Вы тут

Балонскі працэс: набыць новае і не страціць найлепшае


Як памяняць на хаду ў аўтамабіля колы і не з'ехаць у кювет?

На гэтым тыдні ў Ерэване на канферэнцыі міністраў адукацыі краін — удзельніц Балонскага працэсу будзе разглядацца заяўка Беларусі на яе далучэнне да агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы. А напярэдадні гэтай падзеі ў Мінску на базе БДУ прайшоў двухдзённы міжнародны семінар, арганізатарам якога выступілі Еўрапейскі фонд адукацыі, Сусветны банк, Белдзяржуніверсітэт і Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы. У цэнтры ўвагі яго ўдзельнікаў аказаліся пытанні развіцця нацыянальнай вышэйшай школы ў кантэксце еўрапейскіх стандартаў: пашырэнне акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў, новыя прынцыпы ў забеспячэнні якасці адукацыі, прывядзенне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у адпаведнасць з патрэбамі рынку працы і нават развіццё ў насельніцтва прадпрымальніцкай ініцыятывы і роля ў гэтым працэсе ўніверсітэтаў.

12-27

12-27

 

Колькасць ці якасць?

— Мы разумеем, што працэс інтэграцыі ў еўрапейскую адукацыйную прастору — вельмі складаны і, як вынікае са стасункаў з нашымі калегамі, у розных краінах, якія ўжо далучыліся да балонскай сістэмы, існуе шырокі спектр праблемных пытанняў, звязаных з рэалізацыяй палажэнняў Балонскай дэкларацыі, — падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ.

Кіраўнік глабальнай практыкі адукацыі Сусветнага банка Крысціян АЭДА: «Мы высока ацэньваем узровень развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі і ўпэўнены, што рашэнне аб далучэнні вашай краіны да Балонскага працэсу значна пашырыць магчымасці для беларускай вышэйшай школы. Гэта будзе прынцыповы афіцыйны крок для яе інтэграцыі ў еўрапейскую сістэму».

Асноўны выклік у сферы адукацыі, з якім сутыкнуліся ўсе краіны ў другой палове ХХ стагоддзя, — пераход да масавай вышэйшай адукацыі: за гэты адрэзак часу колькасць студэнтаў павялічылася ў свеце з 13 да 82 мільёнаў! З аднаго боку, гэта аб'ектыўны працэс, бо без вышэйшай адукацыі стабільнае развіццё ў сучасным грамадстве не ўяўляецца магчымым. Але з іншага боку, такая масавасць стварыла мноства праблем: з фінансаваннем вышэйшай школы, якасцю адукацыі, працаўладкаваннем выпускнікоў і многія іншыя.

Рэктар Нацыянальнага ўніверсітэта палітычных даследаванняў і дзяржаўнага кіравання, былы міністр нацыянальнай адукацыі Румыніі Рымус Прыкап'е расказаў, што ў 1990 годзе ў яго краіне налічвалася 38 дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў і ніводнай прыватнай. Сёння ж у Румыніі функцыянуюць 57 дзяржаўных ВНУ і 81 прыватная ўстанова. У 1990 годзе вышэйшую адукацыю атрымлівалі ў Румыніі 168 тысяч студэнтаў, а ў 2008 годзе іх колькасць даходзіла ўжо амаль да 1 мільёна. Але ў сувязі са зніжэннем нараджальнасці ў краіне на 40 працэнтаў колькасць моладзі зменшылася і, адпаведна зменшылася і колькасць студэнтаў: зараз у ВНУ ўсіх формаў уласнасці навучаюцца 500 тысяч студэнтаў. Сутыкнулася Румынія і з усплёскам адкрыцця прыватных ВНУ — у 1993 годзе іх налічвалася ўжо 128! Натуральна, што якасць адукацыі на фоне камерцыйных інтарэсаў адышла на другі план. Таму давялося наводзіць парадак у гэтым пытанні, чаму паспрыяла стварэнне незалежнага акрэдытацыйнага органа.

