Муж на родах


Колькасць партнёрскіх родаў у нашай краіне расце. У Еўропе ўжо з 1970-х гэта стала звычайнай практыкай, а ў Нідэрландах сёння наогул дзеля прысутнасці на родах татам даецца адгул: не з'явіўся — тлумач. Нашы медустановы тым часам таксама рыхтуюцца да таго, каб прымаць больш сямейных пар на роды. Адкрыццё новага корпуса 5-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска істотна пашырыць магчымасці правядзення родаў разам з мужам ці іншым членам сям'і, а пакуль тут толькі адна, але вельмі запатрабаваная, палата. Што паказаў вопыт яе работы і што трэба ведаць тым, хто разглядае варыянт родаў з падтрымкай сваяка, тлумачыла членам савета па працы сярод жанчын Мінскага гарадскога аб'яднання прафсаюзаў акушэр-гінеколаг гэтай установы Дзіяна МАРДАС.

21-17

Не думайце...

— Не сакрэт, што анкалагічныя захворванні яечнікаў выраслі і памаладзелі. Калі раней першыя змены чакаліся ва ўзросце пасля 50-ці гадоў, то сёння гэта можа быць і ў 27. Яечнікі проста стамляюцца — штомесяц менструацыя за менструацыяй... Цяжарнасць адкладваецца, а колькасць гэтых цяжарнасцяў — мінімальная, максімум дзве. У нашых прабабуляў была магчымасць шматразова адпачыць падчас цяжарнасцяў. Дарэчы, найлепшы адпачынак для жанчыны ў многіх сэнсах — дэкрэтны. Многія жанчыны сцвярджаюць, што ў дэкрэтным водпуску паспелі зрабіць больш, чым пакуль працавалі... Яшчэ думаеце, ці нараджаць? Не думайце, нараджайце.

Жанчына, якая аднойчы адкладвае цяжарнасць, схільная адкладваць зноў і зноў. З аднаго боку, размова ідзе аб прыняцці свядомага, узважанага рашэння, а з другога, узмацняюцца непатрэбныя страхі, бо набываецца вопыт, у тым ліку не надта станоўчы, сяброў і знаёмых. Жанчыне патрэбна дапамога. І ў нейкім сэнсе гэта могуць быць партнёрскія роды, якія маюць свае асаблівасці ў розных краінах. У Германіі, напрыклад, жанчына можа нараджаць у асобнай палаце, куды спакойна прыходзяць муж і іншыя члены сям'і. У нас жа — свая практыка і ўмовы.

* * *

Хто можа прысутнічаць? Не толькі муж, але маці або сястра — члены сям'і. На практыцы — часцей за ўсё муж. Не было выпадку, каб мужчыну не адпусцілі з працы на гэты сямейны працэс. (У старажытны час увесь удзел мужчыны заключаўся ў тым, што немаўля клалі на бацькаву кашулю — як сімвал таго, што дзіця нарадзілася ў поўнай сям'і).

Дзе можна? У любым радзільным доме, дзе прапануюць гэтую дадатковую паслугу (тэрытарыяльная прывязка ў такіх выпадках не дзейнічае). Пасля надыходу 37-га тыдня цяжарнасці можна заключаць адпаведны дагавор на яе аказанне.

Калі нельга? Калі плануецца правядзенне кесарава сячэння. Не дапускаецца партнёр і тады, калі такая неабходнасць узнікла ў працэсе родаў. Грошы ў такім выпадку вяртаюцца. У якасці кампрамісу мужчына можа наведаць пакой, дзе будуць апрацоўваць нованароджанага. Не адбудуцца партнёрскія роды і тады, калі парадзіху пры выяўленні нейкай паталогіі перавязуць у іншую ўстанову. 5-я радзільня прымае, напрыклад, усіх жанчын з неўралагічнай паталогіяй.

Колькі пар будзе побач? Нараджаць адначасова могуць і тры партнёрскія пары, аднак не можа быць так, што побач акажацца парадзіха-адзіночка.

