Мой Ракаў


Мой Ракаў, што ў Валожынскім раёне, святкуе свой юбілей. Яму 550 гадоў. Гэта з часу першай датаванай згадкі паселішча ў вядомых пісьмовых крыніцах. Менавіта ў 1465 годзе вялікі князь ВКЛ Казімір падарыў на вечнае карыстанне Міхалу Кежгайлавічу «Ракаў у Заслаўскім павеце». Відавочна, ужо тады гэты падарунак меў пэўную вартасць, а значыць, узнік раней той даты. Бо ўжо ў дакументах, якія можна аднесці да самага пачатку 1440-х гг., упамінаюцца некаторыя «ракаўцы». Ва ўсякім выпадку, беларускі археолаг В. Шаблюк па выніках сваіх раскопак аднёс існаванне Ракава да ХІV ст. А ўвогуле, у дагістарычным кургане, што ў пойме Іслачы, археолагі яшчэ ў ХІХ ст. знаходзілі прылады з крэменю (нажы, наканечнікі стрэл)...

5-36

Аднак чаму «мой Ракаў»? Так сказаць маглі б многія. Найперш — рэальныя валадары колішняга мястэчка, потым горада: Кежгайлы, Завішы, Сангушкі (пры Сымоне Сангушку ў 1700 г. утварылася нават Ракаўскае графства, а ён сам стаў называцца «графам на Ракаве»), Агінскія і інш. Маглі б сказаць так і тыя, хто тут нарадзіўся ці вырас, але каго ўжо няма ў жывых (прафесар-славіст Мар'ян Здзяхоўскі, пісьменнік Казімір Здзяхоўскі, літаратуразнавец Уры Фінкель, оперны спявак Вінцэнт Бруй і інш.). Могуць сказаць і мае сучаснікі, цесна знітаваныя з Ракавам. Як, напрыклад, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка, контр-адмірал Зыгмунд Жабко, заслужаны артыст Беларусі Рыгор Шацька, вядомы спявак Яраслаў Еўдакімаў (ён скончыў Ракаўскую вочна-завочную сярэднюю школу), археолаг Эдвард Зайкоўскі, браты Янушкевічы — доктар фізіка-матэматычных навук Казімір, скульптар Валяр'ян, мастак Фелікс, філолаг Язэп...

І ўсё ж — мой Ракаў! Хаця б таму, што ў кожнага ён у многім свой, асабісты. Як і ў мяне. Помню яго яшчэ ў суцэльных руінах, амаль цалкам выгаралым падчас апошняй (будзем спадзявацца!) вайны. Каля Ракава падчас імклівага наступлення савецкіх войскаў замыкаўся так званы «мінскі кацёл». Ілья Эрэнбург, які рухаўся ўслед за фронтам і ў сваіх карэспандэнцыях для савецкіх і замежных выданняў паведамляў пра ўбачанае і пачутае, так апісваў тое, што яго ўразіла па дарозе Мінск — Ракаў (а гэта самы кароткі шлях ад сталіцы Беларусі да мяжы з Літвой і Польшчай): «Яшчэ не паспелі прыбраць каля Талачына мешаніну з жалеза і трупаў, як пачалося новае пабоішча паміж Мінскам і Ракавам. Там я бачыў тысячы і тысячы машын, пакрамсаных танкамі і авіяцыяй. Клубы пылу былі начынены нямецкімі загадамі, лістамі, фотаздымкамі голых жанчын — усёй той папяровай дрэнню, якую цягалі з сабой нядаўнія заваёўнікі». Свет нашых дзіцячых гульняў якраз і акрэслівалі пажарышчы, густа парослыя палыном і чартапалохам, а таксама пагарэлыя і падбітыя машыны, танкі, у якіх мы пастаянна кешкаліся, шукаючы тое, што можна было б затым эфектна ўзарваць, або кавалачкі свінцу, якія мы шчодра збывалі мясцовай ганчарні (ён ішоў на палітуру для кафлі і посуду). На жаль, некаторыя з маіх равеснікаў, асабліва старэйшыя хлопцы, ад тых гульняў навек засталіся калекамі ці ўвогуле развіталіся з жыццём.

Але не толькі, нават не столькі гульні тыя прыгадваюцца, як розныя клопаты, абавязкі, звязаныя з дапамогай бацькам па гаспадарцы і з вучобай. У 1948 годзе, калі я пайшоў у першы клас, ракаўская школа з сямігодкі стала сярэдняй, дзесяцігодкай. У ёй заўсёды працавалі выдатныя настаўнікі, якія не толькі давалі глыбокія і трывалыя веды, але і па-бацькоўску выхоўвалі нас, школьнікаў. Выхоўвалі ў духу традыцыйнай народнай маралі, хрысціянскай па сваёй сутнасці, мясцовага і дзяржаўнага патрыятызму, рыхтавалі ў нялёгкую жыццёвую дарогу. Добра памятаю сваю першую настаўніцу Ларысу Антонаўну Фёдараву, удзячны настаўніцы фізікі, класнай кіраўніцы апошняга, дзясятага, класа Ганне Каспераўне Янушкевіч. А хіба я (як і іншыя выпускнікі Ракаўскай СШ, прозвішчы некаторых я назваў вышэй) дасягнуў бы нечага сур'ёзнага ў жыцці, каб не гісторык, апантаны краязнавец, тагачасны дырэктар школы Васіль Пятровіч Налецкі (яго імя носіць цяпер школьны краязнаўчы музей)?.. Зразумела, сённяшнія ракаўскія школьнікі маюць нашмат большыя магчымасці для рэалізацыі сваіх генетычна закладзеных здольнасцяў, чым мелі мы. Радасна за дзетак, якія навучаюцца не толькі ў Ракаўскай СШ, але і ў Ракаўскай дзіцячай школе мастацтваў, якая ў гэтыя дні атрымала новае прасторнае і прыгожае памяшканне. Па выніках 2009 і 2013 гг. школа прызнана найлепшай сярод музычных школ і школ мастацтваў Валожынскага раёна. Школа ганарыцца сваімі выканаўчымі калектывамі, асабліва — створаным у 2007 г. інструментальным ансамблем Ars Longa. Гэтаму калектыву ў 2012 г. было нададзена ганаровае званне «Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

