Вы тут

Апантаныя


Яны ствараюць наша новае кіно.

Моцнае беларускае кіно, якое магло б на роўных удзельнічаць у асноўным конкурсе «Лістапада»... Мара. Але яе можна ўвасобіць (пры тым, што фестываль задае высокую планку сваім падборам конкурсных карцін). Дзеля гэтага — нашага кіно, якое патрэбна гледачу і якім ён зможа ганарыцца, — быў створаны нацыянальны конкурс у рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю. Нацыянальны конкурс — гэта пляцоўка, дзе творцы могуць паказаць сябе, паспрабаваць выйсці да публікі. Людзі, якія робяць сваё кіно ў Беларусі, маюць і свой погляд на праблему пад назвай «стан сучаснага беларускага кіно».

[caption id="attachment_111273" align="alignnone" width="600"]21-25 Кадр з най­леп­ша­га да­ку­мен­таль­на­га філь­ма на­цы­я­наль­на­га кон­кур­су «Гос­ці» Анд­рэя Ку­ці­лы.[/caption]

Конкурс наважыўся акінуць вокам усе найлепшыя айчынныя сілы (дзе б яны ні жылі). Аказалася: іх жа нямала! Імёнаў — не адно і не два. Пераважна — моладзь. І, калі верыць старшыні журы нацыянальнага конкурсу Ігару Аўдзееву, то ў нас «сфарміравалася новае пакаленне кінематаграфістаў, здольных ствараць цікавы прадукт». Яшчэ адзін член журы, Фолькер Петцольд з Германіі, наогул натхніў: ёсць надзея на беларускае кіно, таму што тыя фільмы, якія былі прадстаўлены ў праграме, уздымаюць розныя тэмы, па якасці супастаўныя з тым, што здымаецца ў Еўропе. Напэўна, немагчыма супаставіць шлях, якім прыходзіцца ісці нашым аўтарам у кіно. І гэта галоўны боль, пра які ўсім хацелася гаварыць падчас «круглага стала». Таму што такое ўражанне, што ў краіне кінагаліна ўвесь час у рэжыме ўдасканалення, а ў выніку цікавы прадукт ствараюць тыя, хто працуе не ў сістэме, проста робіць справу, якая падабаецца, не азіраючыся на ўмовы.

Напрыклад, сёлетні пераможца Мікіта Лаўрэцкі (найлепшы фільм «Беларускі псіхапат») схітраецца наогул здымаць кіно амаль без грошай. Сам сабе сцэнарыст, рэжысёр, акцёр, прадзюсар і г.д. І — о, жах! — без спецыяльнай адукацыі. А ў праграме было адразу некалькі яго работ — арыгінальных і па тэме, і па падыходах. Ці надоўга хопіць яго імпэту? Ці надоўга хопіць іншых, такіх жа апантаных кіно, — яны ўвесь час адстойваюць і даказваюць сваё права на творчасць. Недзе іх разумеюць і гатовыя бачыць на фестывалях за мяжой (як і Беларусь), яны гатовыя працягваць вучыцца рабіць кіно ў Беларусі ці ехаць у іншыя краіны. Але пры гэтым жывуць з думкамі пра радзіму. Некаторыя з гэтых думак мы агучваем сёння.

Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў (аўтар фільма «Адной крыві»):

— Я жыў тут і бачыў, што адбываецца з кіно. Я толькі прыйшоў у свет кінематографа. Мне ніхто ніколі не казаў, што будзе лёгка. Калі рабіў фільм, разумеў, што нідзе не знайду падтрымкі. Зняў яго за ўласныя грошы, якія назбіраў, калі вучыўся ў ВГІКу (паралельна падпрацоўваў). Бюджэт — меней за 7 тысяч долараў, але акцёры — мае знаёмыя, сябры. Я лічу, што кіно залежыць толькі ад аўтара і ад тых людзей, якія яго ствараюць. Яно не можа быць заказам. Тое, што робіцца незалежна, робіцца па сумленні, ад сэрца, тады гэта па-сапраўднаму, і тады кіно атрымлівае водгук.

