Вы тут

Як падарожнічаюць... зубастыя кіты?


Упершыню ў Беларусь з Крыма прывезлі на гастролі бялух.

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў перасоўным цырку на вадзе, калі ён працаваў у Віцебску, і пацікавіліся, як падарожнічаюць бялухі вагой больш за 400 кілаграмаў. Здзівіліся таму, што трэба каля 15 тон солі, каб зрабіць для іх «марскую ваду». Зразумела, не абышлося без пытанняў пра асаблівасці дрэсіроўкі гэтых прадстаўнікоў віду зубастых кітоў. Паколькі ў бялухі няма спіннога плаўніка, яе яшчэ называюць «бяскрылы дэльфін».

12-9

Прафесія, якой афіцыйна няма

Шацёр, у якім выступаюць бялухі, манціруецца ўсяго за 2-3 дні. У глядзельнай зале больш за 300 месцаў. Калі мы напрасіліся за кулісы дэльфінарыя на колах, павінна была пачацца рэпетыцыя. Дзве бялухі: дзяўчынка Полі і хлопчык Эльф, калі мы зайшлі ў шацёр, забаўляліся ў вялікім басейне. Убачыўшы дрэсіроўшчыка, яны хуценька падплылі да яго. Падчас трэніроўкі паказвалі розныя трукі. Сярод іншага выскаквалі з вады, каб дакрануцца пысачкамі да вялікіх шароў, гулялі з мячамі, паказвалі, як карысна чысціць зубы... А цалаваліся як цудоўна!

— Я з Крыма, а дакладней — з Севастопаля. І мае партнёры (бялухі) адтуль. Іх не ў гадавальніку вырасцілі, злавілі ў акіяне. Я — не дрэсіроўшчык, а трэнер марскіх млекакормячых. Дарэчы, афіцыйна такой прафесіі няма. І трэніраваць бялух нідзе не вучаць. Я — самавучка, — распавядае Сяргей Калягенка.

Гэты вельмі прыветлівы 28-гадовы мужчына сказаў, што трапіў у дэльфінарый выпадкова прыкладна 10 гадоў таму.

— Спачатку грузчыкам працаваў, потым — вартаўніком. Глядзеў, як працуюць трэнеры, потым узялі ў памочнікі. Вы былі ў звычайным цырку? Заўважылі, што там, напрыклад, львоў і «пакараць» за непаслухмянасць на арэне могуць, калі лянуюцца? Мы з бялухамі — партнёры, — працягвае суразмоўца.

Насамрэч, рэпетыцыя і выступленні больш нагадваюць гульню. Вядома ж, у якасці «выйгрышу» водныя гіганты атрымліваюць рыбу.

[caption id="attachment_83069" align="alignnone" width="600"]12-81 Трэ­нер і бя­лу­хі пад­час рэ­пе­ты­цыі.[/caption]

«Жыллё» — 400 тон вады

Сяргей з любоўю распавядаў пра сваіх «вучняў». У прыватнасці, даўжыня старэйшай па ўзросце 5-гадовай Полі прыкладна 3,7 метра, вага — каля 450 кілаграмаў.

— Кормяць Полі і Эльфа выключна марской рыбай. Ядуць мойву, траску, селядзец (іх любімая «страва») і іншае. У дзень з'ядаюць прыкладна па 25 кілаграмаў. Замарожаны корм для іх купляем у звычайных крамах. Бялухі выступаюць і жывуць у гэтым басейне. Яго дыяметр — 12 метраў. Па акружнасці — жалезныя шчыты, каб вытрымалі напор вады. У «арэне» пад 400 тон вады, якую бяром са звычайнага водаправода. Так, робім штучную марскую ваду. Для гэтага за раз выкарыстоўваем каля 15 тон звычайнай кухоннай солі. Вада фільтруецца і чысціцца бесперапынна, апрасняецца, асвяжаецца, — дзеліцца нюансамі Сяргей.

