Вы тут

Настрой — у вашых... валасах!


«Алеся» вучыла рабіць прычоскі.

На нядаўняй міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі» ўсе выданні і каналы імкнуліся яскрава і запамінальна прадставіць свой прадукт. Рэдакцыя часопіса «Алеся» арганізавала, прынамсі, сапраўдны «жаночы майстар-клас» па цырульніцкай справе.

12-12

 

Галоўнымі дзейнымі асобамі сталі супрацоўнікі салона прыгажосці «Тэатр прычосак» Святлана Шнэк і Настасся Яткова. Трапіць да такога прафесіянала, як Насця — сапраўднае, як кажуць, шчасце. Дзяўчына з'яўляецца сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету сярод цырульнікаў і на дасягнутым спыняцца не збіраецца.

— Калі табе падабаецца тое, чым ты займаешся, усё абавязкова будзе атрымлівацца. Па-іншаму проста не бывае! Галоўнае — своечасова зразумець, дзе «тваё», а дзе «чужое», — дзеліцца сакрэтам свайго поспеху Настасся.

Тым часам каля выставачнага стэнда Выдавецкага дома «Звязда», дзе прэзентавалася і «Алеся», сабралася нямала тых, хто з цікавасцю назіраў за стварэннем шэдэўра з валасоў. Як высветлілася, тэма прыгожай прычоскі актуальна не толькі для жанчын рознага ўзросту, але і для моцнай паловы.

— І колькі гадзін яны будуць сядзець вось так нерухома? — паказваючы на дзяўчат-мадэляў, пытаецца мужчына гадоў пяцідзесяці. — Напэўна, гэта падрыхтаваныя людзі, не першы раз ідуць на «такое»...

— Гэта звычайныя жанчыны, якія хочуць паэксперыментаваць са сваёй знешнасцю. Знаходзім мы іх праз знаёмых або сацыяльныя сеткі. Ахвотных шмат! — адказвае цырульнік-візажыст Святлана.

Акрамя прыемных кардынальных змен у знешнасці, час стварэння новай прычоскі або макіяжу дазваляе жанчынам абстрагавацца ад паўсядзённых спраў і праблем.

— У мяне маленькае дзіця, і я амаль увесь час знаходжуся з ім дома. Таму бываюць дні, калі вельмі хочацца неяк развеяцца, і роля мадэлі — гэта цудоўны варыянт! — расказвае адна з дзяўчат.

12-10

Дарэчы, самую «працяглую» ў сваёй кар'еры прычоску Святлана рабіла чатыры гадзіны. Як прызнаецца майстар, гэта было яшчэ ў самым пачатку яе кар'еры і досведу, зразумела, не хапала. Увогуле, сапраўдны майстар заўсёды разлічвае час стварэння той ці іншай прычоскі. Гэта не прымушае хвалявацца заказчыка, напрыклад, нявесту, ды і самога цырульніка.

— Мы ніколі не даём назваў прычоскам, якія робім. Кожная мэдаль — гэта новы непаўторны вобраз, і назваць усе проста нерэальна, — тлумачыць Насця. — Ёсць некалькі базавых прычосак з назвамі, і вось над імі мы фантазіруем: нешта дабаўляем, прыбіраем, змяняем.

Цырульнікі кажуць, што валасы — самае галоўнае ўпрыгажэнне чалавека. Яны характарызуюць асобу, адлюстроўваюць яе звычкі. Калі валасы прамыя — чалавек ведае, чаго хоча, мае выразную мэту, рашучы. Кучаравыя валасы — чалавек эмацыйны, запальчывы, з «шырокай душой». Правільная прычоска можа надаць асобе выразнасць, схаваць недахопы формы твару або галавы.

...Праз паўтары гадзіны нашы прычоскі былі амаль гатовы. Засталося толькі ўпрыгожыць іх бліскучымі заколкамі і прыгожымі шпількамі. Майстры цырульніцкай справы патлумачылі, што гэта адны з самых простых прычосак, якія падыдуць да дня нараджэння, вяселля або іншага свята. Што датычыцца прафесійных фотасесій або модных паказаў, то тут патрэбен іншы падыход.

12-11

— Прабачце, я сёння ў тэатр іду, — звярнулася да Насці наведвальніца выставы, жанчына гадоў шасцідзесяці. — Не маглі б вы мяне крыху прычасаць? Хочацца прыгожа выглядаць!

Насця пагадзілася зрабіць хуткую прычоску ўважлівай глядачцы, якая назірала за працай майстра з самага пачатку. Але найперш — макіяж мадэлям! Так, на прычосках прафесіяналы не спыняюцца. Кожны цырульнік абавязкова павінен умець рабіць макіяж. Гэта дапамагае больш выразна падаць прычоску і зрабіць вобраз цалкам завершаным.

— У салоне мы ставім сапраўдныя тэатральныя пастановы! Галоўныя ролі выконваюць нашы кліенты. Мы эксперыментуем, шукаем нешта новае і незвычайнае! Нікога сёння ўжо не здзівіш добра прычасанымі валасамі або яркімі вуснамі. Але ўсё гэта павінна пра нешта казаць, несці нейкую ідэю, — гаворыць Святлана.

Макіяж і прычоскі зроблены. Мадэлямі-прыгажунямі любаваліся ўсе, хто праходзіў каля нашага выставачнага стэнда. Дарэчы, навучыцца рамяству як цырульніка, так і візажыста ў салоне прыгажосці «Тэатр прычосак» могуць усе ахвотныя. У гэтай справе няма ніякіх абмежаванняў! Узрост, прафесія і вашы інтарэсы не маюць значэння. Галоўнае — жаданне. І, як кажуць прафесіяналы, кожная жанчына павінна ўмець прывесці сябе ў парадак! І рабіць гэта трэба свядома, з веданнем справы.

Кацярына Асмыковіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.