Вы тут

Карына Сандовіч: «У Баку нас празвалі беларускай «ВІА Грай»


1-6

Бронзавая прызёрка Еўрапейскіх гульняў пра спаборніцтвы ў Азербайджане і статус акрабатыкі ў свеце.

Чэрвень аказаўся па-сапраўднаму багатым на спартыўныя падзеі. Мабыць, самай яркай з іх сталі Першыя Еўрапейскія гульні. Жыхары Старога Свету з задавальненнем назіралі за новым спартыўным турнірам. Першыя Еўрагульні ў Баку — ужо гісторыя, яркая і багатая на медалі для нашай краіны. У Азербайджане Беларусь прадстаўляла вялікая колькасць маладых спартсменаў. Карына Сандовіч стала самай юнай беларускай-прызёркай турніру, у складзе трыа акрабатак яна заваявала адразу тры бронзавыя ўзнагароды. Акрамя гэтага, 15-гадовая спартсменка ўжо з'яўляецца неаднаразовым прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы.

— Ты прыляцела са спаборніцтваў зусім нядаўна, раскажы пра атмасферу, якая панавала там?

— Яна была цудоўнай! На першых выступленнях кваліфікацыйнага этапу мы, вядома, вельмі хваляваліся. Але потым, бліжэй да фіналаў, супакоіліся, сабраліся, і склалася ўсё добра. Мясцовыя гледачы вельмі падтрымлівалі сваіх акрабатак. Публіка проста выбухала, калі яны выходзілі, мы стараліся не звяртаць на гэта ўвагі, каб сканцэнтравацца на сваім выступленні. Па-за межамі спартыўных арэн атмасфера таксама была выдатнай: добрыя людзі, выдатная арганізацыя спаборніцтваў. Такая своеасаблівая міні-Алімпіяда.

— Якія эмоцыі адчувалі пасля выступлення?

— Вялікае пачуццё радасці перапаўняла ўсю каманду, мы былі шчаслівыя ў той момант, нягледзячы на тое, што заваявалі толькі «бронзу». Думалі, вядома, што маглі б быць і вышэй, але трэба ўлічваць, што на такога ўзроўню спаборніцтвах наша трыа выступала ўпершыню, таму тры «бронзы» — гэта таксама добры вынік для нас. Тым больш што прайгралі мы ўсяго сотыя балаў.

— Тое, што ваш калектыў цікавы, няма сумнення. Нават вонкава — спецыяльна падбіралі колер валасоў?

— Так, у Баку нас празвалі беларускай «ВІА Грай» (смяецца). Вераніка — брунетка, Каця — бландзінка, я была русай, але потым сумесна вырашылі, што мне неабходна стаць рыжай. Я гэтаму нават не супраціўлялася. Было страшнавата, нязвыкла ў першы час, але цяпер адчуваю сябе камфортна. Так на дыване мы выглядаем больш цікава і прыгожа, дзеля выніку трэба было пайсці на такі крок.

— Як ставішся да таго, што ў Беларусі акрабатыка — не вельмі папулярны від спорту?

— Найперш, гэта таму, што ён не алімпійскі. Хочацца верыць, што пасля Еўрапейскіх гульняў сітуацыя хоць трохі зменіцца. Там на нашым выступленні прысутнічалі спартыўныя кіраўнікі краіны, пасля падыходзілі, сказалі, што можна прасіць, чаго захочам. Будзем карыстацца магчымасцю (смяецца).

Крыўдна, бо мы працуем, як усе спартсмены, а ўвагі атрымліваем менш, перспектыў ніякіх практычна няма. Такая сітуацыя з акрабатыкай і ў іншых краінах, але там ёсць адзін плюс. Напрыклад, у Бельгіі, Амерыцы ці Англіі ёсць розныя шоу, дзе акрабат можа працаваць, раскрывацца, паказваць сябе. У нас такога пакуль, на жаль, няма.

— Якая перамога з'яўляецца самай важнай для цябе?

— На чэмпіянатах свету і Еўропы наша трыа было і другім, і трэцім. Мы былі прызёрамі этапаў Кубка свету, пераможцамі чэмпіянату нашай краіны, але сёння самае важнае для нас — безумоўна, трэцяе месца ў Баку. Мы зусім нядаўна перайшлі на дарослую праграму і адразу заваявалі тры медалі, гэта важна.

1-7

— Што ці хто прывёў цябе ў акрабатыку?

— Мы з сястрой — блізняткі, неяк разам з ёй і мамай пайшлі ў паліклініку і там наш доктар кажа: «У вас такія маленькія дзяўчынкі, не жадаеце аддаць іх у акрабатыку?» Мама падумала і вырашыла паспрабаваць. Вось так і пачалі трэніравацца. Сястра таксама цяпер выступае, але ў змешанай пары.

— Табе ўсяго 15. Ужо даводзіцца задумвацца пра тое, што будзе пасля вялікага спорту?

— Думаю, да 18 гадоў буду трэніравацца, выступаць. У будучыні бачу сябе ў цырку. Гэта, напэўна, адзіны працяг для нас. Дарэчы, ужо ёсць беларускія акрабаткі, якія з'ехалі ў знакаміты «Дзю Салей» і вельмі добра там уладкаваліся.

— Адчування скрадзенага дзяцінства няма?

— З аднаго боку, шкада, што ўвесь час я была і ёсць у зале, а з другога, гэта добра, што ўсё склалася менавіта так. Хоць у мяне і былі частыя трэніроўкі, але я ўсё роўна прыходзіла, збірала ўвесь двор, мы гулялі ў хованкі, даганялкі, казакі-разбойнікі. У мяне было вельмі цікавае дзяцінства. Зараз у дзяцей вялікую частку жыцця сталі займаць сацыяльныя сеткі, на шчасце, у мяне няма ніякай залежнасці ад гэтага.

— Чым цікавішся, акрамя спорту? З вучобай яго сумяшчаць складана?

— Вельмі падабаецца займацца фатаграфіяй. Не толькі самім працэсам фатаграфавання, але і апрацоўкай здымкаў. Люблю слухаць музыку, зусім розную, у залежнасці ад настрою. У перапынках паміж трэніроўкамі часта малюю. Імкнуся шмат чытаць.

А што да вучобы, прапускаю шмат заняткаў, потым літаральна за тыдзень усё даводзіцца вырашаць. Сумесна з трэнерамі і настаўнікамі стараемся знаходзіць баланс паміж спортам і вучобай.

— Назаві героя твайго часу?

— Раней у нас у акрабатыцы была такая дзяўчына — Галіна Старэвіч, яна таксама ў тройцы выступала, потым пайшла ў цырк. Чалавек, які ўсяго ў жыцці дабіўся сам. Я хачу зрабіць нешта падобнае на гэтай ніве, каб у першую чаргу дапамагаць сваёй сям'і, яна ў мяне вялікая — мама, пяць сясцёр і брат. Ужо ёсць пляменнікі. Мы ўсе часта збіраемся разам, ездзім адно да аднаго ў госці. Гэта выдатна, калі такая вялікая сям'я.

Дар'я Лабажэвіч.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».