Вы тут

Мінатаўр па-руску


Ахвяр ці «стрэлачнікаў» шукаць не сталі. Вырашылі запрашаць інвестараў, нягледзячы ні на што.

Апошнім часам стан расійскай эканомікі непакоіць добрую частку свету: еўрапейскі бізнес чакае адмены санкцый, а партнёры па ЕАЭС — аднаўлення нармальных гандлёвых стасункаў. Слабы рубель выгадны толькі расійскім экспарцёрам. Гатоўнасць да сумеснай працы паказваюць і расійскія ўлады, і расійскі бізнес. Гэта было відаць падчас сёлетняга Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, на якім працаваў і карэспандэнт «Звязды». Галоўнай высновай гэтага мерапрыемства стала яшчэ большая адкрытасць расійскай эканомікі для інвестараў і партнёраў. Склалася ўражанне, што «эканамічны мінатаўр» гэтай краіны збіраецца праглынуць усіх, хто вырашыў прайсціся па лабірынтах ПМЭФ. І невядома, ці ёсць сярод іх хаця б адзін Тэсей, які зможа не толькі перацягнуць частку замежнага фінансавання на сябе, але і прынесці па клубочку дадому. Мне здаецца, што нашай краіне варта было б паспрабаваць дамовіцца. Па-суседску.

1-28

Гісторыя

ПМЭФ праводзіцца з 1997 года, з 2006-га — пад патранатам прэзідэнта Расіі. Мерапрыемства наведваюць больш за 7,5 тысячы ўдзельнікаў з Расіі і з-за мяжы, уключаючы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін, якія развіваюцца, кіраўнікоў найбуйнейшых кампаній, а таксама вядучых сусветных экспертаў з ліку прадстаўнікоў навукі і СМІ.

Такое аўтарытэтнае выданне як «Fіnancіal Tіmes», называе форум «рускім Давосам», што гаворыць пра высокі ўзровень мерапрыемства. Аднак сёлета, ва ўмовах абвастрэння адносін паміж Расіяй і Захадам, перад удзельнікамі ПМЭФ стаяла няпростая задача — захаваць якасць дыскусіі і прадастаўленай фарматам форуму глабальнай экспертызы на ранейшым узроўні. Як высветлілася, сусветны бізнес нічога не спужаўся і многія прадстаўнікі ўдзельнічалі ў падзеі.

Перад пачаткам форуму эксперты сцвярджалі, што цяперашні ПМЭФ стане пляцоўкай для абмеркавання сумесных праектаў паміж Усходам і Захадам. Так яно і адбылося.

Скандалы

Іх на сёлетнім форуме было нямала. Найбольш гучны адбыўся пасля прапановы былога міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына аб пераносе прэзідэнцкіх выбараў для паскарэння рэформаў у краіне. Маўляў, прымаць непапулярныя меры прасцей тады, калі кіраўнік краіны мае так званы «мандат даверу». Сам спадар Кудрын пры гэтым запэўніваў, што не прэтэндуе на пасаду прэзідэнта. Дарэчы, наступныя прэзідэнцкія выбары пройдуць у Расіі ў 2018 годзе. Тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у краіне складаў чатыры гады, аднак у снежні 2008-га Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў законы аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю. Пасля гэтага тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта быў павялічаны да шасці гадоў, а Дзярждумы — з чатырох да пяці гадоў.

У выніку грамадскасць стала гучна абмяркоўваць такое выказванне. Многія адразу адмахваліся і казалі, што ўсё гэта пустое — юрыдычна такое немагчыма. Іншыя разглядалі падзею як імкненне да дэстабілізацыі грамадства. Быў і такі варыянт прычыны прапановы Кудрына: быццам ён проста не выспаўся.

Другі заўважны скандальчык адбыўся яшчэ напярэдадні форуму. Агенцтва Bloomberg нейкім чынам атрымала «тэзісы» Уладзіміра Пуціна для выступлення на ПМЭФ і апублікавала іх. Крэмль даволі хутка адрэагаваў і назваў публікацыю памылкай. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў абверг «заклік да інвестараў і адсутнасць жорсткіх палітычных выпадаў». Аднак заклік да інвестараў усё ж такі быў. Можа быць, трошку завуаляваны, але бясспрэчны.

Традыцыйнай «гучнай справай» піцерскага форуму стала абмеркаванне выдаткаў на яго правядзенне. Сёлета, калі верыць расійскай прэсе, чыноўнікі і бізнес менш выдаткавалі на вечарынкі і іншыя мерапрыемствы. Так, аргкамітэт Пецярбургскага эканамічнага форуму і адміністрацыя горада скарацілі бюджэты на забавы для ўдзельнікаў. А некаторыя кампаніі наогул адмовіліся ад традыцыйных прыёмаў. Акрамя таго, другі год запар «з прычыны дрэннай эканамічнай сітуацыі» не адбыўся канцэрт на Палацавай плошчы.

