Вы тут

Дзмітрый Герчыкаў: «У паўфінале галоўнае — не паддавацца на беганіну сербак»


Вядомы спартыўны каментатар аналізуе матч беларускай зборнай супраць каманды Літвы, тлумачыць недарэчную памылку Кацярыны Сныцінай і распавядае, які баскетбол варта чакаць у гульні з сербскімі баскетбалісткамі.

26-31

— Матчы супраць чэшак, чарнагорак, літовак — ва ўсіх гэтых сустрэчах быў пэўны пералом і вельмі напружаная канцоўка. Чаму ў нашай зборнай не атрымліваецца спакойна давесці перавагу да перамогі?

— Самае простае тлумачэнне — гэта жаночы баскетбол. Калі мужчыны, выступаючы на такіх буйных турнірах, практычна ніколі не ўпускаюць перавагу ў 15-20 ачкоў, то ў жанчын дастаткова камандзе прапусціць рывок 5:0 (а гэта ўсяго толькі адзін далёкі кідок і адзін сярэдні), і пачынаецца паніка. Таму ў жаночым баскетболе і лічыцца, што камандзе, якая саступае 7-8 ачкоў, у канцоўцы прасцей, чым саперніцам. Гэта амаль што аксіёма.

— Ці не было ў цябе адчування, што, калі б у літовак было яшчэ дзве-тры хвіліны, гэтай перамогі магло б і не быць?

— Не. Бо я разумею, што ў гэтыя дзве-тры хвіліны маятнік мог хіснуцца ў іншы бок. Пару разоў саперніцы не трапілі ў кольца, наадварот, праходзіць атака ў нас — і атрымліваем той жа вынік. Па першай палове матча я быў упэўнены, што гэтай перавагі хопіць, каб абыграць саперніц. А ў другой мне вельмі не спадабалася судзейства. Тое, як нашых баскетбалістак нагрузілі фаламі, дарэчы, і падарвала настрой каманды. Дзякуючы штрафным літоўкі падцягнуліся, вось і атрымалася такая нервовая канцоўка. Да ўводу мяча ў гульню Каці Сныцінай у мяне было стойкае адчуванне, што беларускі кантралююць гульню.

— Паспрабуй тады патлумачыць яе памылку.

— Секунднае зацьменне. На імгненне страціла канцэнтрацыю, мабыць, стамілася... Вопытны гулец, які выступаў у моцных чэмпіянатах, проста так, на роўным месцы, не памыляецца. Зноў-такі, жаночая псіхалогія. Мужчына-баскетбаліст у гэтай жа сітуацыі, упэўнены, паступіў бы больш прагматычна.

— Гульня Сныцінай не насцярожвае? То ўвогуле нічога не атрымліваецца, то нешта заляціць, удалы блок, пасля зноў незразумелыя дзеянні...

— Дык яна на працягу ўсёй сваёй кар'еры так гуляе. Вось такая манера ў баскетбалісткі. Калісьці Каця амаль у адзіночку ўмудралася абыгрываць лепшы на той момант клуб Еўропы, УГМК з Екацярынбурга. Выступаючы за «Волагду», «адгружала» ім 35 ці 36 ачкоў. А ў іншы дзень мела статыстыку 1-14. Ну, не ідзе, і ўсё — тут ніяк не ўгадаеш.

— Дрэнная рэалізацыя трохачковых можа перашкодзіць нам у матчы з Сербіяй?

— Для нас гэта не будзе ключавым фактарам, для саперніц — так. Калі ў сербак залятае, з імі цяжка змагацца. З іншага боку, у іх такая каманда — «абыграй і кінь». Прымушаюць саперніц мяняцца, выходзяць адна ў адну, закідваюць — і, як індзейцы, імчацца на падбор. Такая рухавая, актыўная зборная. У нас жа каманда, якая дэманструе пазіцыйны баскетбол. У матчы супраць сербак галоўнае — не паддавацца на гэтую беганіну, запавольваць гульню, каб саперніцы хадзілі за намі і ў пакутах думалі, што зрабіць у тактычным плане, каб ім элементарна далі разбегчыся. Як толькі ў нас гэта атрымаецца, сербкі хутка разваляцца. Я вельмі разлічваю на нашу пару «вялікіх» — Насцю і Лену (Настасся Верамеенка і Алена Леўчанка. — Аўт.), якія могуць проста заціснуць саперніц. Спадзяюся, што на перыметры, у абароне, згуляе, як у пачатку турніру, Таня Ліхтаровіч, каб нейтралізаваць лідара сербак — Ану Дабавіч. Хочацца, каб менавіта ў гэтым матчы згуляла на ўсе 100% Ліндсэй Хардзінг.

— Дарэчы, амерыканка ўваходзіць у тваю тройку фаварытаў са зборнай Беларусі на гэтым турніры?

— Хутчэй не. Без сумненняў, у гэтым спісе Леўчанка і Верамеенка. Супраць літовак, напрыклад, Насця згуляла проста шэдэўральна. Як багіня! Вельмі дапамагае камандзе Маша Папова. Чаго не хапае Хардзінг? Яна шмат карысці прыносіць у нападзенні. У нас ніколі не было такой хуткай, учэпістай разыгрываючай, індывідуальна моцнай у плане набора ачкоў. Аднак у абароне Ліндсэй часта недапрацоўвае, і яе памылкі прымушаюць чатырох астатніх гульцоў выконваць яшчэ большы аб'ём працы. У той жа час тое, як яна без замен праводзіць 38 хвілін на паркеце, атакуе і выратоўвае сітуацыі, якія зайшлі ў тупік, выклікае павагу. Але тут трэба ўлічваць, што з камандай Хардзінг рыхтавалася толькі тры тыдні. Упэўнены, што да алімпійскай кваліфікацыі яна пройдзе паўнавартасную падрыхтоўку са зборнай, і гэта яшчэ больш умацуе нашы шанцы на пуцёўку ў Рыа.

[caption id="attachment_89431" align="alignnone" width="600"]Ці змогуць беларускі спыніць Ану Дабавіч і яе каманду? Ці змогуць беларускі спыніць Ану Дабавіч і яе каманду?[/caption]

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

zapolskaya@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.