Вы тут

Хто ён, сучасны герой?


Гэтым летам я займаўся рамонтам летняй кухні на дачы. Насцілаць падлогу запрасіў спецыяліста — мясцовага жыхара, майго даўняга знаёмага Андрэя. Пра знаёмства я згадаў не дарэмна: Андрэй настолькі запатрабаваны работнік, што яго графік распісаны на паўгода наперад. І толькі нашы даўнія і добрыя адносіны з ім дапамаглі мне ўпісацца ў гэты графік па-за чаргой.

3_5

І вось ён прыехаў. І з першых хвілін нямала мяне здзівіў. Звычайна які рыштунак мы ўяўляем у сталяра? Нажоўка, малаток ды яшчэ вострая, падагнаная «пад руку» сякера. А тут Андрэй стаў выгружаць з машыны інструменты і прылады, якіх я раней і не бачыў. Лазерны ўзроўнямер, цыркулярная піла, якая можа працаваць пад любым вуглом, прыстасаванне для таго, каб рэзаць дошкі ўздоўж, электрычны суперсучасны гэблік... Ну і, вядома ж, традыцыйныя малаток з сякерай.

— Андрэй, навошта столькі зброі? Не царкоўнае ж будаўніцтва, можна асабліва і не выкладвацца.

— Не выкладвацца, — з годнасцю адказаў Андрэй, — не мой прынцып. Я прывык усё рабіць якасна.

І праўда, падлога мая яго стараннямі аказалася прыгожай, як лялечка. Роўная, акуратная, без адзінай шчылінкі, без адзінага цвіка на паверхні.

Скончыўшы працу, Андрэй прыдзірліва агледзеў зробленае і таксама застаўся задаволены. Мне нават падалося, што колькі хвілін ён любаваўся сваёй працай.

Чаму я пра гэта зараз успомніў? У нашым пісьменніцкім асяродзі час ад часу ўзнікаюць спрэчкі: як пісаць, пра што пісаць. А самае галоўнае — пра каго пісаць? Так сталася, што за гады перабудовы з нашай літаратуры неяк неўпрыкмет знік чалавек працы. Замест яго ў раманы, аповесці, апавяданні і нават у паэтычныя творы ўварваліся іншыя персанажы — прадпрымальнікі, кар'ерысты, зладзеі, жанчыны лёгкіх паводзінаў...

Крытыкі забілі трывогу, што са старонак кніг пачалі знікаць буйныя абагуленыя вобразы людзей, здольных на маштабныя ўчынкі і моцныя пачуцці. У многіх выпадках іх узяліся падменьваць дробныя чалавечкі, станоўча-бытавыя персанажы. Модным стала паказваць літаратурных герояў амбівалентнымі, гэта значыць такімі, якія выклікаюць розныя, самыя супярэчлівыя пачуцці і адносіны.

Напачатку гэта было нова, цікава, выклікала ў чытачоў пэўны ажыятаж. Аднак чым далей, тым усё больш рабілася відавочным, што ўсе гэтыя «амбівалентныя», загадкава-ўскладненыя персанажы з іх падкрэсленай абыякавасцю да ўсяго грамадскага, сацыяльнага, з іх халодным скептыцызмам і пустой дасціпнасцю, здольнасцю прыгожа рэфлексаваць і ўзвышана разважаць аб сусветных праблемах — усе гэтыя персанажы, абвешчаныя напачатку як найвышэйшае дасягненне новай літаратуры новага часу, сталі блякнуць і траціць усялякую прывабнасць у вачах чытачоў.

Літаратура пачала губляць свой высокі грамадзянскі і маральна-патрыятычны статус. Восенню мінулага года на сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне проста: «У чым прычына таго, што за мінулыя 20-30 гадоў так і не з'явіліся сучасныя «Вайна і мір», «Узнятая цаліна»?.. Чаму сённяшні стан літаратурнага працэсу не адпавядае найвышэйшай планцы, узнятай нашымі вялікімі пісьменнікамі?»

Што і гаварыць, пытанні справядлівыя, балючыя. І адказаць на іх няпроста. Але адказваць неабходна, бо без гэтага не будзе далейшага развіцця літаратуры, яе ўпэўненага руху наперад. Сваё важкае слова, вядома, скажуць літаратуразнаўцы, сацыёлагі, філосафы. Але і мы, пісьменнікі, не павінны стаяць убаку.

Паспрабую выказаць некаторыя свае меркаванні.

Кажуць, галоўная прычына сённяшняга стану літаратуры ў тым, што няма пісьменнікаў маштабу Мележа, Быкава, Караткевіча. Можа, часткова гэта і праўда. Але толькі часткова. Бо кожны час нараджае свае таленты. Ёсць яны ў нас і цяпер. Не буду называть імёны і творы, якія пазначаны несумненнай Боскай іскрай: яны, як кажуць, на слыху. Але чаму ж тады гэтыя творы не сталі значнымі літаратурнымі дасягненнямі, з'явамі грамадска-палітычнага жыцця?

