Вы тут

Кот у лядоўні ды іншыя нечаканасці


Якога тэатра вам не хапае? Гэта не рытарычнае пытанне. Гледачы сапраўды могуць паўплываць на абнаўленне рэпертуару Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і ўключыць у яго спектакль на свой густ.

Як наклікаць спектакль?

Напрыканцы красавіка пад Мінскам распачала сваю працу ІV Міжнародная драматургічная лабараторыя, якую пры падтрымцы міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «ТэАрт» і інтэрнэт-часопіса «Культпрасвет» зладзіў Цэнтр беларускай драматургіі. 7 беларускіх драматургаў і 7 рэжысёраў з Беларусі, Латвіі і Украіны пад куратарствам вядомага расійскага рэжысёра, мастацкага кіраўніка «Тэатра. DOC» ды ідэолага руху «новая драма» Міхаіла Угарава пяць дзён правялі разам, каб стварыць «макеты задум» для будучых п'ес.

Зараз «макеты» знаходзяцца ў стадыі дапрацоўкі — стварэння паўнавартаснай п'есы. З сярэдзіны мая да сярэдзіны чэрвеня Цэнтр беларускай драматургіі правядзе традыцыйныя чытанні. Гэтым разам яны мусяць займець значна больш шырокую аўдыторыю, чым звычайна — тыя, хто не трапіць на чытанні, змогуць паглядзець на сайце часопіса «Культпрасвет» іх відэазапісы і там жа прагаласаваць за тэкст, які найбольш спадабаўся. Па выніках глядацкага галасавання спектакль паводле найлепшага тэксту ў кастрычніку 2015-га з'явіцца ў рэпертуары РТБД. Цалкам магчыма, што ўвасоблены на сцэне будзе не адзін тэкст: арганізатары пакідаюць за сабой права павялічыць колькасць пераможцаў і прадставіць п'есы не толькі ў рэпертуары РТБД, але і беларускай праграмы форуму «ТэАрт», у рамках якой актыўна развіваецца айчынны праектны тэатр і былі пастаўлены такія п'есы, як «Сумны хакеіст» Паўла Пражко, «Кароткачасовая» Канстанціна Сцешыка, «Patrіs» Віктара Красоўскага, Дзмітрыя Багаслаўскага і Сяргея Анцалевіча (тэкст, дарэчы, напісаны ў
І Драматургічнай лабараторыі).

Інтэрпрэтацыя і параход сучаснасці

З'яўленне і неперарыўная чатырохгадовая праца лабараторыі для беларускай тэатральнай прасторы значыць шмат. Па-першае, стварэнне большасці вядомых сучасных беларускіх п'ес і спектакляў так ці інакш звязана з дзейнасцю лабараторыі і Цэнтра беларускай драматургіі. Згадаць хаця б дакументальны тэатральны праект Андрэя Саўчанкі «Бі-лінгвы» і п'есу Андрэя Іванова «Гэта ўсё яна», што сёлета былі прадстаўлены ў пазаконкурснай праграме «Маска Плюс» Расійскай нацыянальнай прэміі і фестывалю «Залатая Маска». Па-другое, лабараторыя вось ужо чатыры гады сістэмна працуе з ідэяй аб'яднання намаганняў драматурга і рэжысёра для працы над п'есай ад самага пачатку яе стварэння. Ідэя менавіта такога супрацоўніцтва ў розныя часы асэнсоўвалася прадстаўнікамі розных відаў сінтэтычных мастацтваў. Напрыклад, у лекцыях Андрэя Таркоўскага можна знайсці тэзісы, дзе ён абвяргае ідэю кінасцэнарыя як літаратурнага жанру і сцвярджае, што ідэальная сітуацыя для сцэнарыста — задумваць і пісаць разам з рэжысёрам. Гэта сцвярджэнне ў час крызісу інтэрпрэтацыйнага тэатра і з'яўлення «новай драмы», якая абвяргае інтэрпрэтацыю, становіцца сёння надзвычай актуальным для тандэму «драматург—рэжысёр». Пяцідзённая праца Міхаіла Угарава з удзельнікамі лабараторыі была скіравана на тое, каб выявіць спосабы партнёрскага ўзаемадзеяння паміж творцамі аднаго пакалення. Бо як зазначыў куратар, тэатр — гэта мастацтва пакалення: усе буйныя рэжысёры з'явіліся дзякуючы драматургам. І прыгадваючы, напрыклад, тандэм, які не перастае здзіўляць эксперыментамі, — расійскага рэжысёра Дзмітрыя Валкастрэлава і беларускага драматурга Паўла Пражко — цяжка з гэтым не пагадзіцца.

