Вы тут

Другое жыццё Цінявіч


Як энтузіясты з Мінска вёску адрадзілі.

У вёску Цінявічы Карэліцкага раёна, якая яшчэ 5 гадоў таму лічылася не проста неперспектыўнай, а ўвогуле страчанай для гэтых мясцін, нядаўна з'ехаліся людзі не толькі з навакольных мясцін, але і з Мінска, іншых рэгіёнаў Беларусі. Гаспадары сялянскай гаспадаркі «Белыя лугі» арганізавалі для іх фестываль «Талака» — з народнай музыкай, танцамі, кірмашом рамеснікаў, гульнямі і забавамі, з дранікамі і іншымі стравамі нашай нацыянальнай кухні. А асобнай «фішкай» свята стала сяўба пшаніцы паводле беларускага абраду, дзе спачатку выбіралі так званую «лёгкую руку».

[caption id="attachment_85888" align="alignnone" width="600"]Іван Ра­дзю­ке­віч ра­зам з удзель­ні­ка­мі прэс-ту­ра за сяў­бой лу­бі­ну. Іван Ра­дзю­ке­віч ра­зам з удзель­ні­ка­мі прэс-ту­ра за сяў­бой лу­бі­ну.[/caption]

Са спіса не выключана!

У гэтай калісьці неперспектыўнай вёсцы, якая магла быць зусім выключана са спіса населеных пунктаў, я пабываў за некалькі дзён да вышэйзгаданага фестывалю падчас прэс-туру «Новы погляд на агра- і экатурызм» (яго наладзіў праект USAІD «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», які ажыццяўляе праграма развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам спорту і турызму Беларусі).

Безимени-13

Сялянская гаспадарка «Белыя лугі» ў рамках гэтага праекта атрымала кансультатыўную падтрымку (семінары, вывучэнне замежнага вопыту, дапамога экспертаў у распрацоўцы стратэгіі развіцця), а таксама выйграла фінансавы грант (у памеры 15 тысяч долараў) на стварэнне сцэнічнай пляцоўкі, якую і апрабавалі на фестывалі «Талака».

— Гэта ўнікальная для Беларусі ініцыятыва, калі прыватны бізнес узяўся за адраджэнне вёскі. Прычым гэтая ідэя, як бачым, ужо набывае даволі крэатыўныя рысы, — зазначае каардынатар праекта USAІD «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» па Гродзенскай вобласці Аляксандр ШУХНО.

...Удзельнікаў прэс-тура сустрэў кіраўнік сялянскай гаспадаркі «Белыя лугі» Іван РАДЗЮКЕВІЧ. Ён мінчанін, па спецыяльнасці архітэктар і, дарэчы, сам зрабіў праект сцэнічнай пляцоўкі, удзельнічаў у яе будаўніцтве. А цяпер Іван у пэўным сэнсе і вясковы жыхар — больш знаходзіцца тут, а не ў сталіцы. Яму не толькі вельмі даспадобы тутэйшая прырода, але ёсць і шчырае жаданне зрабіць паспяховым гэты турыстычны праект.

Ідэя адраджэння Цінявіч і развіцця тут турыстычнай дзейнасці з'явілася ў яго бацькі. Павел РАДЗЮКЕВІЧ, бізнесмен з Мінска, даведаўся пра гэтыя цудоўныя прыродныя мясціны, прыехаў сюды і... Вёска была ўжо практычна зусім бязлюдная, і толькі спадкаемцы двух тутэйшых дамоў яшчэ нядаўна прыязджалі, каб нешта пасадзіць на агародзе. Ды і іх на момант прыезду Радзюкевіча не стала, а толькі — занядбанасць і адсутнасць гаспадароў. Некаторыя дамы з-за пустазелля былі практычна нябачныя. Ці патрэбны яны спадчыннікам? Дзе гэтыя людзі? З дапамогай мясцовых улад распачалася складаная праца па кантактах з імі, аднаўленні правоў уласнасці на дамы і зямельныя ўчасткі, афармленні неабходных дакументаў і далейшым продажы сялянскай гаспадаркі. Па некаторых домаўладаннях гэтая праца доўжыцца і сёння.

