Вы тут

Праводзіла і родная Дзвіна


І як зямны яго працяг стаялі тут, на Дзвінскім беразе, дачка Наталля, унук Яўген, з якімі разам мы прыехалі ў Полацк, каб выканаць апошнюю волю Алеся Савіцкага, пісьменніка, франтавіка, партызана, ганаровага грамадзяніна роднага горада.

Разам з сяброўкай яго дзяцінства заслужанай настаўніцай Беларусі, вядомай палачанкай Нінай Уладзіміраўнай Азернікавай мы падышлі да Вала Івана Грознага, ля падножжа якога стаялі хаты бацькоў Савіцкага і яго бабулі. Бабуліна хата захавалася і па сённяшні дзень, але жывуць тут ужо іншыя, невядомыя людзі. Ды і завулачак вуліцы Стралецкай непазнавальна змяніўся. Але памяць жыве даўжэй, і праз аповеды Ніны Уладзіміраўны мы дакраналіся да дзіцячых і юнацкіх гадоў Сашы Савіцкага, які адсюль у свае пятнаццаць гадоў пайшоў у партызанскі атрад, каб змагацца за Радзіму супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

А горад таксама памятае свайго славутага земляка. У гэтым мы пераканаліся, калі зайшлі ў цэнтральную раённую бібліятэку. Тут сабраліся дзясяткі людзей, каб выказаць словы спачування блізкім, каб узгадаць цёплым словам пісьменніка і патрыёта. Гэта было не фармальным мерапрыемствам, людзі прыйшлі не па разнарадцы, а па закліку сэрца, бо ведалі, што ў гэты дзень, таксама выконваючы волю Савіцкага, родныя прывезлі ў падарунак кнігі пісьменніка — яго трохтомнае выданне «Дзівосы Лысай гары», за што ён быў удастоены Дзяржаўнай прэміі.

Цёплыя словы казалі ўдзельнік літаб'яднання «Наддзвінне» (якое пасля Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў Алесь Савіцкі) Віктар Карасёў, бібліятэкар Валянціна Крук, супрацоўнікі бібліятэк горада і раёна. І хоць было самотна і скрушна, але ў сэрцы нарадзілася і ўдзячнасць гэтым людзям, і радасць, што тут памятаюць «полацкага мальца», як называў нярэдка сябе Алесь Ануфрыевіч, што ён заслужыў сваім жыццём і творчасцю іх павагу і любоў.

А кветкі па Дзвіне паплылі ў вечнасць. Як памяць пра вернага сына гэтай зямлі — Алеся Савіцкага.

Навум Гальпяровіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.