Перад пераездам у чарговы горад бялух кладуць на спецыяльныя насілкі, каб апошнія вытрымалі вагу, каб бялухі не параніліся, падымаюць кранам, маніпулятарам. І потым — у басейн на колах. Перавозяць бялух падчас гастроляў у звонку тыповай фуры. Але ўнутры — басейн глыбінёй 4 метры. За рулём незвычайнага аўто штатны вадзіцель, які мае вопыт перавозкі млекакормячых. Вядома, з такім грузам не разгонішся. Хуткасць — максімум 70 кіламетраў у гадзіну, каб вада не вылівалася, каб не атрымалі хвастатыя пасажыры траўмы...

Як спяць бялухі? Трэнер распавёў, што проста «завісаюць» у вадзе. Пры гэтым, зразумела, з заплюшчанымі вачыма рэагуюць на любы шоргат. Каб выспацца, ім досыць 2,5-3 гадзіны.

12-71

Яны могуць і... лячыць

Калі гутарылі, Полі, плаваючы ля борта, «праяўляла ініцыятыву». Падумаў, што раўнуе да трэнера, а высветлілася, што фліртуе са мной. Пару разоў пускала ў мой бок струменьчыкі вады, сваволіла. Ледзь адскочыў ад яе чарговага «кампліменту». З трэнерам і фатографам мы смяяліся ад душы.

— Дарэчы, наконт «жаночага характару». Самкі вучацца вельмі хутка, практычна адразу схопліваюць, але ў працы пачынаюць трошкі халтурыць. А самцы, як правіла, вучацца горш, але працуюць без сюрпрызаў. Так, і ў бялух можа быць дрэнны настрой. Я гэта адчуваю. Падымаюся на масток і адразу бачу, хто будзе сёння горш працаваць, а хто добра. Яны ж і «размаўляюць»... Як разумеюць мяне? Рэагуюць на жэсты. Ім не прынцыпова, хто з імі працуе. Але па-рознаму, можна так сказаць, наладжваецца кантакт. Напрыклад, адзін трэнер знаходзіць агульную мову за паўгода. Я з імі толькі месяц працую, — інтрыгуе крымчанін.

Бялухі, як і дэльфіны, выкарыстоўваюцца ў так званай дэльфінатэрапіі. Яны спакайнейшыя за дэльфінаў. З імі камфортней тым, хто не вельмі добра плавае. Сеансы рэкамендуюцца для карэкцыі псіхічнага развіцця людзей з захворваннямі нервовай сістэмы, для лячэння ранняга дзіцячага аўтызму, дзіцячага цэрабральнага паралічу і іншых захворванняў.

Зразумела, у цыркавых бялух іншыя задачы. Але іх выступленне ўжо сам па сабе — псіхатэрапеўтычны сеанс. А яшчэ яны і... прафесійныя мастакі. У Віцебску карціны, намаляваныя бялухамі падчас паказу, прадавалі на аўкцыёне. (Адзін з твораў купілі за 400 тысяч рублёў.)

Таксама бялухі выкарыстоўваюцца ў якасці памочнікаў для вадалазаў, служаць у арміі, дапамагаюць здымаць пад вадой фільмы...

Пасля Віцебска бялух, паўночных марскіх львоў, марскіх коцікаў можна будзе ўбачыць і ў іншых гарадах краіны... Усё лета артысты плануюць радаваць сваім шоу жыхароў Беларусі. Вядома ж, у Мінску можна ўбачыць дэльфінаў. Але бялухі — гэта кіты, якія «самі» могуць прыехаць у глыбінку.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

А вы ведалі, што...

* Цяжарнасць бялухі — да 14 месяцаў, немаўля яна корміць грудным малаком.

* Пры нараджэнні бялухі цёмнага колеру, «аж чорныя». Калі вырастаюць, становяцца беласнежнымі, бо жывуць у паўночных шыротах.

* Як паведаміў трэнер, вядомы толькі адзін выпадак, калі бялуха нарадзіла ў няволі (у Кітаі).

* У дзікай прыродзе бялуха можа быць вагой 3 тоны і 6 метраў у даўжыню.

* Бялуха можа плыць з хуткасцю 22 кіламетры ў гадзіну.

* Бялухі жывуць на волі ў сярэднім 40 гадоў, а ў дэльфінарыях могуць і 70.

* На Алтаі самая высокая гара Бялуха вышынёй 4440 метраў; ёсць і самалёт кампаніі Aіrbus, у назве якога ёсць слова «бялуха».

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.