Вы тут

З надзеяй на мір


Што пісала «Звязда» пра Арганізацыю Аб'яднаных Нацый у 1945-м

Сёлета Арганізацыя Аб'яднаных Нацый святкуе 70-гадовы юбілей. Яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны стала зразумела, што Ліга Нацый, міжнародная арганізацыя, утвораная ў 1920 годзе з мэтай урэгулявання спрэчак паміж краінамі шляхам дыпламатычных перамоў, не выконвае сваіх задач. У пачатку 1940-х пачалі распрацоўваць структуру і мэты новай міжнароднай арганізацыі. Нарэшце, падчас канферэнцыі ў Сан-Францыска, якая праходзіла з красавіка па чэрвень 1945 года, быў зацверджаны Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Падпісаны ён быў 26 чэрвеня 1945 года прадстаўнікамі 50 краін, сярод якіх была і Беларуская ССР. Статут уступіў у сілу 24 кастрычніка 1945 года — гэты дзень цяпер святкуецца як Дзень Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

8-23

Да пачатку канферэнцыі ў Сан-Францыска Беларусь ужо была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў. «Звязда», якая не пераставала выходзіць і ў часы акупацыі, канчаткова аднавіла сваю працу і выходзіла ўжо штодзённа — акрамя панядзелка. Большасць матэрыялаў была прысвечана аднаўленню краіны і перамогам Чырвонай Арміі. Аднак не абмінала ўвагай наша газета і працэс утварэння ААН — на сёння ці не самай паважанай і ўплывовай у свеце міжнароднай арганізацыі. Прапануем вам невялікую падборку вытрымак са «Звязды» за 1945 год на гэту тэму. Арфаграфія таго часу захавана.

* * *

«Дзяржаўны сакратар ЗША Стэтыніус [Дзяржаўны сакратар ЗША ў 1944-1945 гг., першы Пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН у 1945-1946 гг. — Аўт.] заявіў на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне, што прэзідэнт Рузвельт рашыў не патрабаваць для Злучаных Штатаў трох галасоў у Асамблеі праектуемай Міжнароднай арганізацыі. Аднак, сказаў Стэтыніус, гэтае рашэнне ніякім чынам не змяняе абяцання Рузвельта, данага ім у Крыму, падтрымаць патрабаванне Совецкага Саюза аб прадастаўленні месц у Асамблеі Украіне і Беларусі. <...> У заяве Стэтыніуса гаворыцца, што «Совецкія прадстаўнікі ў Ялце прапанавалі, каб Беларуская і Украінскія рэспублікі былі першапачатковымі членамі прапануемай Міжнароднай арганізацыі. Гэтае пытанне павінны вырашыць Аб'еднаныя Нацыі, якія збяруцца ў Сан-Францыска. Улічваючы важнасць, якую Совецкі Урад надаваў гэтай прапанове, амерыканскія прадстаўнікі ў Ялце, поўныя найглыбейшай павагі да гераічнай ролі, адыгранай насельніцтвам гэтых рэспублік у яго непахісным супраціўленні агульнаму ворагу, і да стойкасці, з якой яно вынесла вялікія пакуты ў часе вайны, згадзіліся, каб урад Злучаных Штатаў падтрымаў такога роду совецкую прапанову ў Сан-Францыска, у выпадку, калі яна будзе зроблена». (№62 (7388) ад 6 красавіка 1945 года)

* * *

«Сан-Францыска, 24 красавіка. (Спец. кар. ТАСС) Сёння ўдзень у Сан-Францыска на самалёце прыбылі В.М. Молатаў [міністр замежных спраў СССР у 1939-1949 гг. — Аўт.] і совецкія дэлегаты на канферэнцыю ў Сан-Францыска. Разам з тав. Молатавым прыбылі тт. Грамыка, Собалеў, Царапкін, Славін, Галунскі, Крылоў, Кузнецоў і генерал Васільеў». (№76 (7403) ад 26.04.1945)

* * *

«Сан-Францыска, 25 красавіка. (Спец. кар. ТАСС) Сёння ў 16 гадзін 30 мінут па ціхаакіянскаму часу, г. зн. 26 красавіка ў 2 гадзіны 30 мінут па маскоўскаму часу, адкрылася Канферэнцыя Аб'еднаных Нацый для падрыхтоўкі статута Усеагульнай Міжнароднай Арганізацыі па падтрыманню міру і бяспекі. Прысутнічае звыш 850 дэлегатаў». (№76 (7403) ад 26.04.1945)

