Вы тут

Навучыць бабулю сэлфіць


Чытаць кнігі на электронных носьбітах, серфіць у інтэрнэце, рабіць і праглядаць фота ці відэа, мець зносіны праз месенджар і сацыяльныя сеткі — ці шмат што з гэтага ўмеюць рабіць нашы бабулі з дзядулямі? А слова «гаджэт» многія з іх дагэтуль падазраюць у прыналежнасці да лаянкавых... Каб выправіць гэтую сітуацыю і вывесці пенсіянераў з «ценю» вымушанай сацыяльнай ізаляцыі, кампанія «МТС» распрацавала новую адукацыйную праграму для пенсіянераў «Планшэт з нуля».


 Каардынатар сацыяльных праектаў Аліна ШАПАВАЛАВА расказвае пра новыя курсы.

Для найбуйнейшага мабільнага аператара краіны гэта ўжо другі сацыяльна-асветніцкі праект пасля праграмы «Сеціву ўсе ўзросты пакорныя». Ён таксама скіраваны на ліквідацыю «лічбавай» няроўнасці розных пакаленняў і мае на мэце бясплатна навучыць людзей пажылога ўзросту карыстацца ўсімі функцыяналамі і магчымасцямі «разумных» мабільных прылад, уключаючы мабільны інтэрнэт, сацыяльныя платформы для зносін, дзяржаўныя электронныя сэрвісы і многае іншае. Вучэбная праграма збудавана з улікам псіхалагічных асаблівасцяў пажылых людзей і складаецца з 10 заняткаў, якія будуць праходзіць раз на тыдзень. Першыя класы праекта «Планшэт з нуля», у які запісаліся ўжо больш як 150 чалавек, адкрыюцца напрыканцы кастрычніка ў Мінску і Гомелі.

Праблема лічбавага разрыву становіцца для беларускага грамадства ўсё больш вострай. Ужо сёння пенсіянеры складаюць больш за 27% насельніцтва Беларусі, а да 2050 года, паводле прагнозаў Сусветнага банка, гэты паказчык вырасце да 36%. Аднак умоў для рэалізацыі асобаснага патэнцыялу пажылых людзей і іх удзелу ў жыцці грамадства ўсё яшчэ недастаткова — у тым ліку з-за іх невысокага ўзроўню валодання сучаснымі тэхналогіямі.

Перад запускам адукацыйнага праекта «Планшэт з нуля», які ініцыявалі, дарэчы, самі пенсіянеры, кампанія «МТС» правяла сярод будучых навучэнцаў даследаванне. Высветлілася, што 54% з іх цікавяцца перадусім мабільным інтэрнэтам, 15% збіраюцца гуляць у гульні, 12% маюць намер актыўна падтрымліваць зносіны з сябрамі і сваякамі ў месенджары і сацыяльных сетках, 11% хочуць рабіць пакупкі анлайн, а 8% — глядзець відэа і чытаць кнігі. Усё гэта змогуць рабіць выпускнікі курсаў — таксама як і самастойна ўсталёўваць патрэбныя праграмы, апрацоўваць і загружаць у інтэрнэт фотаздымкі, плаціць анлайн за камунальныя паслугі, браніраваць квіткі на транспарт ці на канцэрты, замаўляць талончыкі да ўрача, шукаць патрэбныя лекі ў аптэках.

 Вольга Сямёнаўна ІВАНОВА (78 гадоў) вучыцца дыстанцыйна на менеджара. Заяўляе, што курсы ёй вельмі патрэбны, і яна не прапусціць ніводнага занятку.

«Цікавасць да мабільных прылад і інтэрнэту хутка ўзмацняецца, і пажылыя людзі тут не выключэнне. Сёлета мы атрымалі ад пенсіянераў на траціну больш заявак на навучанне карыстаннем планшэта, чым у 2014-м. Гэтая лічба наглядна дэманструе, што неабходнасць у навучанні пажылых людзей мабільным гаджэтам ужо наспела і працягвае павялічвацца», — адзначыла каардынатар сацыяльных праектаў МТС Аліна Шапавалава.

Навучацца студэнты будуць на планшэтах кампаніі Huaweі, якая выступае партнёрам праекта. Асвоіць сучасныя тэхналогіі пенсіянерам дапамогуць уважлівыя і спагадлівыя выкладчыкі-валанцёры. Як расказаў спецыяліст па рабоце з кліентамі кампаніі Huaweі Сяргей Чарнаштан, пры падрыхтоўцы курсаў вялікая ўвага надавалася не толькі распрацоўцы вучэбнага дапаможніка, але таксама і выбару мадэлі планшэта для заняткаў. «Спыніліся на планшэце Huaweі MedіaPad T1 8.0: ён недарагі, мае высокую прадукцыйнасць, падтрымлівае званкі і sms. Акрамя таго, мы ўпэўнены, што выпускнікі праекта, якія навучацца карыстацца сэнсарным экранам планшэта, з лёгкасцю змогуць самастойна асвоіць і смартфон».

Кіраўнік прэс-службы кампаніі МТС Таццяна Курбат адзначыла, што мясцовыя ўлады і цэнтры сацыяльнай аховы актыўна садзейнічалі рэалізацыі праекта. Што тычыцца валанцёраў, то гэта людзі, якія вельмі захапіліся ідэяй і жывуць ёй — адносіны са «студэнтамі» (яшчэ па «Сеціве») у іх складваюцца практычна сяброўскія. Між іншым, сярод іх і тыя, хто прайшоў мінулыя курсы і сам стаў навучаць іншых, і нават дзеці-падлеткі. Напрыклад, Яраслава Пасталенка прыйшла працаваць валанцёрам, калі ёй было ўсяго 10, і ўжо два гады адданая гэтай вельмі карыснай і цікавай справе.

Лічбы

55—62 гады — сярэдні ўзрост «студэнтаў».

У 20% карыстальнікаў байнэту, старэйшых за 55 гадоў, ёсць смартфон або планшэт.

На 34% павялічылася колькасць мужчын, якія запісаліся на курсы.

Больш за 60% пенсіянераў ніколі не карысталіся мабільнымі гаджэтамі і інтэрнэтам.

82 гады самаму старэйшаму ўдзельніку праграмы «Планшэт з нуля».

Іван Хвір

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.