[caption id="attachment_111271" align="alignnone" width="600"]21-23 Кадр з най­леп­ша­га філь­ма на­цы­я­наль­на­га кон­кур­су «Бе­ла­рус­кі псі­ха­пат» Мі­кі­ты Лаў­рэц­ка­га.[/caption]

Іван Маслюкоў, рэжысёр фільма «Фартуна»:

— Калі дзяржава захоча, каб у краіне быў кінематограф, яна даволі проста зможа гэта зрабіць. І тады фільмаў стане больш. Трэба, каб быў арганізаваны нейкі праект накшталт Фонду кіно, які будзе падтрымліваць шмат малабюджэтных праектаў. Будучыня — за мабільнымі, бойкімі, якія хочуць і будуць займацца сваімі фільмамі.

Аляксандра Бутар, рэжысёр конкурснага фільма «Салодкае развітанне Веры» (да таго ж аўтар сучаснага працягу «Белых Рос»):

— Мой фільм зняты на «Беларусьфільме». Ён недарагі. Але я супраць таннага кіно. Таму што кіно — гэта кінематограф, ён павінен быць якасным. Якасць — гэта не толькі карцінка, гук, але і прафесійнае выкананне. Гэта ўсё каштуе грошай. Інакш кожны з нас можа зняць на тэлефон хатняе відэа і казаць, што гэта кіно. Калі гаворка пра фестывалі — на іх можа падысці малабюджэтны фільм. А каб ісці далей да гледача, я думаю, патрэбны грошы. Але з іншага боку — не мільёны долараў, можна абысціся і меншымі сумамі. Яшчэ я супраць таго, каб кіно здымалася насуперак чамусьці і як адказ некаму. Калі ты не можаш пра гэта не здымаць, значыць, ты здымаеш. Калі ў цябе баліць — значыць, ты пра гэта гаворыш. Што тычыцца маіх адносін з «Беларусьфільмам», то за два гады яны так і не склаліся, на жаль. Я думаю, што «Беларусьфільм» не ў самым лепшым стане. Таму справа за незалежнымі кінастудыямі.

Андрэй Курэйчык (аўтар фільма «ГараШ»):

— Я не веру ў тое, што дзяржава дасць вялікія грошы на нейкія праекты. Многія з іроніяй глядзяць на мой расійскі вопыт камерцыйных карцін, але менавіта гэты вопыт патрэбен цяпер у Беларусі. Адзіны варыянт атрымаць грошы — прыцягнуць гледача. Я гэта з «ГараШом» прайшоў: на ўсе сеансы залы былі поўныя (а я не даваў запрашальнікаў). Тады «Інтэрфільм» прыйшоў да нас: «Бярэм у пракат». Яны хочуць тое кіно, на якое пойдзе глядач. Мне здаецца, сістэма павінна запрацаваць — сістэма незалежнага ад дзяржавы абарачэння грошай у беларускім кінематографе: мы паказалі фільм у кінатэатры, забралі свае грошы, зрабілі наступны фільм.

Андрэй Кудзіненка, рэжысёр, куратар праекта «Хранатопь»:

— Мы, магчыма, маем адзіны ў свеце прэцэдэнт, калі нацыянальная кінастудыя сёння робіць трэцясортны прадукт суседняй краіны. І тое не надта акупляе. Мы імкнуліся шчыра працаваць на кінастудыі, калі рабілі «Масакру», гэта быў складаны вопыт супрацоўніцтва з грувасткай структурай. Добра, што цяпер у нас склалася супольнасць зацікаўленых людзей, дзякуй фестывалю за магчымасць кантактаваць. Самая вялікая праблема для нас — адсутнасць тэксту, мы адзін аднаго не бачым. Патрэбна агульная пляцоўка. Але адзін буйны фестываль на краіну — мала, іх павінна быць 30, розных. Давайце размнажаць, ці што...

[caption id="attachment_111272" align="alignnone" width="600"]21-24 Кадр з най­леп­ша­га ані­ма­цый­на­га філь­ма на­цы­я­наль­на­га кон­кур­су «Пра ва­ла» Яў­ге­на Над­та­чэя.[/caption]

Андрэй Куціла, рэжысёр найлепшага на фестывалі дакументальнага фільма «Госці»:

— Я ўпершыню за шмат гадоў адчуў сапраўдны кінапрацэс. Нешта можна было ў інтэрнэце паглядзець, нешта па знаёмстве, а цяпер можна было прыйсці і пабачыць на фестывалі. Але сёння я адчуваю статус прыніжанасці, калі думаю пра наступныя фільмы — пры цяперашняй сістэме нерэальна атрымаць грошы на здымкі. Атрымліваецца, што я мушу ехаць і шукаць грошы за мяжой, шукаць замежных прадзюсараў...

