Вы тут

Байкі ад куцюр


Вечар высокай моды прайшоў у Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек. 9 ліпеня на сцэне тэатра адбылася прэм'ера спектакля «Fable» («Байка»), у якім творы Жана дэ Лафантэна спалучыліся з тэндэнцыямі сучасных модных паказаў і тэатрам мастака.

14-26

Крумкач і Ліс без Крылова

Зварот да жанру байкі ў сучасным мастацтве — досыць рызыкоўны крок. Эпоха постмадэрнізму канчаткова пазбавіла мастака функцыі наратара, што ведае як належыць жыць. І байка з яе абавязковым складнікам — мараллю — у такім разе выглядае пэўным анахранізмам. Аднак рэжысёр спектакля Юрка Дзівакоў сцвярджае сучаснасць тэкстаў французскага байкапісца Жана дэ Лафантэна, абнуляючы пэўныя стэрэатыпы глядацкага ўспрыняцця.

Кожная байка для рэжысёра — асобны драматургічны твор, выбудаваны па схеме «завязка — развіццё дзеяння — кульмінацыя — развязка», дзе мараль становіцца развязкай і страчвае сваю відавочную павучальную функцыю. Свядома ці падсвядома Дзівакоў звяртаецца да той літаратурнай тэорыі, што сцвярджае: першаснае ў паходжанні байкі міф, а не аргумент. І выбудоўвае на сцэне ланцужок з міфаў, у якіх дзейнічаюць жывёлы: Свіння, Крумкач, Ліс, Воўк ды іншыя.

Сучаснасці жанру байкі дабаўляе і кампазіцыя спектакля. «Fable» — гэта мазаіка з адзінаццаці кароткіх гісторый з пралогам і эпілогам. Гісторыі аб'яднаны паміж сабой аднолькавай структурай тэксту і шэрагам герояў, што качуюць з аднаго міфічнага апавядання ў іншае. Такая кампазіцыя спектакля ўдала стасуецца з кліпавасцю, фрагментарнасцю мыслення сучаснага чалавека.

Яшчэ адно разбурэнне нашых стэрэатыпаў адносна жанру байкі — гэта адмаўленне ад вядомых пераказаў твораў Лафантэна на рускую мову Іванам Крыловам. У спектаклі гучаць вядомыя з дзяцінства гісторыі пра Крумкача і Ліса ці Цыкаду (у звыклым для нас варыянце Страказу) і Мураша, аднак у іншых, менш вядомых перакладах, тэкст якіх пазбаўляе нас ад пэўнай сэнсавай і асацыятыўнай нагрузкі ды прымушае змяніць фокус увагі. Да таго ж часам, жадаючы адарваць увагу гледача ад успрыняцця тэксту і максімальна скіраваць яе на дзеянне, рэжысёр выкарыстоўвае ў спектаклі некалькі арыгінальных тэкстаў на французскай мове.

Тэатральны подыум

Над стварэннем спектакля «Fable» ў Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек працавала запрошаная каманда: рэжысёр Юрка Дзівакоў, мастак Таццяна Дзівакова і харэограф Настасся Лапцінская. Усе яны — удзельнікі незалежнай тэатральнай групы Laboratory Fіgures Oskar Schlemmer (Лабараторыя фігур Оскара Шлемера), якая натхняецца творчай спадчынай нямецкага экспрэсіяніста, канструктывіста, метафізіка і рэфарматара танца Оскара Шлемера.

У «Fable» адчувальны ўплыў папярэдніх работ Laboratory Fіgures Oskar Schlemmer, у прыватнасці паказанага ў рамках Трэцяга адкрытага форуму эксперыментальных пластычных тэатраў Беларусі «ПлаSтформа» спектакля пра звышчалавека і мастацтва авангарду «Goldkopf». Сістэма рухаў, вынайдзеная падчас працы над «Goldkopf», часткова была выкарыстана і ў «Fable». Акрамя таго, былі пазнавальнымі і прадметныя, касцюмныя цытаты, напрыклад шары замест лап Ваўка і капытоў Каня ў адной з баек.