* * *

«На пытанні прадстаўнікоў друку, як адаб'ецца на прымяненні атамнай бомбы стварэнне арганізацыі Аб'еднаных нацый, Бірнс [Дзяржаўны сакратар ЗША ў 1945-1947 гг. — Аўт.] заявіў, што атамная бомба знаходзіцца ў такім жа становішчы, як і ўсякі іншы сродак вайны. Адказваючы на пытанне, у якім было выказана меркаванне, што совет бяспекі можа патрабаваць устанаўлення кантролю над атамнай бомбай, Бірнс заявіў, што ён не жадае абмяркоўваць пытанне аб совеце бяспекі, аднак указаў, што права вето прымяніма да ўззбраенняў». (№ 171 (7497) ад 7.09.1945)

* * *

«Перад Аб'еднанымі нацыямі стаіць зараз задача захаваць мір і паспяхова пераадолець цяжкасці, узнікшыя ў выніку вайны. Прадстаячая ў бліжэйшы час сустрэча ў Лондане міністраў замежных спраў пяці вялікіх дзяржаў, безумоўна, з'явіцца важнай вехай на гэтым шляху. Яна, як указвае замежны друк, павінна ўмацаваць у народаў надзею на трывалы і працяглы мір». (№ 173 (7499) ад 9.09.1945)

* * *

«Вечарам 28 верасня ў Лондане было апублікавана камюніке, у якім гаворыцца, што пасля тыднёвага перапынку выканаўчы камітэт падрыхтоўчай камісіі арганізацыі Аб'еднаных Нацый зноў правёў 28 верасня паседжанне ў Лондане. Старшынстваваў Грамыка. На паседжанні было абвешчана паведамленне з Вашынгтона аб тым, што да гэтага часу 26 дзяржаў шляхам законадаўчай працэдуры ратыфікавалі статут Аб'еднаных нацый, прычым 7 ратыфікацыйных грамат пераданы ўжо ў Вашынгтон. Арганізацыя пачне сваё існаванне, калі ўрадам ЗША будуць атрыманы 29 ратыфікацыйных грамат». («Звязда», №189 (7515) ад 1.10.1945)

Андрэй Грамыка. Даведка

Наш зямляк Андрэй Андрэевіч Грамыка (нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі Гомельскага павета ў 1909 годзе, памёр у Маскве ў 1989-м) — савецкі дыпламат і дзяржаўны дзеяч, у 1957—1985 гадах — міністр замежных спраў СССР, у 1985—1988 гадах — старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

У 1944 годзе Грамыка ўзначальваў савецкую дэлегацыю на міжнароднай канферэнцыі ў Вашынгтоне па праблеме стварэння Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. У 1945 годзе ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Ялцінскай канферэнцыі ў Крыме, а таксама ў канферэнцыі ў Патсдаме. У тым жа годзе кіраваў дэлегацыяй, якая падпісала Статут ААН ад імя СССР на канферэнцыі ў Сан-Францыска.

* * *

«Вашынгтон, 24 кастрычніка (ТАСС). Сёння ў 1 г. 45 м. па Грынвічу дзяржаўны сакратар ЗША Бірнс падпісаў пратакол, у якім гаворыцца, што Статут Аб'еднаных нацый уступіў у сілу. На цэрамоніі ў Дзяржаўным дэпартаменце, якую здымалі шматлікія фотарэпарцёры, Бірнс зачытаў заяву, у якой гаворыцца:

«<...> Гэта — памятны дзень для міралюбівых народаў усіх краін. Як я не раз гаварыў, падтрыманне міру залежыць не ад якога-небудзь дакумента, а ад мысляў і пачуццяў людзей. Народы зямнога шара, жадаючыя міру, павінны арганізавацца для таго, каб падтрымліваць гэты мір. Гэты статут прадугледжвае арганізацыю. У цяперашнія дні мы зробім усё магчымае ў супрацоўніцтве з другімі аб'еднанымі нацыямі для таго, каб захаваць мір і садзейнічаць дабрабыту ўсіх народаў» (№206 (7533) ад 26.10. 1945).

Дасягненні міратворчай палітыкі ААН. Даведка

Дзякуючы менавіта ААН многія канфлікты не перараслі ў поўнамаштабныя войны. Пры дапамозе перамоў гэтая арганізацыя шмат разоў змагла дабіцца мірнага ўрэгулявання розных канфліктаў. ААН неаднаразова забяспечвала механізм для нейтралізацыі патэнцыйных канфліктаў, у прыватнасці, кубінскага ракетнага крызісу (1962) і блізкаўсходняга крызісу (1973). У гэтых выпадках умяшанне ААН дапамагло прадухіліць войны паміж звышдзяржавамі.

Акрамя таго, ААН належыць важная роля ў спыненні вайны ў Конга (1964), вайны паміж Іранам і Іракам (1988), войнаў у Сальвадоры (1992) і Гватэмале (1996). Дзякуючы намаганням ААН быў дасягнуты мір, які забяспечыў устойлівы эканамічны рост у Мазамбіку (1994) і незалежнасць Тымора-Лешці (2002), а ў снежні 2005 года Арганізацыя паспяхова завяршыла сваю міратворчую місію ў Сьера-Леонэ.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?