Вы тут

Мы любім маму і Чэхава


Вы можаце адрозніць сапраўдную архідэю ад штучнай? Пасля спектакля Піпа Дэльбона мне здаецца, што людзі, якія бачаць вонкавыя адрозненні, спасціглі сэнс жыцця. Але я такіх не сустракала... Міжнародная праграма форуму «ТэАрт» пачалася з аўтарскага тэатра, дзе драматургічнай асновай спектакля становіцца не п'еса ў звыклым для нас разуменні (злева — хто кажа, справа — што кажа), а асабістае выказванне рэжысёра. Ланцужкі асацыяцый і думак паядноўваюць любоў да маці і любоў да Чэхава, трукі на трапецыі і непазбежнасць смерці, надзвычайную прыгажосць і фізічную недасканаласць. Якое вашае апошняе моцнае перажыванне?

[caption id="attachment_105735" align="alignnone" width="600"]14-3 Сцэ­на са спек­так­ля «Дон­ка — па­слан­не Чэ­ха­ву».[/caption]

Караблекрушэнне ў чаравіках

Гэта не тэатр, гэта цырк. Дакладней, не зусім тэатр і новы цырк. Спектакль «Донка — пасланне Чэхаву» Даніэле Фінцы Паска — тэатральны мантаж асацыяцый-эцюдаў, прысвечаны славутаму драматургу. Яго могуць выканаць толькі цыркавыя артысты (настолькі дзеянне патрабуе фізічнай спрактыкаванасці). Акцёры Фінцы Паскі — гэта яшчэ і жанглёры, паветраныя акрабаты, гімнасты, клоўны. У ланцужку эпізодаў-карцін, які яны ствараюць перад гледачом, усплываюць то асацыяцыі з творамі Антона Паўлавіча, то з ягоным асабістым жыццём. Рэжысёр акцэнтуе ўвагу на тэме хваробы, слабасці чалавечага цела і сілы духу ды развітання з жыццём. Вось чалавек круціцца ў коле пад дажджом з чырвоных пялётскаў. Божухна, які няўстойлівы гэты свет! А вось тры сястры спрабуюць утрымацца на трапецыі: моцныя, спрытныя, але ж без трывалай глебы пад нагамі...

Донка — гэта вуда з бубенчыкам. Фінцы Паска ўзгадаў і пра захапленне Чэхава рыбалкай. Акцёры нібыта выцягваюць адна за адной свае гісторыі-рыбіны і перажываюць: ці ўдалося нам сёння злавіць сапраўдную, здольную развярэдзіць душу? «Душа, — прызнаецца адна з выканаўцаў, — жыве ў чаравіках. Мы спрабуем зладзіць буру ў чаравіках». І гэта гучыць пэўным цыркавым парафразам знакамітага чэхаўскага: «Людзі абедаюць, толькі абедаюць, а ў гэты час складваецца іх шчасце і разбіваюцца іх жыцці».

Бура і сапраўды здараецца. У фінале першага дзеяння перад гледачом з'яўляецца жырандоля з лёду, а пад ёй акцёры з ледзянымі шарамі ў руках. Пасля папярэдніх сцэн ніхто ў зале не сумняваецца ў іх майстэрстве жангліраваць, напачатку яны і сапраўды са спрытам гэта робяць. Але вось наўмысна разбіваецца адзін шар, потым другі, потым на сцэне з'яўляюцца іншыя ледзяныя прадметы і таксама б'юцца. У фінале, перад тым як быць канчаткова аслепленай сафітамі, зала бачыць, што акцёры разбіваюць жырандолю, ступаючы па крошыве з лёду басанож, без аніякіх чаравікаў...

Дайце мне атмасферы!

Памятаеце пачатак фільма Андрэя Таркоўскага «Люстэрка»? Ігнат бачыць па тэлевізары, як доктар лечыць гіпнозам хлопца з моцным заіканнем. Некалькі разоў яна паўтарае яму: «Я магу гаварыць! Я магу гаварыць!» Пасля хлопец гаворыць. Такое метафарычнае сцвярджэнне ініцыяцыі ў грамадстве кожнага з нас і адначасова сцвярджэнне пэўнай творчай манеры для мастацкага выказвання. Нешта падобнае адбываецца з гледачамі і на спектаклі Піпа Дэльбона «Архідэі». Але механізм гіпнатычнага ўздзеяння надзейна схаваны ў двухгадзінным дзеянні і замест «гаварыць» у яго ўстаўлена слова «адчуваць».