— Мы вельмі прыязна ставімся да такой ініцыятывы, паколькі гэта інвестыцыі ў развіццё нашай тэрыторыі, ды і эканомія бюджэтных сродкаў, якія б траціліся на знос дамоў, што былі не запатрабаваны, але цяпер паслужаць карыснай справе, — кажа старшыня Варанчанскага сельскага Савета Сяргей БАРАНАЎ.

Выгада для тэрыторыі, вядома, яшчэ і ў тым, што дзякуючы новым гаспадарам у Цінявічах ужо цяпер працуюць 12 чалавек з навакольных вёсак і суседніх мясцін — на пастаяннай аснове. Яны займаюцца будаўнічымі, сельскагаспадарчымі і іншымі работамі. А калі гаспадарка будзе развівацца, то, пэўна, з'явяцца і іншыя працоўныя месцы.

— Тут вельмі прыемна спаць. Такая цішыня, проста неверагодна. А калі выгляне сонейка і птушкі заспяваюць, дык проста супер, — дзеліцца ўражаннямі Іван Радзюкевіч.

І асалода ад прыроды, і бізнес

Зрэшты, гаспадарам трэба не толькі атрымліваць асалоду ад знаходжання ў цудоўным прыродным кутку, але і рабіць бізнес, акупляць свае затраты. У Цінявічах ужо гатовы для гасцей 7 дамоў, а ўвогуле іх будзе 15 — не толькі тутэйшых, але і «навасельцаў» з суседніх вёсак, якія аказаліся там непатрэбнымі. Дамы стараюцца аднавіць з захаваннем беларускай аўтэнтычнасці — мэбля, посуд і іншыя бытавыя рэчы, нават фотаздымкі былых уладальнікаў на сценах... Але разам з тым створаны і нармальныя бытавыя ўмовы — гарачая і халодная вада, душ, прыбіральня. Адзін з яшчэ нядаўна непатрэбных дамоў стаў карчмой, дзе прыгатуюць нашы традыцыйныя стравы, другі — лазняй. У найбліжэйшых планах — будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі. Непадалёку ёсць свой пчальнік, займаюцца вырошчваннем маліны, запусцілі ў возера карпа і таўсталобіка. У распараджэнні гаспадаркі таксама 20 гектараў ворнай зямлі. Пакуль канчаткова яшчэ не вызначыліся з яе найбольш эфектыўным выкарыстаннем, але цяпер разлічваюць атрымаць выгаду ад вырошчвання катрану (від хрэну) і кмену.

— Мы, дарэчы, можам і гасцям даць кавалак зямлі для ўласнага агарода, прычым з неабходным насеннем і інструментам. Калі ласка, даглядайце яго і збірайце ўраджай. Мо з'явяцца ў нас такія пастаянныя наведвальнікі? — марыць Іван Радзюкевіч.

Гасцям таксама прапануюць экскурсійныя падарожжы з наведваннем Міра, Нясвіжа, Навагрудка, Любчы, Ліды, веласіпедныя прагулкі. Альбо можна, як гэта зрабілі ўдзельнікі прэс-тура, папрактыкавацца ў сельскагаспадарчых работах, пасекчы дровы.

Па сутнасці, пасля даволі працяглай падрыхтоўкі турыстычная дзейнасць у «Белых лугах» толькі распачынаецца. Вось бы і айчынныя турфірмы падставілі гэтым рупліўцам сваё плячо! Пасадзейнічалі (зразумела, з выгадай і для сябе) у прыцягненні сюды на адпачынак не толькі нашых землякоў, але і тых жа расіян. Дарэчы, некаторыя прадстаўнікі турбізнесу таксама былі ў гэтай паездцы. Зацікавіліся? Паводле ацэнкі дырэктара адной з мінскіх кампаній, і сапраўды можа атрымацца выдатны турыстычны прадукт.

Што ж тычыцца сцэнічнай пляцоўкі ва ўжо не закінутых, а даволі ўпэўненых у сваёй будучыні Цінявічах, то ёй можна і трэба карыстацца не толькі для фестываляў, якія хочуць зрабіць традыцыйнымі гаспадары турыстычнай вёскі. Яны з радасцю адгукнуцца і на іншыя ініцыятывы — з раёна, вобласці і нават са сталіцы.

Барыс ПРАКОПЧЫК. Фота аўтара

Карэліцкі раён.

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.