Вы тут

Імкненне да абсалюту


Фані Ардан: фантастычна прыгожая і неверагодна шчырая.

Плынь абаяльнасці... Французская жанчына, для многіх беларускіх аматараў кіно яна стала сімвалам кахання, за якое можна аддаць усё. Фані Ардан асабіста ў Мінску прадставіла свой фільм «Дакучлівыя рытмы», над якім працавала як аўтар сцэнарыя і рэжысёр. Але самім прыездам стварыла для нас магчымасць атрымаць асалоду яшчэ і ад зносін: гледачы маглі выказаць свае думкі, задаць пытанні. Яна адказвала са страсцю чалавека, які любіць кіно і хоча, каб яго як мага лепш зразумелі. Мы знаёмім нашых чытачоў з найбольш цікавымі адказамі на пытанні гледачоў і журналістаў: «зорка» сусветнага экрана расказвала пра фільм, але адначасова пра сябе.

10-28

Пра фільм

— Галоўная мова, якую разумеюць усе, — мова кахання. Я думаю, нас аб'яднае кіно, і кожны пазнае сябе — сваю шчаслівую ці, можа быць, няшчасную гісторыю кахання. Мы ўсе аднолькава шчаслівыя і ў аднолькавай ступені няшчасныя. Тое, што можа нас уратаваць у гэтым жыцці, — гэта мастацтва.

Чаму «Дакучлівыя рытмы»? Слова «рытм» па-французску мае некалькі значэнняў. Так, ёсць музычны рытм, таму што гераіня — музыкант. Таксама рытм працы прараба, таму што гэта галоўны герой. І рытм біцця сэрца — гэта каханне. Дакучлівы — па-французску настойлівы, але недзе балючы, таму што гераіня — ранімая істота.

Я невыпадкова зрабіла галоўным персанажам дзяўчыну-віяланчэлістку. Яна заўсёды імкнецца да абсалюту — як музыкант, як артыст, яна не прымае фальшу, менавіта таму не можа зразумець, чаму яе мужчына ў іх адносінах не імкнецца ўдасканальвацца. Яна думае, што ў каханні, як і ў музыцы, не дапушчальны фальш. А ў жыцці не так. Невыпадкова настаўнік музыкі Уладзімір яе пытаецца: «Чым жа ты займалася ўсе гэтыя гады?» — «Я кахала». — «Ну і што?» — «А больш я не каханая». Ён імкнецца даказаць, што музыка здольная вярнуць яе да жыцця. Мне здаецца, што праз музыку, праз мастацтва можна знайсці новы сэнс пакутам. Яна пакінула музыку дзеля кахання да мужчыны, і менавіта дзякуючы гэтаму каханню зноў хоча заняцца музыкай. У выніку Марго прыходзіць да таго, што лепш парушыць гэтае каханне, чым змірыцца з тым, якую форму яно набыло цяпер. У маёй гераіні, як у Эмы Бавары, было ўсё, каб быць шчаслівай, але яна імкнулася да абсалюту. Вельмі часта, калі я саджуся ў Парыжы ў таксі, мне кіроўцы кажуць: «Знаёмы твар. Як вас завуць?». Я заўсёды адказваю: «Эма Бавары...»

Пра каханне

— На пачатку маёй аўтарскай кар'еры ў кіно ў якасці рэжысёра быў фільм «Попел і кроў». Пазней мне захацелася расказаць пра каханне, але не ў яго пачатку, а ў канцы. Таму што мне здаецца, што калі гісторыя кахання толькі пачынаецца, мы сляпыя ў ап'яненні жарсцю. А вочы ў нас адкрываюцца, калі гісторыя кахання прыходзіць да завяршэння, шмат што становіцца зразумела. Калі я пачала шмат чытаць у 14-15 гадоў, то галоўная тэма, якая мяне цікавіла ў кнігах, — каханне. Я прачытала амаль усё з рускай прозы, мне тады здавалася, што толькі рускія могуць распавядаць пра нераздзеленае каханне. Я заўсёды аддавала перавагу «Ганне Карэнінай» перад «Мадам Бавары».

Галоўнае — як казаць пра каханне. Таму што ў каханні ёсць месца цуду, а пра цуды гаварыць розумам нельга. Я аддаю перавагу размовам не пра тое, як пачынаецца каханне, а пра тое, чым яно заканчваецца. Для мяне каханне — гэта барацьба. Для мяне самае галоўнае — здольнасць кахаць. З некаторай нецярплівасцю, з памылкамі, якія мы робім, — усё гэта каханне. У французскім кіно заўсёды ёсць месца каханню, заўсёды ёсць месца жанчыне. Таму ў французскім кінематографе нашмат больш роляў для жанчын у параўнанні з амерыканскім.

Гэтая гісторыя выдуманая. Я там ёсць ва ўсіх персанажах пакрысе. І ў жанчыне, і ў мужчыну. І нават у настаўніку музыкі.

Галоўная гераіня кахае, але яна закаханая ў сваё каханне і не можа пагадзіцца, што яно адыходзіць. Яно не тое, што было напачатку. Нарэшце яна разумее, што каханне заканчваецца па яе віне, таму што яна больш любіла сваё пачуццё, чым прадмет сваёй страсці.