Камерцыялізацыя вышэйшай школы

— Тэндэнцыі развіцця вышэйшай адукацыі ў нашай краіне адпавядаюць сусветным. Яе масавасць пацягнула за сабой працэсы камерцыялізацыі і вострую канкурэнцыю за чалавечыя рэсурсы, — падкрэслівае рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы прафесар Віктар ГАЙСЁНАК. — Колькасць студэнтаў у Беларусі вырасла ў параўнанні з 60-мі гадамі ў 8 разоў! На 10 тысяч насельніцтва ў нас прыпадае зараз каля 400 студэнтаў, і па гэтым паказчыку мы займаем чацвёртае месца ў свеце ўслед за Паўднёвай Карэяй, ЗША і Расіяй. Але ёсць адзін нюанс: прыкладна палова студэнтаў атрымліваюць адукацыю завочна, а да якасці завочнага навучання ёсць шмат прэтэнзій.

Толькі каля 34% студэнтаў ВНУ навучаюцца за кошт бюджэтных сродкаў. У дзяржаўных ВНУ плацяць за сваё навучанне 53% студэнтаў. Такім чынам вышэйшая адукацыя ў нас у значнай ступені камерцыялізавана. Найбольшая колькасць студэнтаў вывучаюць камунікацыі, права, эканоміку, арганізацыю вытворчасці, а ў прыватных ВНУ гэты напрамак абсалютна дамінуе — да 95% студэнтаў атрымліваюць сацыяльна-эканамічную адукацыю.

На думку Віктара Гайсёнка, галоўная задача, якая стаіць сёння перад ВНУ, — гэта якасць і эфектыўнасць вышэйшай адукацыі.

— Калі казаць пра нашу якасць, то Беларусь у параўнанні са сваімі суседзямі выглядае даволі нядрэнна ў міжнародных рэйтынгах універсітэтаў. Але ёсць і іншыя звесткі: Сусветны банк праводзіў сацыялагічнае даследаванне па вывучэнні ўзроўню кампетэнтнасці работнікаў. І Беларусь у гэтым плане значна адстала ад сваіх суседзяў: каля 70% кіраўнікоў кампаній заявілі, што навыкі іх работнікаў з'яўляюцца істотным стрымліваючым фактарам для развіцця іх прадпрыемства, — падкрэсліў рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.

Між іншым, прагнозная патрэба ў тых ці іншых спецыялістах адстае ад рэальнага выпуску ВНУ ў два разы. Гэта значыць, што за 5 гадоў да выпуску патрэбных спецыялістаў дзяржорганы даюць прагноз, які аказваецца заніжаным удвая, што сведчыць аб праблемах у сувязях паміж рынкам працы і вышэйшай школай. Зараз усе краіны спрабуюць вырашаць аналагічныя праблемы праз нацыянальную сістэму кваліфікацый і нацыянальную рамку кваліфікацый, але мы ў гэтых працэсах істотна ад усіх адстаём.

Галаўны боль для ВНУ

Дзяржаўныя выдаткі на ўсю сістэму адукацыі складаюць каля 40 трыльёнаў рублёў. А на вышэйшую адукацыю ідзе толькі 13% ад гэтай сумы.

— Для нармальнага фінансавання вышэйшых навучальных устаноў гэтых сродкаў яўна недастаткова, — упэўнены Віктар Гайсёнак, — але ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца, таму трэба думаць, як больш эфектыўна выкарыстаць тое, што мы маем . Фактар, які выклікае моцную фінансавую нагрузку, — гэта платнае навучанне студэнтаў у дзяржаўных ВНУ.

