Вы тут

На памідорных плантацыях


Ужо не першы год заснавальнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Лінкоўшчына» Уладзімір Жабёнак вырошчвае ў адкрытым грунце памідоры. На пачатку верасня на яго зямельным участку пад вёскай Апанасёнкі заўсёды з'яўляюцца першыя пакупнікі-нарыхтоўшчыкі. А сезон працягваецца ўвесь верасень і кастрычнік, да самых маразоў. Сюды едуць не толькі жыхары свайго Мёрскага, але і суседніх — Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага — раёнаў, нават з самога Віцебска.

21-30

Падчас камандзіроўкі мой маршрут пралягаў побач з гаспадаркай Уладзіміра Жабёнка, і я вырашыў заехаць і пацікавіцца, чым жыве адзін з вядомых фермераў азёрнага краю, як ідуць асеннія работы на яго палетках, якія віды гародніны больш падабаюцца і яму, і ягоным наведвальнікам. Пашанцавала! Убачыў адразу болей за дзесяць нарыхтоўшчыкаў на таматным агародзе. Але найперш узрадаваўся, што сам фермер быў на сваіх плантацыях, павёў на ўчастак, дзе расце капуста.

— Сёлетні год быў не самым спрыяльным для сялян, але мне ўсё-такі ўдалося давесці свой ураджай памідораў і капусты да прылаўка, да пакупнікоў, — кажа Уладзімір Жабёнак. — Недахоп летніх дажджоў і першы мароз у канцы верасня перакрэслілі планы, папсавалі частку ўраджаю, выпрабоўвалі цярпенне. Але гурманаў салодкіх і смачных памідораў маё поле дачакалася: людзі прыязджаюць, забіраюць і па дзесяць, і па дваццаць, і нават болей кілаграмаў гэтай вітаміннай гародніны.

21-23

На полі, дзе пад асеннім сонейкам яшчэ паспявала добрая частка ўраджаю, нарыхтоўшчыкі абіралі памідорныя гронкі. На градах стаялі кошыкі і кашы, вёдры, мяшкі і сумкі з таматамі.

— Я прыехала з Полацка і сваіх сяброў з Віцебска паклікала, — кажа Наталля Ляшкевіч. — Працую ў гандлёвай прадуктовай сетцы, але ў гэтага фермера памідоры і танныя, і нашмат смачнейшыя, яны нагадваюць памідоры з мамінага агарода.

Іду ў цэнтр памідорнага поля, знаёмлюся з нарыхтоўшчыкамі, фатаграфую, як яны асцярожна здымаюць гародніну і кладуць у тару. Франц Буко з Браслава і яго суседка Ганна Крумплеўская з сынам-першакласнікам Эдуардам за гадзіну з паловай сабралі вялізныя сумкі і вёдры. «Я буду рабіць закаткі і салат-леча, у дадатак вазьму два-тры качаны капусты, — кажа Ганна. — Частку памідораў адвязу маці ў Відзы».

21-25

Акрамя чырвоных, многія збіраюць і зялёныя таматы, тлумачаць, што, паляжаўшы, праз некаторы час памідоры саспеюць і будуць гэткімі ж смачнымі.

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Мёрскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».