Я лічу, што падобныя жанчыны спальваюць сваё жыццё дзеля кахання да кахання. Ім часта не хапае мудрасці, філасофіі, стратэгіі, каб супрацьстаяць рэальнасці. Таму што адзіныя персанажы ў літаратуры, якія жывуць каханнем і ад яго ж гінуць, — гэта Рамэа і Джульета. Менавіта таму я люблю «Яўгена Анегіна», таму што, калі вы аказаліся ў жыцці побач з каханнем, вы можаце ўжо лічыць, што жыццё ўдалося. Я памятаю эпізод, калі Вронскаму паведамляюць пра смерць Ганны Карэнінай, кажуць, што яна скончыла жыццё самагубствам, а ён сядзіць у гэты час у цягніку, у цяпле, у яго баляць зубы — менавіта гэтым ён заняты, а не трагедыяй. Яшчэ ў маладосці я зразумела, што прычын, чаму мы ўлюбляемся ў таго ці іншага чалавека, няма, проста так здараецца.

Пра творцаў

— Напэўна, самы вялікі ўплыў вялікіх рэжысёраў, з якімі давялося працаваць, — гэта іх энтузіязм, іх энергія, якая мне перадавалася. Ведаеце, кожны з іх валодаў унікальным стылем, кожны знаходзіў свае дэталі ў гісторыях, якія расказваў, у кожнага з іх быў асаблівы погляд на свет і на кіно. Але ўсіх аб'ядноўвае страсць, тое жаданне працаваць, якое яны праяўлялі. Я заўсёды думала, што быць актрысай і рэжысёрам — вялікі дар. Гэта тая Боская ласка, якая на нас сыходзіць, і можна наталяцца кожным імгненнем гэтай ласкі.

Мне вельмі спадабалася пісаць сцэнарыі, таму што я па натуры вельмі самотны чалавек, я не люблю свецкае жыццё, у мяне не вельмі шмат сяброў, і калі я са сваім сшыткам, са сваімі персанажамі застаюся сам-насам, гэта так, нібыта я прыйшла на спатканне. Калі я скончыла першую версію сцэнарыя, паказала яго аднаму чалавеку, то пачула: «Гэта нейкая бессэнсоўная гісторыя, яна ж закахалася ў крэтына». Тады я перарабіла сцэнарый і перапрацавала ролю мужчыны. Што мне асабліва спадабалася ў гэтай працы: можна разважаць і нават спрачацца, сварыцца наконт людзей, якіх наогул не існуе. Мне вельмі падабаецца, што пасля прагляду фільма ці спектакля ў тэатры можна гэтаксама жыва спрачацца, як пасля прагляду футбольнага матча.

Я ніколі не ўмела гандляваць дыванамі. Калі апынулася на перамовах з багатымі людзьмі, то на пытанне, для якой узроставай катэгорыі гэтая гісторыя, у мяне не было адказу, адпаведна, няма аргументаў, каб пераканаць, навошта гэта патрэбна. Я заўсёды раблю карціны з вельмі маленькім бюджэтам, і я заўважыла, што на каманду, на акцёраў і тэхнічную групу гэта ўплывае такім чынам, што кожны стараецца як мага больш дасканала зрабіць сваю працу.

Пра акцёраў

— Я не ведаю, для каго з акцёраў пішу ролі. А потым раптам нібыта маланка разрываецца, і я разумею: гэта той выбар. Калі я скончыла сцэнарый, то ўсё думала: няма ролі для Жэрара Дэпардзьё, і ён сам, калі прачытаў, пагадзіўся з гэтым. Потым я зразумела: вось жа святар, яго завуць Вільдзьё — як Дэпардзьё.

Складанасць сумеснай працы была ў тым, што каманда інтэрнацыянальная, здымалі па тэхнічных прычынах у Партугаліі, дзе не гавораць на маёй мове, мне прыходзілася размаўляць па-англійску. Але я заўважыла адну рэч: усе акцёры аднолькавыя — японскія, рускія, французскія... Калі ты кажаш: «Матор!» — пачынаецца дзеянне, адчуваецца страсць, адрэналін.

Аднойчы я працавала з рэжысёрам, які гаварыў толькі па-кітайску, але я дзіўным чынам зразумела ўсё, што ён ад мяне хацеў. У той жа час я працавала з Антаніёні, які да таго моманту быў ужо вельмі хворы, не мог гаварыць, але мы таксама адно аднаго разумелі. Акцёры — гэта свайго роду сабакі. Яны дзейнічаюць па адчуванні. Малабюджэтныя здымкі — заўсёды складаная праца, але тое, дзеля чаго варта працаваць. Насамрэч нейкія здарэнні на пляцоўцы могуць аказацца на карысць фільму. Таму што, калі вы на пляцоўцы, то ўсё, што адбываецца, трэба ўспрымаць як дарунак Божы і выкарыстоўваць. Ні ў якім выпадку не трэба ісці насуперак абставінам. Нехта сказаў: свет належыць таму, хто ўмее з гэтым светам працаваць. Гэтак жа і ў кіно.

Для мяне кожны новы фільм — нешта асаблівае, як маленькае стварэнне Сусвету тут і цяпер. Мне здаецца, як толькі акцёр пагаджаецца на ролю, радуецца, што ўвасабляе гэтага персанажа, — у гэты ж момант герой яму пачынае цалкам належыць. Насамрэч на месцы кожнага з акцёраў мог бы апынуцца іншы, больш вядомы. Але толькі той, хто палюбіў свайго героя, можа яго ўвасобіць найлепшым чынам.

Пра ідэалы

— Ідэальны мужчына для мяне — той, які кахае і якога кахаюць. Каханне — вось мой ідэал.

Тое галоўнае, што змог перадаць мне бацька, — незалежнасць, свабода думак, што я захоўваю дагэтуль.

Для мяне ідэальны фільм — той, які дае прагу жыць далей. Нават калі вы прыходзіце ў кінатэатр і глядзіце нешта трагічнае ці драматычнае, а сыходзіце з адчуваннем таго, што хочаце далей жыць, — значыць, гэта той фільм. Віктор Гюго ў адной са сваіх паэм піша: «Жыве той, хто змагаецца».

Запісала Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».