У сістэму вышэйшай адукацыі з бюджэту выдаткоўваецца 5 трыльёнаў рублёў. Гэтыя грошы павінны накіроўвацца на навучанне 34% ад агульнай колькасці студэнтаў, якія навучаюцца за кошт дзяржаўных сродкаў, бо астатнія павінны самі за сябе плаціць. Але студэнты платнай формы навучання ўносяць толькі каля 30 працэнтаў ад сумы, што выдзяляецца на навучанне аднаго студэнта-«бюджэтніка». Усё гэта стварае дадатковую нагрузку на нашы ВНУ. І калі такі падыход захаваецца і надалей, то не толькі абнаўленне, але і захаванне асноўных фондаў нашых устаноў будзе праблематычным.

Сярод праблем, якія стаяць перад вышэйшай школай, Віктар Гайсёнак узгадаў таксама цяжкасці ў кіраванні, перагружаную структуру спецыяльнасцей, адсутнасць рэальнай свабоды вучэбна-метадычных аб'яднанняў і эканамічна затратную мадэль магістарскай падрыхтоўкі. На І ступені навучання ў беларускіх ВНУ рыхтуюць па 382 спецыяльнасцях, на ІІ ступені — па 331 спецыяльнасці, а ўсяго налічваецца больш як 1600 адукацыйных праграм. І гэта колькасць яўна завышана...

У некаторых групах па падрыхтоўцы магістраў навучаюцца ўсяго па аднаму-два чалавекі. У Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы лічаць, што трэба адмаўляцца ад дзялення магістратуры на два віды — практыка-арыентаваную і навукова-арыентаваную.

Не выплюхнуць дзіця

— Як можна павысіць якасць адукацыі? Мы звязваем гэтае пытанне з фарміраваннем якаснага кантынгенту студэнтаў і пашырэннем ужывання мэтавай падрыхтоўкі, — патлумачыў Віктар Гайсёнак, — каб кадры рыхтаваліся ў адпаведнасці з патрэбамі працадаўцаў. Трэба распрацаваць крытэрыі для магістарскіх праграм. ВНУ павінны кааперыравацца ў гэтым пытанні, бо далёка не ўсе з іх могуць самастойна годна падрыхтаваць магістраў. Трэба пашыраць адказнасць і паўнамоцтвы вучэбна-метадычных аб'яднанняў ВНУ і іх кіраўнікоў, прычым не толькі на паперы.

— Далучэнне да Балонскага працэсу надзвычай важнае для беларускай вышэйшай школы — упэўнены Віктар Гайсёнак. — Гэта дасць нам магчымасць фарміраваць адэкватную сучаснаму этапу развіцця вышэйшую школу і ліквідаваць існуючы разрыў з нашымі суседзямі. Нарэшце, гэта пытанне павышэння прэстыжу і канкурэнтаздольнасці беларускай вышэйшай адукацыі на міжнародным узроўні. Калі інвестар прыглядаецца да той ці іншай краіны, ён найперш думае, якія спецыялісты і з якім узроўнем адукацыі будуць забяспечваць яго бізнес.

Наша сістэма адукацыі стаіць зараз на перакрыжаванні: якой будзе вышэйшая школа, скажам, праз 10 гадоў, дакладна невядома. Але мы павінны рухацца наперад, захоўваючы ўсё найлепшае, што ў нас ёсць, і адсякаючы ўсё лішняе. Фактычна мы павінны на хаду памяняць у аўтамабіля колы, але зрабіць гэта вельмі асцярожна і акуратна, каб ён не з'ехаў у кювет.

Надзея НІКАЛАЕВА

Даведка «Звязды»:

У 1999 годзе ў Балонні адбылася першая канферэнцыя трыццаці еўрапейскіх міністраў адукацыі. Прынятая імі дэкларацыя «Зона еўрапейскай вышэйшай адукацыі» вызначыла асноўныя мэты, якія вядуць да збліжэння і гарманізацыі нацыянальных адукацыйных сістэм вышэйшай адукацыі ў краінах Еўропы і павышэння канкурэнтаздольнасці еўрапейскай вышэйшай школы. Сёння Балонскі працэс аб'ядноўвае ўжо 47 краін.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.