На гэты конт у свой час востра выказаўся народны мастак, Герой Беларусі Міхась Савіцкі. «Нашы творцы, — зазначыў ён, — у незалежнай суверэннай Беларусі не знайшлі свайго незалежнага месца ў агульным страі, разыходзячыся па ідэйных прынцыпах на два супрацьлеглыя лагеры і занятыя больш сваркамі, інтрыгамі, карыслівымі інтарэсамі, чым творчасцю».

Якое ж выйсце бачыў знакаміты майстра з гэтага становішча? Па-першае, мастак павінен быць найперш за ўсё грамадзянінам. І як грамадзянін абавязаны быць разам са сваёй краінай, са сваім народам. Па-другое, мастак павінен заўсёды заставацца мастаком. Яго галоўная задача — адлюстроўваць у сваіх работах той час, у якім ён жыве. І работы гэтыя павінны быць не дэкларатыўныя, ліслівыя, а вельмі шчырыя, аб'ектыўныя. Задача мастацтва — ствараць вобразы, якія здольны саўдзельнічаць у самім жыцці, вобразы, што не толькі паказваюць быццё, але і раскрываюць яго сутнасць.

Кажуць: літаратура — гэта люстэрка на вялікай дарозе жыцця. Якое жыццё, такое і люстэрка. Таму, маўляў, няма чаго наракаць на яго.

Аднак у гэтым выказванні ёсць значная доля сафістыкі, самападману. Бо люстэрка можа быць і крывым, і стаяць яно можа не на вялікай дарозе жыцця, а на бакавой, тупіковай сцежцы. Сённяшнія захапленні некаторых, асабліва маладых, творцаў моднымі, постмадэрнісцкімі плынямі якраз і вядуць да такіх сцежак.

Безумоўна, маладосці павінны быць уласцівы пошук, творчая дзёрзкасць, вобразная свежасць і навізна. Але калі такі эксперымент, такая «хвароба росту» зацягваецца, гэта можа абярнуцца творчай немаччу. Самы надзейны рэцэпт лячэння такой хваробы — вяртанне ў роднае рэчышча рэалістычнага пісьма, акунанне ў стыхію народнага жыцця.

Літаратура, як вядома, не толькі чалавеказнаўства, але і чалавекалюбства. Гэта няпраўда, што сучасны чалавек здрабнеў, страціў арэол прывабнасці, што ў нашым сённяшнім жыцці няма сапраўдных герояў працы. Такія героі ёсць! У кожным калектыве, на самых розных узроўнях. Гэта — тыя ж камбайнеры, якія ў складаных умовах жніва намалочваюць па 2-3 тысячы тон збожжа. Тыя ж старшыні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія, авалодваючы сучаснымі тэхналогіямі, выводзяць працоўныя калектывы на самыя высокія рубяжы. Ці настаўнікі, якія, не шкадуючы часу, фізічных сіл, таленту, сеюць у душах сваіх выхаванцаў разумнае, добрае, вечнае. Альбо хірургі, якія праводзяць найскладанейшыя аперацыі і забяспечваюць айчыннай медыцыне сусветны ўзровень.

Ды не трэба нават далёка хадзіць. Узгадаем таго ж майго знаёмага сталяра Андрэя, пра якога я расказаў на самым пачатку. Ён — не герой, нічым асабліва не знакаміты. Акрамя таго, што сумленна і высокапрафесійна робіць сваю справу. Але менавіта на такіх працаўніках і трымаецца жыццё. Менавіта пра такіх кажуць: соль зямлі.

Адным словам, нашай літаратуры ёсць пра каго і пра што пісаць. Нішто не можа апраўдаць глухату і слепату пісьменніка, яго адыход ад надзённых задач і праблем рэчаіснасці.

Вядома, стварыць сапраўды вобраз станоўчага героя няпроста. Кожны мастацкі персанаж — гэта ў пэўным сэнсе эстэтычнае адкрыццё. І каб здзейсніць яго, ад пісьменніка патрабуецца многае. Найперш глыбокае веданне жыцця, тонкае разуменне заканамернасцей яго развіцця. Між тым, непараўнальна ўскладніліся не толькі само жыццё, але і сучасны чалавек, яго духоўны свет, яго інтарэсы і запатрабаванні, яго ўзаемаадносіны з іншымі людзьмі.

Так, мы жывём у няпросты, надзвычай складаны час. Але задача пісьменніка ў тым і заключаецца, каб сілай сваёй мастацкай інтуіцыі пранікнуць у глыбіню тых працэсаў, якія хаваюцца за паверхняй, мастацкімі сродкамі сцвердзіць тое, што ў жыцці толькі нараджаецца. У гэтым — пазнавальная і выхаваўчая роля літаратуры, якая праз мастацкія вобразы, высокую ідэйнасць заклікана актыўна ўплываць на духоўны свет сучасніка, фарміраваць і ўзбагачаць яго.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ, пісьменнік, кандыдат філасофскіх навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.