Вы тут

Пра страўнік і яго ворагаў


Страўнік — не сэрца, без яго можна жыць. Гэты орган часам выдаляюць або «ўшываюць», але чалавек працягвае жыць, хоць гэта няўхільна адбіваецца на якасці яго жыцця. Бо лішніх органаў у нас няма, усё прадумана. Для чаго ж патрэбен орган, падобны на зручны мех? Як захаваць яго здаровым, без эрозій ды язваў? Паспрабуем разабрацца разам з дацэнтамі 2-й кафедры ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдатамі медыцынскіх навук, урачамі-гастраэнтэролагамі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Мікалаем КАПРАЛАВЫМ і Ірынай ШАЛАМІЦКАЙ.

3-6

Што там адбываецца?

— Наогул страўнік ажыццяўляе асноўны этап ператраўлівання ежы. Нездарма яна знаходзіцца тут цягам некалькіх гадзін. Не затрымліваецца толькі вада — праходзіць далей транзітам. Сок, малако, кефір ператраўліваюцца, як і цвёрдыя прадукты, таму і лічацца ежай. Проста сок ператраўліваецца хутка, рыба крыху даўжэй, а мяса — яшчэ даўжэй. Тут нават не патрэбна спецыяльная адукацыя, каб гэта зразумець. Любая ежа пакідае страўнік і рухаецца далей, у дванаццаціперсную кішку, у выглядзе вадкай кашкі, яна называецца хімусам.

Сценкі страўніка маюць шмат залоз, якія пачынаюць сваю работу пад уздзеяннем некалькіх момантаў, у тым ліку механічнага ціску і хімічнага ўздзеяння. Што такое хімічнае ўздзеянне? Мы бачым ежу, адчуваем яе пах, у нас ўжо актывізуюцца гэтыя залозы і пачынаецца выпрацоўка трох важных гармонаў — гастрыну, ацэтылхаліну і гістаміну, без якіх немагчымы працэс ператраўлівання. Запускаецца адначасова і працэс аддзялення страўнікавага соку. Сценкі страўніка аўтаматычна скарачаюцца, ежа насычаецца гэтым сокам. Як толькі ежа стала хімусам, яна павінна перайсці ў тонкі кішэчнік — дванаццаціперсную кішку, для чаго прымушае адкрыцца сфінктар, які аддзяляе страўнік ад кішкі. Сфінктар — вельмі важны пагранічнік, паколькі асяроддзе ў страўніку кіслае, а ў тонкім кішэчніку — шчолачнае. Калі сфінктар расслаблены, ежа можа закідвацца з кішэчніка ў страўнік і спрыяць гастрыту і язве. Ежа павінна рухацца строга ўніз, а калі адбываецца закід угору, то гэта называецца рэфлюксам, і гэта ўжо само па сабе захворванне, якое можа спрыяць развіццю больш небяспечнай паталогіі.

Якую ежу абмяжоўваць?

— Салёную, вострую, вэнджаную і смажаную. Усё гэта стымулюе выпрацоўку гастрыну ў надта вялікай колькасці. Здаецца, ну і няхай, аднак гэты гармон адказвае за выпрацоўку салянай кіслаты. Больш гастрыну — больш кіслаты. Наогул яна пастаянна прысутнічае ў невялікай колькасці ў страўніку, яе колькасць павялічваецца падчас ператраўлівання, аднак лішак салянай кіслаты траўмуе слізістую, а гэта можа спрыяць гастрыту з эрозіямі і язве.

Ці шкодзіць курэнне?

— Нікацін і іншыя прадукты тытунёвага дыму парушаюць ахоўны састаў слізі, якая пакрывае ўнутры страўнік. У залежных ад тытуню, як і ў тых, хто злоўжывае алкаголем, пастаянна выпрацоўваецца большая колькасць салянай кіслаты, узровень рН у страўніку паніжаецца, асяроддзе становіцца вельмі кіслым, а гэта, як было сказана вышэй, павышае рызыку развіцця эрозій і язвы.

Навошта рэжым харчавання?

— Таму што гэта адпавядае фізіялогіі. Арганізму патрэбна рытмічнае паступленне ежы — 4-5 разавае харчаванне. І справа не толькі ў калорыях і карысных рэчывах, але і ў неабходнасці рэгулярна нейтралізаваць саляную кіслату. Калі вы будзеце харчавацца раз на суткі, то «не пагашаная» ежай кіслата зробіць сваю шкодную справу — справакуе кіслотазалежныя эрозіі і язвы... Сучасная дыеталогія не падтрымлівае ні галадання, ні працяглых разгрузачных дзён. Прычым важна гэта не толькі для страўніка, але і для іншых органаў стрававання, напрыклад, для падстраўнікавай залозы і жоўцевага пузыра, якія выпрацоўваюць свае ферменты, і ім таксама трэба расходавацца. Калі мы не расходуем на ператраўліванне ежы жоўць, яна ператворыцца ў камяні — вось і жоўцекамянёвая хвароба.

Ніякіх разгрузачных дзён?

