Вы тут

Рэтра ў японскім стылі


— Здымаць можна, пейзаж добры, — падзяліўся ўражаннямі ад Беларусі рэжысёр Іціра Ямамота, удзельнік кінафестывалю «Лістапад», які прадстаўляе Японію.

[caption id="attachment_110070" align="alignnone" width="600"]Кадр з фільма «Крэпасць з пяску». Кадр з фільма «Крэпасць з пяску».[/caption]

Прадстаўніцтва гэтай краіны сёлета асабліва прыкметнае: акрамя фільмаў у конкурснай праграме («Звязаныя смерцю» і «Выбраннік»), ёсць магчымасць паглядзець рэтраспектыву японскага кіно з 7 стужак. Менавіта стужак! Таму што ў Мінск прывезлі фільмы на 35-міліметравых плёнках — нават на іх радзіме ў такім фармаце гэта паглядзець ужо складана: амаль усе кінатэатры перайшлі на «лічбу». Таму сталічны кінатэатр «Перамога», такі стары і аўтэнтычны, на думку гасцей з Японіі, іх вельмі ўразіў: «Тут так ашчадна ставяцца да традыцый кінематографа. Асабліва мяне кранула, што субцітры (на рускай мове. — Аўт.) зроблены маладымі беларусамі».

Спадар Ямамота ўдзячны «Лістападу» за тое, што мае магчымасць паглядзець у Беларусі класіку кампаніі «Сёціку», у якой працуе. Сёлета яна адзначае 120-годдзе свайго існавання. Свята ў самой Японіі «Сёціку» ладзіць для сваіх прыхільнікаў цягам 2 дзён, маецца свой кінатэатр, у якім паказваюць класіку кіно.

Але ў Беларусі ёсць аматары японскага кіно, што адчулі арганізатары з «Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн», якія ладзілі рэтраспектыўныя паказы фільмаў з гэтай далёкай краіны. Пры дапамозе пасольства Японіі ў Мінску сёлета стала магчымым арганізаваць больш шырокае прадстаўніцтва кінакультуры Японіі ў Беларусі. Акрамя таго, даведацца пра гісторыю кінематографа гэтай краіны, таму што кожны паказ каментуе гісторык кіно нацыянальнага цэнтра кіно Макіка Камія.

— Кампанія «Сёціку» пачыналася як тэатральны праект. Спачатку гэта быў традыцыйны тэатр Кабукі, але потым са з'яўленнем кінематографа сталі здымаць і фільмы. Але тэатральная традыцыя несла свой уплыў: на пачатку ХХ стагоддзя ў кіно здымаліся мужчыны...

Праўда, мы не пабачым, як гэта было: дырэкцыя «Лістапада» выбірала тыя фільмы, што могуць быць найбольш цікавыя айчыннай аўдыторыі і пры гэтым даць уяўленне пра асаблівую культуру Японіі. Нас уцягваюць у яе паступова: фільм Акіры Курасавы «Ідыёт» (1951 года) — гэта аўтарскае адчуванне рускай класікі. Дзіўна, што ў свой час ён быў нізка адзначаны ў Японіі, як патлумачылі госці, але Курасава — славуты рэжысёр, да яго творчасці цяпер вялікая ўвага. Яшчэ знаёмай падаецца «Гісторыя Хаціко» (Сэйдзіра Каяма, 1987 год) — гэта гісторыя адданага сабакі: ён чакаў свайго гаспадара, які памёр. Яе мы ведаем з амерыканскага фільма, але цяпер можам зразумець, які быў арыгінал. Ёсць у праграме і псіхалагічны трылер: у фільме «Крэпасць з пяску» (Ёсітара Намура, 1974 год) паліцэйскія расследуюць забойства. У фільме «Жоўтая хустачка шчасця» (Ёдзі Амада, 1978 год), наадварот, у цэнтры ўвагі былы злачынца, які выйшаў на волю. Злы і злосны чалавек, які жыве нянавісцю, — герой карціны «Мне помста і аз ваздам (Помста належыць нам)» Сёхэя Імамуры (1979 год). «Такійскія змярканні» (Ясідзіра Одзу, 1957 год) прысвечаны праблеме бацькоў і дзяцей. Ну і пра пачуццёвае: фільм «Уматара і пяць яго жанчын» (Кэндзі Мідзагуці, 1946 год).

— Сучасныя кінатэатры пераходзяць на лічбавыя паказы, мяняючы кінематограф, але гэта прыносіць нейкі сум, — адзначыў Ігар Сукманаў, праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад». — Таму што прагляд кіно на стужцы стварае дадатковыя эмоцыі. Тое асабліва адчувальна для гэтых фільмаў рэжысёраў, кожны з якіх паўплываў на развіццё асаблівай мовы кінамастацтва. Мы хацелі, каб рэтраспектыва вярнула адчуванні дзяцінства (калі ўсе фільмы былі на стужках), адчуванні кінематаграфічнага свету, каб мы атрымлівалі задавальненне для вачэй.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.