Вы тут

Шчасце — побач


Што агульнага ў мінчан і, напрыклад, жыхароў Барселоны? Думаю — дабрыня. Але праяўляецца яна трохі па-рознаму. Нядаўна я вярнулася ў Мінск пасля тыдня, праведзенага ў Барселоне, і зараз паспрабую расказаць пра гэта.

12-13

Усе адзначаюць дабрыню і гасціннасць беларусаў. І гэта насамрэч так. Памятаеце, як у 2011-м пасля тэракта мінскія таксісты бясплатна развозілі пасажыраў метро? А потым мы ўсе разам збіралі грошы, каб дапамагчы ахвярам? Упэўнена, кожны з нас можа ўспомніць не адзін выпадак, калі яму або яго знаёмым ці сябрам дапамагалі абсалютна незнаёмыя людзі. Так, мы, беларусы, заўсёды прыйдзем на дапамогу, калі нешта здарыцца. Але праяўляць свае пачуцці на людзях, нават самыя добрыя, мы часта саромеемся.

Памятаю адзін не вельмі шчаслівы для мяне, хоць і дробязны насамрэч, выпадак, калі я, спяшаючыся да аўтобуса, зачапілася за нешта і ўпала, разбіўшы калена да крыві і парваўшы сумку, якой спрабавала затармазіць. Паднялася... Побач, на прыпынку, стаялі людзі і старанна рабілі выгляд, што нічога не заўважылі. А мне хацелася праваліцца скрозь зямлю... Добра, што вадзіцель (добры чалавек!), відаць, убачыў маю бяду: пачакаў, пакуль я, кульгаючы, дабрыла да аўтобуса, і толькі тады зачыніў дзверы.

Нядаўна ў Барселоне я не заўважыла шкляныя дзверы нейкага магазінчыка і з усяго размаху ўехала ў іх ілбом. Малады хлопец, што стаяў непадалёк, тут жа кінуўся да мяне і, лапочучы нешта на сваёй мове, пачаў... гладзіць мяне па галаве. Маўляў, усё будзе добра, да вяселля зажыве — менавіта так я ўспрыняла гэты яго непасрэдны жэст. І сапраўды, дробязь, было б чаго хвалявацца...

Іншым разам я думаю: цікава, ці змог бы хтосьці з беларусаў адрэагаваць такім жа чынам у дачыненні да незнаёмага чалавека? Вельмі сумняваюся. Мы, беларусы, чамусьці больш суровыя ў праяўленні сваіх пачуццяў і не надта схільны паказваць сваю прыязнасць ці спачуванне, асабліва калі на нас глядзяць іншыя.

Я была ў Барселоне якраз тады, калі там праходзіў «Marato Barcelona» — штогадовы марафон, на які ў горад з'язджаюцца бегуны з усяго свету. Ехала ў метро і спачатку не магла зразумець, адкуль столькі людзей (гэта была раніца нядзелі, а народу, як у мінскім метро ў час пік). Але ўразіла мяне ўсё ж не гэта. У нейкі момант цягнік рэзка тармазнуў і людзі літаральна пасыпаліся адзін на аднаго. Ведаеце, якая рэакцыя была ў пасажыраў? Усе пачалі смяяцца, жартаваць, і людзі, што стаялі і трымаліся за поручні, сталі з усмешкамі працягваць руку дапамогі тым, каму не было за што трымацца: маўляў, трымайся за мяне... У мінскай падземцы я такога пакуль што не бачыла.

Я здымала пакой у апартаментах (у параўнанні з гатэлямі гэта больш танны варыянт размяшчэння). Раніцай, на хуткую руку нешта перахапіўшы, выходзіла з дома і збочвала ў маленькую кавярню, што была насупраць, каб выпіць гарачай кавы. «Добрай раніцы!» — радасна вітала мяне афіцыянтка па-іспанску. «Добрай раніцы!» — радасна адказвала я па-англійску. Мы цудоўна разумелі адна адну. Яна рабіла мне каву, смяялася, нешта напявала, падсоўвала мне свежы часопіс пагартаць і жэстамі паказвала, які цудоўны дзень настаў, надвор'е і ўсё астатняе — проста клас! Дарэчы, так было практычна ў кожнай кавярні, у якую я завітвала. І ўсмешкі, як ні дзіўна, былі сапраўднымі.

Толькі не трэба казаць, што іспанцы бесклапотныя і бестурботныя. У Іспаніі самы высокі на Захадзе ўзровень беспрацоўя, і іншых праблем таксама хапае.

Ведаеце, на якой думцы я сябе міжволі лаўлю? А можа, яны так паводзяць сябе таму, што, як ні парадаксальна гэта прагучыць, крыху большыя эгаісты, чым мы? Толькі іх эгаізм больш разумны і, магчыма, трымаецца на вельмі цвярозай думцы: калі хочаш, каб у цябе быў добры настрой і, наогул, адчуваць сябе камфортна, зрабі так, каб было камфортна твайму суседу.

Менавіта гэтым жаданнем пачуваць сябе добра тлумачацца, на маю думку, і ветлівасць, і прыязнасць, і жаданне саступаць. Ты паказваеш: праходзьце (бо, здаецца, падышла крыху пазней). А табе ў адказ: праходзьце, калі ласка, вы. І гэтая ветлівая пантаміма працягваецца да той пары, пакуль, нарэшце, першым не пойдзе той, у каго раней здадуць нервы (жарт, калі хто не зразумеў).

А калі сур'ёзна, то паводзіны іспанцаў вельмі добра ўкладваюцца ў тэорыю разумнага эгаізму Чарнышэўскага, які лічыў неабходнымі аб'яднанне і ўзаемадапамогу, узаемападтрымку людзей, таму што мы не можам быць шчаслівымі «самі з сабой», а толькі ў зносінах з іншымі людзьмі. Прычым наша шчасце цалкам залежыць ад шчасця вельмі многіх. Нездарма ж гавораць: «Пакрыўджаны крыўдзіць іншых, шчаслівы — адорвае шчасцем».

А што ж мы, беларусы, няўжо не разумеем гэтага? Разумеем, безумоўна. Але, як мне падаецца, у нас уступаюць у гульню крыху іншыя фактары. Колькі разоў нам было «не да жыру»! Таму ў нас культура выжывання, а не культура жыцця. Але на дварэ дваццаць першае стагоддзе. Ужо 70 гадоў мірнае неба над галавой. Можа, час вучыцца быць шчаслівымі?

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?