Вы тут

БАТЭ зноў з Кубкам!


У тыднёвым аглядзе «Звязда» распавядае пра нечаканы разгром салігорскага «Шахцёра», чарговы рэкорд Аліны Талай і трэцюю перамогу Васіля Кірыенкі на этапе «Джыра д`Італія».

1. Разгромам «Шахцёра» скончыўся фінал Кубка Беларусі па футболе. БАТЭ, перайграўшы «гарнякоў» з лікам 4:1, трэці раз стаў уладальнікам Кубка. У вароты Уладзіміра Бушмы забівалі Міхаіл Гардзяйчук, Віталь Радзівонаў, Аляксандр Карніцкі і Мікалай Сігневіч. Аўтар апошняга гола ў вароты «Шахцёра» Мікалай Сігневіч так пракаментаваў дасягненне сваёй каманды: «БАТЭ даўно не заваёўваў Кубка Беларусі, а я наогул ніколі, таму вельмі хацелі перамагчы. У гэтым сезоне мы ўжо гулялі з «Шахцёрам», і абодва разы матч заканчваўся безгалявой нічыёй. Шчыра прызнаюся, была думка, што і гэтая гульня можа атрымацца падобнай на папярэднія. У першым тайме было сапраўды цяжка. У другім згулялі больш востра — гэта і стала ключом да перамогі».

26-17

Некаторыя вынікі 7 тура чэмпіянату Беларусі па футболе:

«Віцебск» — «Дынама-Мінск» 0:0, «Мінск» — «Нёман» 2:0, «Нафтан» — «Славія» 1:1, «Дынама-Брэст» — «Слуцк» 1:1, «Граніт» — «Гомель» 1:0.

Адзначым, што ў турнірнай табліцы дэбютант вышэйшай лігі мікашэвіцкі «Граніт» — на другім месцы.

2. Аліна Талай працягвае паляпшаць уласныя дасягненні. На турніры Сусветнага выкліку, які праходзіў у галандскім Хенгела, Талай перамагла на дыстанцыі 100 метраў з бар'ерамі, паказаўшы час — 12,7 с.

3. Беларускі велагоншчык Васіль Кірыенка, які выступае за каманду «Скай», выйграў 14-ты этап «Джыра д`Італія». Дыстанцыю амаль што ў 60 км наш спартсмен пераадолеў за 1 гадзіну 17 хвілін 52 секунды. Нагадаю, што раней Кірыенка станавіўся пераможцам на італьянскай велашматдзёнцы — у 2008 і 2011 гг.

4. Жаночая зборная Беларусі па валейболе выйшла ў фінальную частку чэмпіяната Еўропы. У другім матчы супраць каманды Украіны наша зборная ўзяла вырашальную другую партыю і па суме дзвюх гульняў (2-3, 3-0) заваявала пуцёўку на кантынентальнае першыство, якое адбудзецца з 26 верасня па 4 кастрычніка ў Бельгіі і Галандыі.

5. Беларускія гімнасткі ўдала выступілі на чацвёртым у сезоне этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, які праходзіў у Ташкенце. Трохразовы прызёр сёлетняга чэмпіянату Еўропы Кацярына Галкіна заваявала тры медалі — «серабро» ў практыкаванні з булавамі і дзве «бронзы» ў практыкаваннях з мячом і са стужкай. Дзве ўзнагароды на рахунку нашых «групавічак»: у абодвух фіналах асобных відаў дзяўчаты паказалі трэці вынік. Акрамя гэтага, на подыум юніёрскага турніру пяць разоў узнімаліся нашы маленькія «грацыі» Юлія Ісачанка і Юлія Еўчык!

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.