Апорны пункт як кропка ўзнясення

Але ж якія тэмы і эксперыменты цікавілі новаўтвораныя лабараторныя тандэмы? І якія тэксты ў хуткім часе можна будзе пачуць са сталічных сцэнічных пляцовак?

Падчас прэзентацыі вынікаў лабараторыі было прадстаўлена дзесяць драматургічных распрацовак. Многія з іх пераконваюць, што заваёвы сучаснай беларускай драматургіі — вострасацыяльнасць, рэакцыя на грамадскія падзеі, якія адбываюцца тут і цяпер (а гэтага вельмі не хапала беларускаму тэатру яшчэ літаральна дзесяцігоддзе таму) — не зніклі. Так, драматург Андрэй Іваноў і рэжысёр Дзяніс Фёдараў працавалі над стварэннем тэксту пра тэрарызм. А беларускі драматург Віталь Каралёў, заявіўшы тэму пра ваенны канфлікт ва Украіне, не змог пакінуць абыякавым куратара: хоць Міхаіл Угараў удзельнічаць і не збіраўся, усё ж уключыўся ў распрацоўку п'есы пад працоўнай назвай «Опіум».

Адвечная тэма, што хвалюе ўдзельнікаў тэатральнага працэсу, — праблема камунікацыі паміж людзьмі. Творчы дуэт драматурга Таццяны Кошалевай і рэжысёра, кіраўніка Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандра Марчанкі разважаў над тымі выбарамі, што робіць чалавек на працягу жыцця, а таксама здольнасцю людзей несці адказнасць за прынятыя некалі рашэнні. Галоўнай дзеючай асобай гэтай гісторыі стаў мёртвы кот у лядоўні.

19-14

Героі жывёльнага свету скарылі прысутных і ў выпадку прэзентацыі абсурдысцкай п'есы, над якой працавалі рэжысёр Яўген Карняг і драматург Дзмітрый Багаслаўскі. Гісторыя пра сабаку Адольфа Гітлера і чатырох яго шчанюкоў (праўда, дакладней будзе сказаць, ці то шчанюкоў, ці то жанчын, якія плывуць у герметычнай, але вельмі абмежаванай прасторы недзе каля берагоў Паўднёвай Амерыкі) выявіла ўсе плюсы і мінусы сутыкнення аўтарскага тэатра, якім займаецца Яўген Карняг, з тэатрам, дзе да працы над тэкстам абавязкова падключаецца драматург.

Адметная гэтая лабараторыя і працай з формамі і жанрамі. Так, у драматурга Андрэя Іванова і рэжысёра Алены Сілуцінай з'явілася ідэя сцэнічнага дыптыха, прысвечанага мужчынскай і жаночай ініцыяцыі. А беларускі драматург Павел Расолька і латышскі рэжысёр Георгій Суркоў прэзентавалі накід п'есы «Чалавечак» — дзіўная гісторыя пра ўвазнясенне чалавека ў апорным пункце міліцыі з выразнай адсылкай да сярэднявечнага тэатральнага жанру містэрыі.

«Макеты» тэкстаў, якія былі прадстаўлены па завяршэнні працы першага этапу лабараторыі, вядома, не дазваляюць зрабіць нейкіх высноў, апроч шырокага тэматычнага поля для выказвання ў сучасным тэатральным працэсе. Чые імёны і п'есы застануцца ў афішах ды шорт-лістах — пакуль непрадказальна. Як і тое, за каго ўрэшце прагаласуюць гледачы пасля чытанняў. І тое, колькі задум стануць паўнавартаснымі тэкстамі, ужо не гаворачы пра спектаклі. Аднак правядзенне ІV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі, яе ўзровень, цікавасць да яе звяртаюць увагу на важнасць і значнасць тых працэсаў, якія яна каталізуе. А таксама неабходнасць гэтых працэсаў у сучасным беларускім тэатры.

Алена Мальчэўская

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.