Дар'я Жук, аўтар фільма «Сапраўдная Амерыка» (адзначаны дыпломам):

— У Амерыцы ўсё таксама складана. Можна зрабіць небюджэтныя фільмы за 200 тысяч долараў. Але ў асноўным патрэбна сума ў межах мільёна, калі гаворка пра поўны метр. Народ збірае. Вельмі рэдка гэта становіцца падарункам лёсу, у асноўным таксама складаны шлях, губляецца на гэта некалькі гадоў. Мае калегі па кінашколе вяртаюцца на радзіму ў Канаду, дзе ёсць добрая сістэма падтрымкі, ці ў Еўропу. З амерыканскімі кінематаграфістамі складаны шлях. Беларусь з імі ў нечым падобная. Добра, каб у Беларусі была сістэма падтрымкі кіно хоць бы такая, як у Расіі.

Дар'я Юркевіч, леташняя пераможца з кароткаметражкай «Баба, Ваня і каза» сёлета атрымала дыплом за дакументальны фільм «Пасха Хрыстова»:

— Такая вялікая рэжысёрка і прадзюсар, як я, адпраўляць свой кароткаметражны фільм нікуды не збіралася. Але фільм патрапіў на самы буйны фестываль кароткага метра ў Еўропе ў Клермон-Феране. Цяпер я ведаю, што мала зняць кіно, нават калі мы здымаем за капейкі, вельмі важна пакінуць хоць колькі на дыстрыб'юцыю. Калі трапляеш на буйны фестываль, то гэта, як правіла, яшчэ і рынак; прыязджаюць розныя фестывалі, і далей можна не надта хвалявацца, фільм некуды ездзіць. Мы разумеем, што ў Беларусі грошай няма, трэба іх шукаць за мяжой — у Германіі, Францыі. Калі мой фільм стаў вядомы, мной зацікавіліся. Адзін прадзюсар у Францыі, разважаючы пра магчымыя праекты, у выніку сказаў: «Калі вы хочаце здымаць якасна, то 80 працэнтаў фільма павінна быць на французскай мове». Я столькі гадоў працую, каб выйсці на патрэбны ўзровень, але аказваецца, што па-беларуску я здымаць не змагу. Я кажу пра ігравое кіно, таму што ў дакументальным іншая сітуацыя. У той жа Францыі нягледзячы на цудоўную сістэму падтрымкі кіно, калі ты здымаеш ігравы фільм, то ўсё роўна ўпрэшся ў тое, што нейкую частку фінансавання табе трэба знайсці ў краіне, у якой ты здымаеш. І калі бюджэт 200 тысяч, то трэба знайсці 25 працэнтаў — гэта 50 тысяч у. а. Не трэба спадзявацца, што ў Еўропе ўсё само сабой вырашаецца. Калі мы хочам працаваць для Беларусі і ў Беларусі, то ўсё роўна трэба строіць дыялог з тым жа Міністэрствам культуры, таму што мы ў выніку ўсё роўна ўпрэмся ў тое, што нейкую частку фінансавання трэба шукаць у краіне.

Рэжысёр, які прынёс беларускаму дакументальнаму кіно шмат высокіх міжнародных узнагарод, член Еўрапейскай кінаакадэміі Віктар Аслюк быў госцем, але не маўклівым:

— Першы раз за 20 гадоў, калі я працую ў кіно, думаю, можа, яшчэ не позна памяняць прафесію... Калі параўнаць усіх нас з якімі-небудзь блізкімі суседзямі, то мы будзем вельмі сціпла выглядаць — па колькасці фільмаў, па колькасці ўдач. Але гэта нічога не значыць. Я скажу, што тыя магчымасці, якія з'явіліся ў апошнія гады, даюць нам надзею зрабіць яшчэ некалькі фільмаў, каб гэтыя фільмы прагучалі і маладыя пачалі рабіць сваю кар'еру, можа быць, не залежную ад прыгожай краіны Беларусь. Але ёсць іншы шлях — біцца, адстойваць свае магчымасці тут. Можа быць, адзіны для большасці з нас. Праблема ў тым, каб грошы, якія выдаткоўваюцца на кіно ў Беларусі, маглі трапіць да маладых аўтараў. Я думаю, што вялікая памылка, што не робіцца шмат кіно за кошт бюджэту, што не запускаюцца адразу дзясяткі рэжысёраў з малабюджэтнымі фільмамі. Таму што грошы на кіно ў Беларусі выдзяляюцца. Сума блізкая для таго, каб існавала беларускае кіно.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.