Вы тут

ПАСЕ гатова супрацоўнічаць


Абнародавана папярэдняя заява міжнародных назіральнікаў.

Міжнародныя назіральнікі за прэзідэнцкімі выбарамі ўчора выступілі з папярэдняй паслявыбарчай заявай. Прадстаўнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ), Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) падзяліліся сваімі думкамі наконт правядзення гэтых выбараў у нашай краіне, а таксама абазначылі са свайго пункту гледжання пазітыўныя моманты мінулай кампаніі і яе недахопы. — Кандыдаты маглі весці агітацыйную дзейнасць па ўсёй краіне, — адзначыў на прэс-канферэнцыі, што арганізавалі міжнародныя назіральнікі ў Мінску ў першы дзень пасля выбараў, Кент Харстэд, спецыяльны каардынатар місіі назіральнікаў АБСЕ на выбарах Прэзідэнта Беларусі. — Такім чынам яны змаглі данесці свае погляды да выбаршчыкаў без якіх-небудзь абмежаванняў. Кандыдаты ў Прэзідэнты расказалі нам, што іх кампанію ў сродках масавай інфармацыі асвятлялі на раўнапраўных умовах. Кент Харстэд таксама канстатаваў, што беларускія СМІ забяспечылі грамадства інфармацыяй пра выбарчую кампанію. Разам з тым ён заўважыў, што некаторыя чыноўнікі і прадстаўнікі ўлады ажыццяўлялі агітацыю ў падтрымку дзейнага Прэзідэнта ў працоўны час. Жак Фор, кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ, звярнуў увагу на той факт, што васьмі зарэгістраваным ініцыятыўным групам была дадзена магчымасць ажыццяўляць збор подпісаў па ўсёй краіне. Ён зрабіў акцэнт і на гендарным складніку: упершыню ў гісторыі Беларусі сярод кандыдатаў была жанчына, у складзе выбарчых камісій, па назіранні Жака Фора, таксама шмат жанчын. Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ, як і, дарэчы, усе выступоўцы, з задавальненнем адзначыў запрашэнне і гасціннасць з боку беларускай дзяржавы, а таксама тое, што Цэнтральная камісія ўсё рабіла своечасова і публікавала ўсе звесткі на сваім сайце. Да недахопаў, на думку Жака Фора, можна аднесці тое, што дзве трэці ад нацыянальных назіральнікаў з'яўляліся прадстаўнікамі дзяржаўных арганізацый. У сваю чаргу, Рэха Дэнемеч, кіраўнік дэлегацыі ПАСЕ, прызнаў, што механізм галасавання ў нашай краіне дастаткова празрысты, аднак ёсць недахопы ў працэдуры падліку галасоў. — 11 кастрычніка выбаршчыкі мелі магчымасць зрабіць выбар празрыста ў прысутнасці шматлікіх нацыянальных і міжнародных назіральнікаў, — сказаў кіраўнік дэлегацыі ПАСЕ. Ён таксама адзначыў, што не было ціску на выбаршчыкаў і назіральнікаў. Рэха Дэнемеч зрабіў заяву, што ПАСЕ гатова супрацоўнічаць з Беларуссю ў рэфармаванні выбарчага заканадаўства. Па яго словах, выбары не зводзяцца да галасавання, гэта ўсеабдымны працэс. Канчатковая справаздача місіі будзе абнародавана 27 лістапада. Папярэдняя справаздача ад Міжнародных назіральнікаў змяшчае 61 пункт. Працэс галасавання станоўча ацэнены місіяй АБСЕ ў 95% выпадкаў. Агульная празрыстасць выбарчага працэсу атрымала негатыўную ацэнку ў 3% справаздач. «Услед за адкрытым і бесперашкодным запрашэннем прадстаўнікоў Міжнароднай місіі назіральнікаў за выбарамі адміністрацыя Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) праявіла добразычлівае стаўленне да міжнародных назіральнікаў, — гаворыцца ў адным з першых пунктаў справаздачы. — Камісія здзейсніла ўсю тэхнічную падрыхтоўку і прыняла ўсе рашэнні ў вызначаныя законам тэрміны». Надзея ЮШКЕВІЧ yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».