Піпа Дэльбона, паводле ўласнага прызнання, не любіць гэты свет, але іншага месца для таго, каб жыць, няма, і ён стараецца максімальна палепшыць умовы існавання. Перадусім навучыўшыся адрозніваць штучнае ад сапраўднага і спасцігнуўшы пачуццё любові.

Калі «Донка — пасланне Чэхаву» — гэта візіянерскі мантаж (мантаж візуальна прыгожых карцін), то апісаць структуру сцэнічнага выказвання Піпа Дэльбона куды больш складана. Гледачы то апынаюцца перад пустой цёмнай сцэнай і чуюць толькі голас рэжысёра, што распавядае ў мікрафон пра сучаснае захапленне чалавецтва гаджэтамі, пра ўласнае дзяцінства, пра сваю маці, нейкія выпадкі з жыцця. То назіраюць за рознымі відэашэрагамі (часам за кадрам ім чытаюць маналог з Чэхава, пасля маналог з Шэкспіра). То сочаць за дзіўным танцам. То становяцца сведкамі развітання рэжысёра з хворай маці, якое ён засняў на відэа і ўманціраваў яго ў спектакль.

Трансляваць, перадаваць такое асаблівае адчуванне свету зможа не кожны акцёр, і трупа ў Піпа Дэльбоны таксама асаблівая. У адным з інтэрв'ю рэжысёр коратка апісаў яе частку: Бабо (да таго, як стаць акцёрам, ён 45 гадоў правёў у псіхіятрычнай клініцы, дзе і адбылося выпадковае знаёмства з рэжысёрам); Джанлука Баларэ, чалавек з сіндромам Даўна, вучань маці Піпа Дэльбоны; румынскі скрыпач; танцоўшчыца з Афрыкі і танцоўшчыца з Гранд-оперы. Калі ад гэтага пераліку ў вас склалася адчуванне пэўнай дабрадзейнасці рэжысёра, то давядзецца вас расчараваць: творчае крэда Піпа Дэльбоны — шчырасць. Так, бяздомны ці бежанец можа патрапіць у яго спектакль, але толькі у тым выпадку, калі будзе цалкам адпавядаць шчырасці выказвання. Проста Піпа Дэльбона надзвычай адкрыты свету, і ў поле яго зроку можа патрапіць як чалавек з дыпломам тэатральнай школы, так і выпадковы мінак. І, здаецца, ён умее адрозніваць штучныя архідэі ад сапраўдных.

Але спектакль «Архідэі» — расповед не толькі пра штучнасць і сапраўднасць. Адной з галоўных гераінь пастаноўкі — маці рэжысёра — ужо няма на гэтым свеце. «Да таго ж «Архідэі» нарадзіліся з той вялізнай пустэчы, дзе я апынуўся, калі не стала маёй маці. Я больш не быў нічыім дзіцем. Ніхто больш мяне не любіў», — раскрывае таямніцу нараджэння ідэі пастаноўкі рэжысёр. Ён хоча вярнуць любоў: выходзіць на сцэну, танчыць — і падабаецца; гаворыць за сцэнай пра асабістае — і падабаецца. Але ж толькі падабаецца, бо ніхто ў гэтым свеце не здолее любіць яго так, як маці... Свет без мацярынскай любові малапрыдатны да жыцця, але што рабіць — іншага месца няма.

Пакутуючы ад уласнай неўладкаванасці, сутыкнуўшыся з немагчымасцю быць любімым сынам, Дэльбона выяўляе ў нас нейкую надзвычайную шчырасць, адкрытасць. Гледачы выходзяць з залы з упэўненасцю «Я магу адчуваць!» і абяцаюць сабе не згубіць гэтай упэўненасці, нават калі прыйдзецца ісці басанож па лёдзе.

Алена Мальчэўская

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.