яна стане развівацца ў большай ступені па прапанаванай ужо даўно беларускім бокам схеме, будзе больш прагматычнай і арыентаванай на барацьбу з агульнымі пагрозамі. Апублікаваны 18 лістапада Еўрапейскай камісіяй і Вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі прэс-рэліз з асноўнымі вынікамі перагляду Еўрапейскай палітыкі суседства даюць сур'ёзныя падставы для такіх перспектыў трансфармацыі ЕПС.

У сённяшняй сітуацыі для Еўрапейскага саюза акажацца значна больш запатрабаванай роля Беларусі як надзейнага бар'ера для выклікаў і пагроз, якія стаяць перад гэтай міжнароднай арганізацыяй. Нарэшце, па заслугах будзе ацэнена роля нашай краіны для Еўрасаюза ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі і кантрабандай. Замест ранейшых настойлівых спроб зрабіць суседзяў больш падобнымі да сябе, падабаецца ім гэта ці не, Еўрасаюз стане з вялікай павагай ставіцца да іх інтарэсаў і патрэб, паколькі іх задавальненне неабходна для стабільнасці суседніх з ЕС краін.

Зрэшты, беларускі лозунг пра важнасць стабільнасці становіцца шырока запатрабаваным не толькі ў палітыцы Еўрапейскага саюза ў дачыненні да суседніх краін, але і ў палітыцы ўнутры яго самога. Так шмат дысбалансаў і супярэчнасцяў разрываюць Еўрасаюз знутры, так шмат праблем абрынулася на галаву жыхароў краін — яго членаў, што без большага парадку і дысцыпліны ўсе праблемы, якія ўзніклі, не вырашыць і ўсе супярэчнасці не збалансаваць. Новы акцэнт на стабільнасці і бяспецы істотна палепшыць адносіны нашай краіны з Еўрасаюзам у якасці значнага донара бяспекі на яго найважнейшай усходняй мяжы.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.