Не толькі на Валожыншчыне, але ва ўсёй Беларусі ведаюць заслужаны аматарскі калектыў — фальклорны ансамбль «Гасцінец», лаўрэат многіх конкурсаў і фестываляў як на Бацькаўшчыне, так і за межамі яе. Арганізаваны яшчэ ў 1998 г. сямейны калектыў з чатырох чалавек пад кіраўніцтвам знаўцы і аматара народнай песеннай культуры Лізаветы Станіславаўны Пятроўскай вырас сёння да трох дзясяткаў чалавек. Сярод іх — работнікі культуры, рабочыя, настаўнікі, студэнты, вучні старшых класаў... «Гасцінец» клапоціцца пра захаванне, развіццё і перадачу самых лепшых традыцый, выяўленых у вусна-народнай творчасці, народных абрадах, строях. Дзеля гэтага пры ім створаны дзіцячы фальклорны калектыў «Вянок», куды ўваходзяць дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Вось такія мае землякі, пра якіх я некалі пісаў:

Я рады, горды — гэта з намі поплеч

Майстэрства крочыць крокам маладым.

Для землякоў ганчарства — не ў навінку:

Свая і кафля, і збаны свае,

Жанчыны сонцам вышыюць хусцінку,

Каваль захоча — Месяц адкуе!

Не шафа — цацка выйдзе з-пад рубанка...

А хіба знаўца рэчаў, іх цаны

Не еў калісь смаргонскіх абаранкаў

І ракаўскія арфы не цаніў?!

І гэтак павялося тут спрадвеку:

Валёнкі зваляць — проста не знасіць...

Зразумела, час змяніўся, памяняліся ў ракаўчан і асноўная праца, і прафесіі. Хоць крыху і шкада, але ў 1950—1960-я гг. не стала кузняў з кавалямі, даўняй (яшчэ з ХVІ ст.) мясцовай ганчарні з ганчарамі, млыноў з млынарамі, ніхто цяпер не валіць валёнкаў (ды амаль ніхто і не носіць)... Мала хто помніць першы ракаўскі калгас імя Куйбышава, арганізаваны ў 1949 годзе. А я помню, бо мой бацька, вярнуўшыся з фронту і папрацаваўшы старшынёй суседняга Выганіцкага сельсавета, стаў першым рахункаводам у тым калгасе. А кантора калгасная каля пяці гадоў тулілася ў нашай недабудаванай хаце. На маіх вачах разгортваліся многія перыпетыі, звязаныя і з арганізацыяй самога калгаса, і з наладжваннем калгаснай працы. Пазней, калі ў школе вывучалі «Узнятую цаліну» М. Шолахава, ой як шмат у тым творы было мне знаёма і блізка! Сёння — ні таго калгаса, які некалькі разоў узбуйняўся, пераймяноўваўся, ні нават нядаўняга саўгаса «Ракаўскі». Тутэйшыя палі ўвайшлі ў склад агракамбіната «Тарасава», цэнтр якога — ажно пад Мінскам... А многія ракаўчане адвыклі ад зямлі, ад гаспадаркі. У тутэйшым універсаме купляюць нават бульбу і малако. Ездзяць на працу ў Мінск, балазе да яго 25 км выдатнай аўтастрады, ці працуюць у розных установах Ракава як цэнтра санаторна-курортнай зоны. У Ракаве ж і побач з ім — санаторыі «Аксакаўшчына», «Пралеска», «Іслач», звыш дзясятка дзіцячых летнікаў і інш. Не так даўно тут функцыянаваў і Дом творчасці пісьменнікаў «Іслач», бяздарна страчаны «інжынерамі чалавечых душ»...

Што яшчэ ўваходзіць у разуменне «мой Ракаў»? Несумненна, выданне «Ракаўскага шляху» — краязнаўчай газеты, якую я выпускаў у 2000 —2008 гг., а таксама правядзенне на базе Ракаўскай СШ «Ракаўскіх чытанняў» — міжнародных навуковых канферэнцый, таксама краязнаўчых. І газета, і чытанні абудзілі пэўную цікавасць вядомых вучоных і пісьменнікаў да Ракава, нарадзілі нямала навуковых распрацовак, краязнаўчых артыкулаў, вершаў. Гэта — «Маё знаёмства з Ракавам» Івана Шамякіна, «Ракаў — не Кракаў, але...» Алега Лойкі, вершы «Землякам», «У Ракаве» і «На Ракаўскіх чытаннях» Віктара Шніпа, два акравершы на англійскай мове «Ракаў» вядомай паэткі і перакладчыцы з Лондана Веры Рыч і інш. Ініцыятывы правядзення Ракаўскіх чытанняў і выдання мясцовай краязнаўчай газеты чакаюць дзеля свайго працягу разумных маладых галоў і працавітых рук.

Такі ён, мой Ракаў. І я яму нізка кланяюся ў дзень ягонага 550-годдзя.

Вячаслаў Рагойша, доктар філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».