Вы тут

Дзесяць «залатых» чэмпіёнаў


У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязда» падводзіць вынікі выступлення беларускіх атлетаў на першых Еўрапейскіх гульнях, расказвае пра алімпійскую пуцёўку беларускіх баскетбалістак і сапернікаў брэсцкага БГК па Лізе чэмпіёнаў.

1. За 17 дзён першых Еўрапейскіх гульняў, якія праходзілі ў азербайджанскім Баку, беларуская зборная заваявала 43 медалі (10 залатых, 11 сярэбраных, 22 бронзавыя) і заняла сёмае агульнакаманднае месца. Мультымедальнымі відамі для нашых спартсменаў сталі барацьба (8 узнагарод), самба (7) і мастацкая гімнастыка (6). Чэмпіёнамі першых Еўрапейскіх гульняў сталі Марына Літвінчук і Маргарыта Махнева, Аляксандр і Андрэй Багдановічы (веславанне), Васіль Кірыенка і Алена Амялюсік (веласпорт), Таццяна Мацко і Сцяпан Папоў (самба), Віталь Бубновіч (стральба), Васіліса Марзалюк (барацьба), а таксама жаночая каманда па мастацкай гімнастыцы ў групавых практыкаваннях.

Апошні, 43-і, медаль для беларускай каманды на Гульнях заваяваў беларускі плывец Мікіта Цмыг. На дыстанцыі 200 м на спіне18-гадовы спартсмен стаў другім, і пры гэтым устанавіў нацыянальны рэкорд (1 хвіліна 59,46 сек.). Цмыг, дарэчы, быў сцяганосцам беларускай дэлегацыі на цырымоніі закрыцця першых Еўрапейскіх гульняў.

30-11

Адзначым, што першае месца ў медальным заліку заняла зборная Расіі (164 узнагароды), на другім месцы — Азербайджан (56), тройку лепшых камандаў замкнула Вялікабрытанія (47).

2. Жаночая зборная па баскетболе стала чацвёртай на чэмпіянаце Еўропы. Спачатку ў паўфінале падапечныя Анатоля Буяльскага саступілі сербкам (72:74), а ў матчы за «бронзу» мацнейшымі за нашу каманду аказаліся чэмпіёнкі Еўропы-2013 — іспанкі (58:74). Тым не менш беларускія баскетбалісткі заваявалі права ўдзелу ў алімпійскім кваліфікацыйным турніры, які адбудзецца з 13 па 19 чэрвеня 2016 года.

Разам са зборнай Беларусі Еўропу на адборачным турніры таксама прадставяць каманды Францыі, Іспаніі і Турцыі. Зборная Сербіі, якая стала чэмпіёнкай Еўропы, адразу кваліфікавалася на алімпійскі турнір. Адзначым, што ўпершыню на Алімпіядзе не выступіць каманда Расіі, якая ў матчы за 5-е месца Еўрабаскета саступіла турчанкам.

3. БАТЭ шосты раз у сезоне дабіўся перамогі з лікам 1:0. На хатняй арэне барысаўчане перайгралі брэсцкае «Дынама». Адзіны гол у матчы забіў Аляксей Рыас, гэта, дарэчы, першы гол «экс-гарняка» за «жоўта-сініх».

«Слуцк» разграміў гродзенскі «Нёман» (4:0) і ўзняўся з апошняга месца турнірнай табліцы. Дублем у гэтым матчы адзначыўся Ягор Зубовіч. Разгромам скончылася і сустрэча «Мінска» з «Гранітам»: «гараджане» здабылі ўпэўненую перамогу — 5:0. У мінчан двойчы забіў Юрый Астравух. Астатнія вынікі 12-га тура: «Дынама» (Мінск) — «Белшына» (2:0), «Тарпеда-БелАЗ» — «Віцебск» (3:1), «Шахцёр» — «Нафтан» (1:0), «Славія» — «Гомель» (2:0).

4. Гандбалісты БГК даведаліся, хто будзе сапернікам на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў-2015/16. Брастаўчане трапілі ў групу С разам з іспанскім «Лагронья», расійскімі «Чэхаўскімі мядзведзямі», партугальскім «Порту», сербскай «Вайводзінай» і славацкім «Татранам».

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

zapolskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?