Сутнасць

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін усё ж такі гаварыў на форуме пра крызіс, але канстатаваў, што па сутнасці таго зацягнутага крызісу, які прадракалі, не адбылося. «У нас ёсць добры запас трываласці», — сказаў ён. Яго выступленне выглядала як запрашэнне інвестараў, рассейванне іх апасенняў кшталту «Бачыце: у нас усё добра. Прыходзьце. Калі што, мы дапаможам. Нічога не бойцеся».

Ці быў гэта крык аб выратаванні, бравада таго, хто ідзе па-банку, ці размова роўнага з роўнымі, сказаць вельмі цяжка. Для правільных высноў трэба ведаць тое, што ведае сам Уладзімір Пуцін. Аднак расійскі прэзідэнт абсалютна не выглядаў напружаным ці ўзрушаным. Ён чаканіў словы. У любым выпадку, падобна на тое, што сам ён верыў у ідэі, якія агучваў. Падалося, што пасля форуму расійская эканоміка атрымае новы штуршок для развіцця. Беларусы таксама могуць парадавацца гэтаму, бо тады будзе выраўноўвацца наш з імі гандаль. Тым больш што Уладзімір Пуцін казаў не толькі пра Расію, але і пра Еўразійскі эканамічны саюз.

Не менш яскрава на форуме праглядалася ідэя «новага свету», агульнага ўзаемавыгаднага развіцця, калі ўсе толькі дапамагаюць адзін аднаму. Зноў зацеплілася надзея на свабодны гандаль «ад Лісабона да Уладзівастока». Дэвіз мерапрыемства пра гэта таксама гаворыць: «Час дзейнічаць: сумеснымі намаганнямі да стабільнасці і росту».

«Нават у стане пастаўленых на паўзу ўзаемаадносін з Еўропай і ЗША Расія здольна весці эфектыўную знешнюю эканамічную палітыку», — пісала перад пачаткам форуму адно з Пецярбургскіх выданняў. І прэзідэнт імкнуўся гэта паказаць.

Вінаватыя

На мой погляд, адным з сакрэтаў магчымага поспеху расійскай эканомікі можна лічыць сумленнасць. Сумленнасць перад сабою падчас крызісу. «Эканамічны крызіс заўсёды з'яўляецца вынікам дрэннага менеджменту», — сказаў кіраўнік Ашчадбанка Герман Грэф на пленарнай дыскусіі ў рамках ПМЭФ. На яго думку, гэты тэзіс працуе як на дзяржаўным, так і на асабістым узроўні: «Калі печань баліць, значыць, злоўжывалі. Ёсць, вядома, уплыў знешніх фактараў, напрыклад, падзенне сусветных цэн на нафту. А мы што, не ведалі, што ёсць ваганні на сыравінных рынках? Ведалі. Што зрабілі? Рытарычнае пытанне».

Увесь форум быў прасякнуты ідэяй барацьбы з крызісам. Кожны спрабаваў прапанаваць свой, унікальны план пераадолення: ад глабальных рэформ да філасофскага сузірання. Аднак вельмі важна, што ў крызісе вінавацяць сябе, а не абставіны ці некага яшчэ. Менавіта таму на эканамічныя абмежаванні Расія адкажа павышэннем інвестыцыйнай прывабнасці. Тактыка зразумелая і мае ўсе шанцы на поспех. Для гэтага дзяржава прыняла рашэнне ў найбліжэйшыя чатыры гады зафіксаваць падатковыя стаўкі, не павялічваць фіскальны ціск на бізнес. Акрамя таго, вырашана ўвесці падатковыя канікулы для малога бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў, знізіць нагрузкі на малы бізнес у рамках спецыяльных падатковых рэжымаў, а таксама даць падатковыя льготы новаўтвораным прамысловым прадпрыемствам. Плюс да таго ўжо прыняты закон, які вызваляе ад выплаты падаткаў капіталы і актывы, якія вяртаюцца ў Расію з афшорных зон.

Высновы

Як кажуць па-моднаму, мэйнстрымам усіх дыскусій на форуме стала слова «эфектыўнасць». Эфектыўнасць дзяржаўных інстытутаў, эфектыўнасць бізнесу, эфектыўнасць рабочай сілы, эфектыўнасць выдаткаў бюджэту і гэтак далей. Мне здаецца, што тут ёсць сугучча з многімі нашымі рэаліямі. Было б нядрэнна ісці ў бок развіцця поруч з надзейным партнёрам...

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

kuletskі@zvіazda.by

Фота аўтара.

г. Мінск — г. Санкт-Пецярбург — г. Мінск

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.