Вялікая каманда

— Чаму некаторыя пары ідуць на гэта? Мне знаёмы такія варыянты. Некаторыя лічаць, што нібыта акушэр-гінеколагі і санітаркі — самыя вялікія ворагі парадзіхі. І мужу трэба пераканацца, што ў радзільні ўсё добра, а жанчыне — абараніцца ад медыкаў. У радзільнях жа абавязкова павінны на ўсіх крычаць! Паверце, у нас абсалютна адэкватныя спецыялісты, якія любяць сваю работу. Другі варыянт — «няхай ведае, як мне было цяжка». Але партнёрскія роды ніякім чынам не могуць выхоўваць. Трэці варыянт — «перарэжа пупавіну — мацнейшым будзе бацькоўскі інстынкт». Па вялікім рахунку, гэта праўда, але далёка не ўсе нашы таты ў родах адважваюцца яшчэ і на такое. Дарэчы, менавіта на гэтым этапе мужчынам звычайна і становіцца дрэнна.

Яднанне і падтрымка — вось што важна. Само жаданне павінна быць сумесным. Калі жанчына прывыкла, што мужчына бачыць яе толькі ў поўнай баявой гатоўнасці, то яна не расслабіцца, і роды будуць ісці цяжка. Калі мужчына страчвае прытомнасць, убачыўшы кроў, то прысутнасць на родах дакладна не для яго. У родах у яго не адкрыецца другога дыхання, ён не зможа ўзяць дзіця на рукі. Больш за тое, жанчына можа страціць упэўненасць у мужчыну, які паводзіць сябе не лепшым чынам. Добры вынік будзе тады, калі пара ўсведамляе, што разам з урачамі яны — каманда. І не трэба думаць, што калі мы не хочам партнёрскіх родаў, то ў нашай пары ёсць праблемы. Абсалютна нармальна ісці на роды і адной, і з партнёрам.

Падрыхтуемся

— Для мужчыны вельмі важна разумець, што ён павінен рабіць. Іначай перажыве моцны шок. А таму трэба наведваць спецыяльныя курсы, па завяршэнні якіх выдаецца сертыфікат дазволу на роды. На роды павінен прыехаць толькі той член сям'і, на каго выдадзены гэты сертыфікат. Курсы вельмі карысныя, дарэчы, і для самой жанчыны — ёй бывае важна ўбачыць, што і іншыя, напрыклад, набралі вагу (цяжарным уласцівы момант непрыняцця свайго цела), што і ў іншых ёсць нейкія пытанні. Наведванні павінны быць выключна парнымі. Для жанчын-адзіночак прадугледжаны асобныя курсы.

Мы толькі рады

— Даволі рэдка бывае так, што мужчына знаходзіцца з жанчынай нон-стоп ад пачатку першай схваткі. Звычайна ён прыязджае толькі на самі роды або прысутнічае ў перадродавай зале падчас схватак. У радзільную залу можа пасля і не заходзіць, а калі заходзіць, то застаецца каля галавы. Дазваляецца пераразаць пупавіну, калі нармальна сябе адчувае. Зусім бледным дзіця на рукі не даём, толькі дакрануцца.

Існуе міф, што ўрачы не любяць партнёрскіх родаў, бо муж будзе за ўсім сачыць, усё разглядваць... Дарэчы, многія і праўда нешта запісваюць. Насамрэч мы гэта вельмі любім, бо фізічна не можам знаходзіцца ўвесь час схватак побач, а муж можа. І гэта спрыяльна ўздзейнічае на жанчыну, яна паводзіць сябе больш спакойна. Ён нешта добрае кажа, робіць масаж. Вось яна, рэальная дапамога партнёра ў родах. Прыходзіць пасля родаў сэнсу не мае. Наогул пасля нараджэння мужчына ўжо не мае права знаходзіцца ў палаце — хаця б таму, што там можа быць і другая жанчына з дзіцем.

Самае важнае!

• Падбадзёрваць і хваліць.

• Быць спакойным.

• Дыхаць разам з жанчынай і рабіць спецыяльны масаж.

• Быць удзячным урачам.

• Пры першай магчымасці імкнуцца адпачыць. Роды могуць цягнуцца і да 10 гадзін. Жанчыне ў родах нельга есці і піць, але мужу не забараняецца (ён можа прыхапіць з сабой чай і шакаладку).

Узяць з сабой

— сертыфікат аб праходжанні спецыяльных курсаў;

— медыцынскую даведку з паліклінікі аб стане здароўя таго, хто збіраецца на роды (тэрмін яе дзеяння розны — залежыць ад установы), плюс флюараграфію. У ідэале такую даведку можна ўзяць і яшчэ раней. Звычайна такіх татаў вельмі паважаюць, а таму пакідаюць адкрытую дату;

— новыя пластыкавыя тапачкі (хірургічны касцюм на роды выдае сама радзільня);

— добры настрой і ўпэўненасць у сваіх сілах.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.