Вы тут

«Маленькі астравок маёй зямлі»


Так пісаў 40 гадоў таму пра Астравец Уладзімір Караткевіч. Цяпер горад змяняецца літаральна на вачах — разам з будаўніцтвам Беларускай АЭС.

8-10

Дзве часткі цэлага

У свеце даволі распаўсюджана практыка, калі для персаналу атамных станцый спецыяльна будуюць гарады — так бы мовіць, з нуля. У нас інакш: АЭС павінна не толькі паслужыць найбуйнейшай крыніцай энергіі для ўсёй краіны, але і стаць «рухавіком» для развіцця старажытнага Астраўца. Дзве часткі аднаго цэлага.

— І гэта ўдаецца, — кажа старшыня Астравецкага райвыканкама Адам КАВАЛЬКА і прапануе на свае вочы пераканацца ў тым, што пытанні развіцця сацыяльнай інфраструктуры вырашаюцца гэтак жа дакладна, як і будаўніцтва АЭС.

Накіроўваемся ў паездку па Астраўцы. Кіраўнік раёна паказвае новыя жылыя дамы, гандлёвыя і іншыя аб'екты. Цяпер галоўная задача раённых улад — забяспечыць дастойны побыт будаўнікоў атамнай станцыі. Гэта вельмі няпроста: сёння, у асноўным па вахтавым метадзе, тут працуе каля 4 тысяч спецыялістаў будаўнічага персаналу (пераважна з беларускіх прадпрыемстваў, а таксама расіяне з генпадраднай арганізацыі «Ніжагародская інжынірынгавая кампанія «Атамэнергапраект»), а да канца года іх колькасць значна павялічыцца. Частка шматкватэрных дамоў (увогуле іх за 3 гады пабудавалі 19) цяпер выкарыстоўваецца пад інтэрнаты. У двухпакаёвай кватэры пражываюць чацвёра чалавек, у трохпакаёўцы — сем. Калі будоўля закончыцца, то зробяць касметычны рамонт і размяркуюць жыллё сярод сем'яў.

Аптымальныя затраты

Пры гэтым на мясцовым узроўні трэба зрабіць так, каб і фінансавыя затраты былі аптымальныя, і горад выглядаў прыгожа. Для гэтага над праектаваннем двух новых мікрараёнаў Астраўца працавалі, незалежна адзін ад аднаго, шэраг спецыялістаў, а потым камісія выбірала самы лепшы варыянт. Да таго, як узвесці будынак, разраўноўваюць пляцоўку, пракладваюць усе інжынерныя сеткі, будуюць падстанцыі, а потым ужо бяруцца за дамы, вуліцы, тратуары, асвятленне, азеляненне. Няма ніводнага дома, для якога камунікацыі робяцца асобна — яны ў цану для забудоўшчыкаў не ўваходзяць. А адсюдь і зніжэнне кошту квадратнага метра жылля. Пры гэтым дамы не праектуюцца як «блізнюкі», а з пэўнай адметнасцю для агульнагарадской прывабнасці.

Дарэчы, да будаўніцтва АЭС на ўвесь Астравецкі раён было ўвогуле 450 пасадачных месцаў ва ўстановах грамадскага харчавання. Але попыт, зразумела, выклікае і прапанову — актыўна будуюцца сталовыя і кавярні розных формаў ўласнасці. Сёлета — паколькі стала праблематычна абслужваць ужо значна большую колькасць людзей — распачнуць будаўніцтва новага корпуса раённай бальніцы, а яе цяперашні будынак перапрафілююць пад цэнтральную паліклініку.

8-9

Зразумела, што праявілі зацікаўленасць і буйныя гандлёвыя сеткі, тым самым выключыўшы затраты бюджэту на гэтую сферу. Толькі адна гандлёвая структура, каб атрымаць права на заключэнне дагавора арэнды зямельнага ўчастка (54 соткі) заплаціла ў бюджэт 3 мільярды 276 мільёнаў рублёў. Увогуле зямля ў Астраўцы цяпер вельмі запатрабаваная і каштуе не менш, а, можа, і больш, чым у некаторых значна буйнейшых гарадах.

...Пад'язджаем да дзвюх адукацыйных устаноў, якія нядаўна прынялі сваіх выхаванцаў. У новы будынак пераехаў калектыў гімназіі, а побач узведзены дзіцячы сад-яслі.

— У першыя два дні пасля ўваходзін была катастрофа. Людзі ў Астраўцы прызвычаіліся выязджаць з дому, каб за 10 хвілін, даставіўшы дзіця да школы ці садка, паспець на працу. А тут такі стопар... Усе службы былі ў паніцы. Але неўзабаве пачалі вы­яз­джаць свое­ча­со­ва, і сі­ту­а­цыя нар­ма­лі­за­ва­ла­ся, — ка­жа Адам Ка­валь­ка.

Гімназія цяпер разлічана на 510 вучняў, сад — на 190 самых маленькіх жыхароў горада энергетыкаў, і ўсе групы ўжо запоўнены. Дашкольная ўстанова мае басейн, залу для заняткаў харэаграфіяй, медыцынскі блок з сучасным абасталяваннем. У гімназіі — трэнажорная зала, інтэрактыўныя дошкі, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, а ў двары — пляцоўкі для заняткаў рознымі відамі спорту і нават для навучання Правілам дарожнага руху.

Дарэчы, і тут пастараліся не проста асвоіць бюджэтныя грошы, а падысці да справы з розумам і душой. Напрыклад, яшчэ за паўгода да пачатку аздабленчых работ паехалі на «Керамін» і падабралі выдатную плітку. Прычым і ў гэтым, і ў іншых выпадках імкнуліся не павялічыць, а наадварот, эканоміць расходы бюджэту.

Складана. І цікава

Будаўнічая пляцоўка Беларускай АЭС, дзе дзясяткі асноўных і дапаможных аб'ектаў, цяпер нагадвае вялізны мурашнік, дзе ў кожнага свая задача. І ўсе яны выконваюцца з высокай адказнасцю і пад строгім кантролем, усё робіцца дакладна па графіку будаўніцтва, падкрэсліў намеснік галоўнага інжынера РУП «Беларуская АЭС» Уладзімір ГОРЫН.

Рэгулярна на будоўлі праводзяцца пасяджэнні штаба розных узроўняў. А задача мясцовай улады — аператыўна вырашыць усе пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай дакументацыі для праектавання, з дазволам на будаўніцтва і прыёмкай розных аб'ектаў.

— Безумоўна, праблем нямала. Аднак спецыялісты працуюць вельмі напружана, каманда ў нас добрая. Асабіста для мяне, ды і, пэўна, для іншых гэта не проста справа, якая займае львіную частку рабочага часу, а вельмі цікавы праект, дзе працуеш з задавальненнем і шмат чаму вучышся, — зазначае Адам Кавалька.

8-11

У сувязі з гэтым, на яго думку, вельмі карысным з'яўляецца супрацоўніцтва на ўзроўні органаў мясцовай улады паміж рэгіёнамі краін, дзе будуюцца альбо ўжо працуюць АЭС. На гэта скіраваны паездкі дэлегацый з Астраўца да калег у Расію, візіты да нас калег з замежжа. Каб пераймаць вопыт развіцця рэгіёнаў, нядаўна Астравеччына, а таксама 5 суседніх раёнаў Гродзенскай і Мінскай абласцей, вырашылі ўвайсці ў асацыяцыю з расійскімі гарадамі — спадарожнікамі атамных станцый.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.