Вы тут

Як я памірала, жыла і танчыла ў Маскве


Я заходжу на Міускія могілкі ў Маскве і ўпіраюся ў вялізны надмагільны помнік з чорнага граніту. Узад-уперад перад ім шнуруюць чорныя і надзіва дагледжаныя могілкавыя каты. Здаецца, ім не даспадобы натоўп людзей, што таўчэцца ля ўвахода. З помніка на мяне глядзіць малады чалавек, пад партрэтам імя і эмблема BMW. Я прыглядаюся: хлопец пражыў усяго толькі 20 гадоў. Сёння мне неаднаразова нагадаюць пра хуткаплыннасць жыцця і яго імклівыя змены.

11_1

«Выберыце сабе магілу» — так пачынаеццца спектакль «Remote Moscow», створаны ў капрадукцыі нямецка-швейцарскай тэатральнай групай Rіmіnі Protokoll і маскоўскім прадзюсарам Фёдарам Ялюціным. Rіmіnі Protokoll вядомы мінскім гледачам дзякуючы праграме міжнароднага тэатральнага форуму «ТэАрт-2013», калі ў сталіцы паказалі іх «Пробу грунту ў Казахстане». А адзін з заснавальнікаў групы, Штэфан Кэгі, падчас творчай сустрэчы пазнаёміў мінчан са сваім незвычайным тэатрам, дзе матэрыялам і тэхналогіямі стварэння спектакляў становяцца сацыялагічныя даследаванні, падарожжы з дальнабойшчыкамі, тэлефанаванні ў максімальна аддаленыя пункты свету.

Remote Moscow мне давялося пабачыць у межах спецыяльнай праграмы Маладзёжнага тэатральнага форуму-фестывалю «АРТМІГРАЦЫЯ», які ўжо трэці год запар ладзіць у Маскве Саюз тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі, гуртуючы тэатральную моладзь постсавецкай прасторы. Гісторыя стварэння гэтай пастаноўкі сапраўды мусіць матываваць кожнага маладога тэатральнага дзеяча і прымушае паверыць, што немагчымага не бывае. Трапіўшы на адзін з самых вядомых сусветных фестываляў — Авіньёнскі — і пабачыўшы там Remote Avіgnon, Фёдар Ялюцін загарэўся ідэяй прывезці гэты праект у Маскву. Большасць спектакляў Rіmіnі Protokoll якраз і скіравана на тое, каб нейкая агульная ідэя ўвасаблялася ў розных гарадах, адаптуючыся да мясцовых рэалій. Аднак звычайна над такімі праектамі-капрадукцыямі працуюць буйныя тэатральныя ўстановы. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу стварэннем «Remote Петербург» сумесна з Rіmіnі Protokoll займаўся слынны Вялікі драматычны тэатр імя Г.А. Таўстаногава. Вопыт Фёдара Ялюціна, дзякуючы якому фактычна ўпершыню побач з назвай Rіmіnі Protokoll з'явілася імя канкрэтнага чалавека, а не ўстановы, яшчэ раз сцвярджае спрашчэнне многіх складаных арганізацыйных працэсаў у сучасным тэатры.

«Remote Moscow» — спектакль-аўдыяпраменад. На ўваходзе Міускіх могілак кожны з 50 гледачоў атрымлівае навушнікі і праязны. На працягу 100 хвілін з вамі будзе камунікаваць штучна створаны голас. Ён будзе кіраваць вашымі дзеяннямі, вашым маршрутам і ствараць спектакль непасрэдна на вуліцах Масквы.