— Разгрузачныя дні трэба выкарыстоўваць правільна. Напрыклад, адмаўляцца ад тлустых, смажаных, мясных прадуктаў і рабіць акцэнт на рыбе, садавіне, агародніне. Цалкам адмаўляцца ад мяса не варта. Натуральнае мяса — гэта нармальнае развіццё і здароўе арганізма дзяцей і дарослых. Проста не трэба захапляцца мяснымі прадуктамі штодня. Наогул доўга сядзець на разгрузках, дыетах нельга. Заўважце, што менавіта поўныя людзі часта сядзяць на дыетах, штосьці абмяжоўваюць, а хударлявыя ядуць часта і захоўваюць нармальную вагу. Важна не пераядаць, каб страўнік не запаўняўся надта шчыльна.

Запіваць ці не?

— Перад ежай рэкамендуецца піць звычайную, не газіраваную і не мінеральную ваду. Наогул жа ніхто не адмяняў меню з трох страў — першай, другой і трэцяй. А трэцяя — гэта кісель, сок, кампот і г.д. Што да чаю, то пажадана яго выпіць асобна, без булачкі або пірожнага. Каву ў гарачы час года трэба абмяжоўваць — яна абязводжвае арганізм. А вось звычайнай вады нам патрэбна каля 1,5-2 л у суткі. Нават хворым людзям, тым, хто баіцца ацёкаў, неабходна абмяжоўваць соль, але не ваду.

Як узнікае язва?

— Фактычна ў ста працэнтах выпадкаў язва дванаццаціперснай кішкі абумоўлена дзейнасцю мікроба хелікабактар пілары. Язву страўніка гэты мікраарганізм выклікае крыху радзей — прыкладна ў палове выпадкаў. Хелікабактар перадаецца праз посуд, пацалункі і г.д. Таму інфіцыравацца можна як у хатніх умовах, так і ў месцах грамадскага харчавання — там, дзе не карыстаюцца машынамі для мыцця посуду з неабходным тэмпературным рэжымам вады. Усё ж такі мікроб даволі ўстойлівы і гіне пры тэмпературы ў 90 градусаў! Мікробу падабаецца як кіслае, так і шчолачнае асяроддзе, а таму ён няблага сябе адчувае і ў страўніку, і ў дванаццаціперснай кішцы. Як толькі хелікабактар пілары трапляе ў клетку эпітэлію слізістай абалонкі, то пачынае выпрацоўваць урэазу — фермент, шкодны для эпітэлію. Праз нейкі час гэтае шкоднае ўздзеянне выклікае запаленне, эрозію, гемарагічны (кроватачывы) гастрыт, язву і нават рак. Адкрылі мікраарганізм у 1930-я, але думалі, што ён бяспечны, і толькі ў 1980-я аўстралійскія даследчыкі даказалі сувязь хелікабактарнай інфекцыі з развіццём язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Аднак далёка не ўсе носьбіты гэтага мікроба, а гэта каля 70 працэнтаў дарослага насельніцтва, пачынаюць хварэць. Прычыны яшчэ вывучаюцца, аднак ужо вядома, што існуюць розныя штамы мікроба — больш ці менш небяспечныя.

І лекі вінаватыя?

— І эрозіі (павярхоўныя пашкоджанні слізістай), і язвы (пашкоджанні, якія дасягнулі мышачнай сценкі страўніка) могуць выклікаць некаторыя лекі, у першую чаргу нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты (аспірын, бруфен, ібупрафен, дыклафенак і г.д.) і кортыкастэроіды (прэднізалон, гідракарцізон і г.д). Яны шкодзяць некаторым пацыентам нават у мікрадозах і нават у выглядзе рэктальных свечак, паколькі з токам крыві лекі ўсё роўна дасягаюць усіх органаў, у тым ліку слізістай страўніка.

Якім бывае лячэнне?

— Дзякуючы такім магутным супрацькіслотным прэпаратам, як інгібітары пратоннай помпы, можна на працяглы час блакіраваць паталагічна высокі ўзровень салянай кіслаты. Гэта спрыяе загойванню язвы і поўнаму выздараўленню. Так лечацца язвы, звязаныя з дзеяннем лекавых прэпаратаў і абумоўленыя наяўнасцю цяжкіх захворванняў унутраных органаў (цыроз, ныркавая, сардэчная, дыхальная недастатковасць). Тут важна ведаць, што ў такіх выпадках язвавае захворванне развіваецца без усякіх асаблівых сімптомаў, а гэта вельмі небяспечна, паколькі аднойчы сценка страўніка разрываецца, змесціва трапляе ў брушную поласць, і хворы можа загінуць ад перытаніту. Калі язва абумоўлена наяўнасцю хелікабактарнай інфекцыі, пацыенту прызначаецца амбулаторнае лячэнне з выкарыстаннем адразу двух антыбіётыкаў. Толькі пэўныя прэпараты ў пэўных дозах і з пэўнымі тэрмінамі ўжывання дазваляюць вынішчыць мікраарганізм. Гэта можа быць такая схема: кларытрамецын (0,5 г 2 разы ў дзень), амоксіцылін (1 г 2 разы ў дзень) плюс прэпарат з ліку інгібітараў пратоннай помпы, напрыклад, амепразол. Прэпараты можна замяніць, калі ў пацыента ўзнікае лекавая непераноснасць. Антыбіётыкі прызначаюцца на 10 дзён, антыкіслотны прэпарат — да 2-4 месяцаў у залежнасці ад паталогіі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.