Вы тут

Шмат дарог не бывае


Частку МКАД-2 здадуць у эксплуатацыю не пазней чым у лістападзе.

Сетка аўтадарог агульнага карыстання Беларусі складае больш за 86 тыс. км, у тым ліку каля 15 тыс. км рэспубліканскіх, па якіх ідзе асноўны груза- і пасажырапаток, і каля 71 тыс. км мясцовых дарог. Яшчэ не на ўсіх напрамках ўзведзена неабходная колькасць дарожнага палатна, ды і старому патрабуецца абнаўленне. Рэканструкцыя трасы М6 Мінск-Гродна пачнецца ў найбліжэйшы час, таксама плануецца рэканструкцыя аўтадарогі М10. Што тычыцца сталіцы, то актуальнымі пытаннямі дарожнай карты тут з'яўляюцца будаўніцтва МКАД-2 і стварэнне новых транспартных развязак.

12-31

12-31

 

Аб'ём фінансавання павялічаць

Першы этап будаўніцтва МКАД-2 будзе завершаны не пазней чым у лістападзе гэтага года. Як растлумачыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў, гэта ўчастак ад аўтамабільнай дарогі М3 Мінск-Віцебск да аўтамабільнай дарогі М6 Мінск-Гродна.

«Мы мяркуем завяршыць работы ў лістападзе, прынамсі ўвод у эксплуатацыю павінен адбыцца не пазней за гэты перыяд. Зараз на аб'екце ідзе інтэнсіўная кладка цаментабетонных пакрыццяў, добраўпарадкаванне няскончаных участкаў», — распавёў Аляксандр Галаўнёў.

Усяго ж будаўніцтва МКАД-2 плануецца ажыццявіць у два этапы. Як чакаецца, участак другой МКАД ад аўтадарогі М6/Е28 Мінск — Гродна — мяжа Польшчы (Брузгі) да аўтадарогі М1/Е30 Брэст (Казловічы) — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі (Рэдзькі) павінен быць уведзены, згодна з зацверджаным каляндарным планам, да 1 студзеня 2017 года.

Не менш цікавым фактам для сталічных аўтаўладальнікаў з'яўляецца і тое, што да 2020 года ў Мінску плануецца пабудаваць 10 новых транспартных развязак з падземнымі пешаходнымі пераходамі. Як распавёў начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый Янчык, на дадзены момант праходзіць узгадненне праекта праграмы развіцця вулічна-дарожнай сеткі Мінска на 2015-2020 гады. У адпаведнасці з ім, акрамя 10 развязак, прадугледжаны рэканструкцыя 25 аб'ектаў працягласцю 23 км і будаўніцтва 24 новых аб'ектаў працягласцю 18,4 км. Найбольш значныя з іх — рэканструкцыя вул. Парніковай ад вул. Макаёнка да вул. Філімонава, падаўжэнне вул. Жукоўскага ад вул. Аэрадромнай да вул. Кіжаватава з транспартнай развязкай «Мінск-Мір», будаўніцтва першага гарадскога транспартнага кальца на ўчастку ад вул. Харкаўскай да вул. К. Лібкнехта. Дзмітрый Янчык таксама адзначыў, што транспартныя развязкі плануюць будаваць ў найбліжэйшы час. На развіццё вулічна-дарожнай сеткі ў 2015-2020 гадах плануецца выкарыстаць 8 трлн 615 млрд рублёў. Фінансаванне будзе павялічвацца з кожным годам.

Трасы ў крэдыт

Рэканструкцыя трасы М6 Мінск-Гродна таксама пачнецца ў найбліжэйшы час. Для рэалізацыі праекта па рэканструкцыі М6 Сусветны банк выдзяляе крэдыт у памеры 250 млн долараў.

«Зараз ідзе працэдура выбару падрадчыка — міжнародныя таргі. У хуткім часе рэалізацыя праекта пяройдзе ў практычную плоскасць», — адзначыў Аляксандр Галаўнёў.

Сёння таксама прапрацоўваецца пытанне рэканструкцыі аўтадарогі М10. Як растлумачыў Аляксандр Галаўнёў, Мінтранс разлічвае рэалізаваць гэты праект на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Удзельнічаць у праекце плануе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Для прыцягнення патэнцыйных інвестараў на наступным тыдні Мінтранс прадставіць праект па рэканструкцыі М10 на форуме ў Лондане. Працягваецца рэканструкцыю дарогі М5 Мінск-Гомель. Зараз актыўна працуюць на ўчастку Бабруйск-Жлобін. Усе работы фінансуюцца за кошт ільготнага крэдыту Эксімбанка КНР. Раней рэканструкцыя М5 па параметрах І катэгорыі правялі на ўчастках Пухавічы-Бабруйск, Жлобін-Гомель. На гэтыя мэты былі накіраваны крэдытныя сродкі Беларусбанка і Эксімбанка КНР.

«Рэканструкцыя будзе завершана ў 2016 годзе, уся дарога М5 будзе адпавядаць параметрам першай катэгорыі», — заявіў Аляксандр Галаўнёў.

У 2015 годзе працягнуць работы па распачатым раней участку аўтадарогі Р23 Мінск-Мікашэвічы. На іх фінансаванне выдзяляецца крэдыт Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. Усяго сёлета плануецца правесці бягучы рамонт на 780 км дарог і 1682 пагонных метрах мастоў, капітальны рамонт — на 39 км дарог і 1374 пагонных метрах мастоў. Пасля рэканструкцыі і новага будаўніцтва ў эксплуатацыю намечана ўвесці 81 км дарог.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».