Вы тут

Не ўтрымалі...


У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра паражэнне беларускіх футбалістаў у таварыскім матчы, нечаканыя вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе і ўдалае выступленне беларускіх дзюдаістаў на хатнім старце.

9-17

1. Зборная Беларусі па футболе ў таварыскім матчы саступіла камандзе Расіі — 2:4. Падапечныя Аляксандра Хацкевіча няўпэўнена пачалі матч і пасля першага тайма саступалі 0:1. Але ў другім тайме Сяргей Кісляк аформіў дубль і вывеў сваю зборную наперад. Тым не менш расіянам спатрэбілася ўсяго толькі 13 хвілін, каб забіць тры мячы і аформіць выніковую перамогу.

«У першым тайме было шмат мітусні, — адначыў пасля гульні паўабаронца зборнай Беларусі Аляксандр ГЛЕБ. — А другі тайм паказаў, што мы можам гуляць годна. Мы не проста кантралявалі гульню, але і момантаў стваралі шмат. У сапернікаў нават і шанцаў доўга не было. Але самі вінаватыя: далі ім магчымасць вярнуцца ў гульню, прапусціўшы другі гол».

Нагадаем, што 14 чэрвеня на «Барысаў-Арэне» зборная Беларусі правядзе матч кваліфікацыі Еўра-2016 супраць каманды Іспаніі.

2. Мінскае «Дынама» нечакана саступіла аднаклубнікам з Брэста ў матчы 9-га тура чэмпіянату краіны па футболе (0:1). Адзіны гол — на рахунку Уладзіміра Шчэрбы.

Бабруйская «Белшына» ў гасцях разграміла жодзінскае «Тарпеда» — 3:0. А БАТЭ на класе перайграў мікашэвіцкі «Граніт» — 1:0. Аўтарам пераможнага гола стаў Віталь Радзівонаў.

Адзначым і астатнія вынікі 9-га тура: «Мінск» — «Шахцёр» 1:0, «Віцебск» — «Нёман» 0:0, «Нафтан» — «Гомель» 3:1, «Слуцк» — «Славія» 3:1.

3. На першым у сезоне этапе Кубка свету па скоках на батуце, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу, беларускі дуэт Мікалай Казак/Уладзіслаў Ганчароў заваяваў «золата». Беларускія батуцісты раздзялілі перамогу з расійскім тандэмам. Адзначым таксама, што ў фінале індывідуальных скокаў чэмпіён Еўропы Уладзіслаў Ганчароў спыніўся за крок да п'едэстала, фінішаваўшы чацвёртым.

4. Дзве бронзавыя ўзнагароды ў апошні дзень заваявалі беларускія спартсмены на мінскім этапе Кубка Еўропы па дзюдо. У барацьбе за «бронзу» Ігар Жукаў атрымаў «чыстую» перамогу іпонам над эстонскім спартсменам Аляксандрам Мармелюком. А Марыне Слуцкай у паядынку супраць украінкі Настассі Сапсай прысудзілі перамогу па меншай колькасці заўваг шыдо. Раней Дар'я Скрыпнік заваявала залаты медаль у вагавай катэгорыі да 52 кг. Па ходзе турніру Дар'я атрымала чатыры перамогі, прычым тры з іх — іпонам.

5. У фінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў «Барселона» атрымала ўпэўненую перамогу над «Ювентусам» (3:1). Такім чынам, каталонскі клуб пяты раз стаў уладальнікам галоўнага трафея Еўропы, зраўнаваўшыся па гэтым паказчыку з «Міланам».

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?