Аднак «Fable» выявіла і новае прадметнае поле даследаванняў Laboratory Fіgures Oskar Schlemmer — узаемадзеянне свету тэатра і свету высокай моды. Найперш гэта заўважна ў інтэртэкстуальнасці тэатральных касцюмаў, створаных Таццянай Дзіваковай. Знаўцы высокай моды абавязкова ўгледзяць у строях Ліса і Ваўка алюзію на масіўныя плечы мадэляў аднаго з самых тэатральных куцюр'е свету Тома Браўна. А ў касцюме Птушкі, параненай стралой, заўважны зварот да творчасці закаханага ў чорны колер і вольны крой японскага мадэльера Ёдзі Ямамота. Строі ад куцюр спалучаюцца ў пастаноўцы са звыклымі элементамі тэатральнага касцюма (напрыклад, маскамі).

Мізансцэны спектакля арганізаваны па прынцыпе дэфіле. Героі рухаюцца па подыумных прамых лініях, найчасцей за ўсё прадстаўляючы свой вобраз гледачу на авансцэне. Так, напрыклад, Птушка, параненая стралой, павольна, як мадэль, ідзе да гледача ў атачэнні світы, чытаючы тэкст байкі, і манерна гіне ў франтальнай мізансцэне.

14-25

У «Fable» заўважны адыход ад тэатра аб'екта, які раней дамінаваў у творчасці Laboratory Fіgures Oskar Schlemmer, у бок тэатра мастака, дзе касцюм з'яўляецца творам мастацтва, а тэатральнае дзеянне часам нагадвае жывую карціну, арганізаваную згодна з прынцыпамі выяўленчага мастацтва (выкарыстанне рытму колераў, мастацкай кампазіцыі і г.д.).

Сярод акцёрскіх работ найперш хочацца адзначыць не індывідуальныя праявы, а ансамблевасць, якой удалося дамагчыся і рэжысёру, і выканаўцам у жорсткім каркасе спектакля. «Гармонія ўсеагульнага шаленства ў ІІ дзеях» (так вызначылі жанр спектакля стваральнікі) напраўду была гармоніяй. Сярод асобных работ заўважны сюжэтаўтваральныя вобразы Ліса (Яўген Хромаў) і Ваўка (Андрэй Вяршынін). Вобраз Свінні (Кацярына Карчэўская), якая не мае сваёй асобнай fable-гісторыі, але ў падтрымку ідэі спалучэння спектакля з модным паказам з'яўляецца, дэманструючы дызайнерскую сукенку ў пышныя кветкі, у асобных сцэнах спектакля, найбольш запамінальная з якіх, безумоўна, танец Свінні. Уражвае ўрачыстасць з'яўлення і існавання Птушкі, што паранена стралой (Кацярына Карчэўская), інфернальнасць Паэта (Дыяна Зямцова).

Рух лабараторным шляхам

З'яўленне спектакля «Fable» ў рэпертуары Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек — выразнае сведчанне змены яго рэпертуарнай палітыкі і рух у бок значна больш шырокага разумення магчымасцей сучаснага тэатра лялек. Спадзяванне на тое, што гэта менавіта тэндэнцыя, а не адзінкавая з'ява, пакідае і нядаўняя прэм'ера тэатра «Геда Габлер» Генрыка Ібсэна (рэжысёр Наталля Слашчова).

Для Laboratory Fіgures Oskar Schlemmer спектакль «Fable» важны як паспяховае зацвярджэнне вынікаў лабараторных пошукаў на рэпертуарнай сцэне і адкрыццё новага поля для эксперымента ў тэатры мастака ды спалучэннях тэатральнага мастацтва з іншымі.

Алена Мальчэўская

malcheuskaya@zviazda.by

 Фота Алега Савянка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».