Голас у навушніках просіць мяне выбраць магілу. І, паверце, гэта яшчэ не самая дзіўная яго просьба. Я спыняюся каля аднаго з надмагільных помнікаў, вядомая штучным голасам Мілены. Астатнія робяць тое ж самае. Мілена застаўляе мяне падумаць пра смерць, прапануе ўявіць сябе ў труне і абяцае, што наш аўдыяпраменад завершыцца на воблаку. «Remote Moscow» — гэта гісторыя супрацьпастаўленняў і выяўленне свайго сапраўднага стаўлення да іх: жыццё — смерць, чалавечае і боскае, штучнае — сапраўднае, адзінота — кампанія, людзі, аб'яднаныя нейкай агульнай ідэяй (штучным голасам) — людзі, якія такой ідэі не маюць (звычайныя мінакі). «Remote Moscow» — гэта эксперыментальнае даследаванне ўласных і чужых пачуццяў. Заспявайце на вуліцы. Як на гэта рэагуюць людзі вакол вас? Прайдзіцеся каля сметніцы: тут пакінулі след тысячы людзей, што вы адчуваеце, удыхаючы пах іх смецця?

Мы шпацыруем далей. Заўважу, што ніхто не ачэплівае вуліцы горада, рыхтуючы іх знарок да спектакля. 50 чалавек у навушніках рухаюцца сярод звычайных мінакоў у раёне шэрай веткі Маскоўскага метро. Вось мы стаім ланцужком на даўгім эскалатары, спускаемся пад зямлю. І раптам Мілене здаецца, што гэта ўсё падобна да танцавальнага класа. Яна просіць зрабіць нас некалькі танцавальных па. Людзі, якія паднімаюцца па эскалатары са здзіўленнем назіраюць, як 50 чалавек танчаць на прыступках насупраць. Для іх гэта таксама спектакль, таксама ўражанне, проста больш кароткае. І ў кожнага сваё. Некаму шанцуе больш — жадаючы падзяліцца радасцю, калега з Уфы на кароткае імгненне надзявае свае навушнікі аднаму з пасажыраў метро. Некаму менш — па дарозе на працу ён са здзіўленнем сустракае паўсотні людзей у навушніках, якія спяваюць колішні хіт «Самацветаў». Хаця, безумоўна, усё адносна...

Лакацыі праменаду выбраны з асаблівым фокусам увагі. Гэта не аглядная экскурсія па горадзе. Гэта хутчэй спроба лепш зразумець сябе і паглядзець наўкола іншымі вачыма. Мы не скіроўваемся на Красную плошчу ці Вараб'ёвы горы. Пункты нашага маршруту значна менш прыкметныя. Зазіраем у манастырскую трапезную. Выпраўляемся глядзець графіці. Шпацыруем перад Генеральнай пракуратурай Расійскай Федэрацыі, трымаючы над галавой выпадковыя прадметы з нашых сумак і заплечнікаў — урэшце, мы частка грамадзянскай супольнасці, і голас у навушніках (які, дарэчы, у пэўны момант трансфармуецца з Мілены ў Юрыя) мусіць выявіць нашу актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Наш рэфлексійны шпацыр заканчваецца на даху маскоўскага ЦУМа, дзе голас развітваецца з намі і выконвае сваё абяцанне, ахутаўшы воблакам тэатральнага дыму. Гэта спрацоўвае як воплеск гіпнатызёра, што выводзіць цябе з адмысловага стану. Але не вырывае рэзка, а плаўна пераносіць з адной рэальнасці ў іншую, раздзяліўшы іх туманнай завесай... Дым рассейваецца: я гляджу з даху ўніз, там ходзяць людзі. Я згадваю словы майго штучнага павадыра: усімі намі нехта ці нешта кіруе.

Паводле задумы стваральнікаў, «Remote Moscow» спалучае ў сабе элементы спектакля, экскурсіі, камп'ютарнай гульні і квеста. Намагаючыся змяніць пункт гледжання звычайнага чалавека на горад, што паўстае перад вачыма штодня, і на сябе ў ім, Rіmіnі Protokoll у дадатак чарговы раз рассоўвае межы тэатральнага мастацтва, адмаўляе некалі неад'емныя яго складнікі, дэкларуе магчымасць узнікнення спектакля пасярод штодзённага жыцця, акурат на вуліцы, без тэатральнага святла і крэсел пад нумарамі. Ідзі. Танчы. Глядзі. Слухай, што табе гавораць.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Зоі ВОЛКАВАЙ, прадастаўлена СТД РФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».