Вы тут

Martіn S.: «Сваіх фанатаў мы робім сябрамі»


Увосень мінулага года мінскі беларускамоўны гурт Martіn S. у дастаткова ўльтыматыўнай форме аб'явіў пра збор сродкаў на новы альбом. Ён будзе запісаны толькі пры 100-працэнтнай фінансавай падтрымцы прыхільнікаў, у адваротным выпадку гурт будзе... распушчаны.

Martіn S. складаецца з шасці музыкаў. Гэта Уладзімір Боська, Ілья Басько, Яўген Шэлепень, Маргарыта Мядзвецкая, Андрэй Марчанка, Гера Супакоў. Гурт — двойчы ўдзельнічаў у Еўрафэсце (2012 год, нацыянальны адбор 2013 года), фіналіст Голд-Фэст-2012, фіналіст Крот-рок-фэст-2012, уладальнік Гран-пры конкурсу «Такія пернікі 2012», паўфіналіст міжнароднага конкурсу Emergenza Belarus 2013, удзельнік шэрагу не конкурсных музычных фестываляў. Ушанаваны статуэткай «Залаты кед» альтэрнатыўнай непапсовай музычнай прэміі «У кедах 2012».

— Уладзімір, што стала штуршком звярнуцца да краўдфандынгу — народнага фінансавання?

— Неяк я сядзеў са сваім знаёмым, які сказаў мне прыкладна наступнае: «Слухай, Марцін, ну скажы, каму патрэбна твая музыка, акрамя цябе? Ну, іграеш ты сам сабе, ну збіраеш нейкія залы, але ж будзь шчырым — людзі не падтрымліваюць цябе настолькі, каб насамрэч перажываць за тваё існаванне». І гэтыя словы разанулі мяне па-жывому. Адразу ў галаву палезлі дурныя думкі «а што, калі ён мае рацыю?» Я ведаю, што зараз да мяне прыйшло выпрабаванне, якое мусіць паказаць і даказаць далейшае права на існаванне.

29-4

— Як ставіцеся да крытыкі?

— Крытыка не проста карысная, але і неабходная. Мы заўсёды прыслухоўваемся да канструктыву, вельмі чулыя да свайго слухача, бо ўсё робім для яго. Але, на жаль, не так шмат людзей могуць канструктыўна крытыкаваць, большасць скатваецца да «гэта проста абы што» і ўсё. Такія выпады мы ігнаруем, бо яны не нясуць ніякай зваротнай сувязі.

— Калі казаць пра прыхільнікаў — гэта фанаты ці сябры?

— Большаць беларускіх гуртоў ідуць па адным і тым жа шляху — спрабуюць сваіх сяброў зрабіць сваімі фанатамі. Па мне, дык гэта тупіковы варыянт. Мы робім інакш: мы сваіх фанатаў робім сваімі сябрамі.

— Martіn S. адметны тым, што не мае прадзюсара. Гэта такі прынцып, ці «раскруціцца» магчыма і самастойна?

— Мы не збіраемся кінуць усё і шукаць прадзюсара. Проста для нас творчасць — першасная. А прадзюсары нас пакуль не знаходзяць. Таму за ўсё адказваем мы, і самі спрабуем прабіцца. Ні для каго не сакрэт, што зараз вельмі папулярныя сацсеткі. Гэта цудоўная пляцоўка для таго, каб прэзентаваць сябе, мець старонку гурта. Некаторыя нават не робяць сабе асобных сайтаў, бо хапае і такой старонкі. Стасункі са слухачамі там адбываюцца нашмат хутчэй. Прычым у вольнай форме.

— Ці магчыма штучна выклікаць натхненне?

— Штучна можна выклікаць толькі нешта падобнае на натхненне, але і вынік будзе таксама штучным і няшчырым. Мы ж робім усё ад душы, з максімальнай аддачай. Таму на напісанне песень можа натхняць усё што заўгодна...

— Якія ўспаміны пакінула студэнцтва?

— Гэта была самая «адвязная» пара. Я ніколі не быў «зубрылкай», але вучыўся зусім нядрэнна. Як чалавек актыўны, займаў увесь свой вольны час: тэатр, КВЗ, музыка, студэнцкае самакіраванне, праца, спартзала, ну і, безумоўна, вучоба. Успамінаў не проста шмат: часам нават здаецца, што немагчыма атрымаць іх столькі ўсяго за пяць гадоў жыцця.

29-3

— Якім быў першы працоўны вопыт?

— Пасля паступлення ў ВНУ я паставіў мэту пачаць забяспечваць сябе грашыма самастойна. Таму амаль адразу пачаў шукаць падпрацоўкі. Усё пералічыць цяжка: быў вартаўніком, нянькай, на будоўлі працаваў, дамафоны ўстанаўліваў. Калі скончыў юрыдычны факультэт, пайшоў працаваць па спецыяльнасці.

— Вы прымалі ўдзел у агучванні дзвюх частак «Галодных гульняў» на беларускую мову, спяваеце на ёй. У жыцці якая мова пераважае?

— На працы размаўляю па-руску. Жонка мая не ведае беларускай мовы, бо дзяцінства і юнацтва правяла за межамі краіны, таму ў сям'і таксама размаўляем па-руску. Але ж дзяцей пастаянна вучу роднай мове. А ў сваёй кампаніі і проста на вуліцы — па-беларуску.

— У краіне зараз адбываецца папулярызацыя вышыванак і беларускай мовы. Ваша стаўленне да гэтага?

— А якое ў беларуса да гэтага можа быць стаўленне? Калі мы згубім сваю мову і культуру, то згубім сваю ўнікальнасць і саміх сябе.

— Якія якасці паважаеце ў людзях?

— Перш за ўсё — шчырасць. Мне здаецца, гэта самая галоўная якасць чалавека. А да здрады стаўлюся вельмі негатыўна.

— Праекты, гурт... На сям'ю часу хапае?

— Хапае (усміхаецца). На самай справе межы існуюць толькі ў нашых галовах. У тым ліку і межы часу. Калі ты па-сапраўднаму хочаш нечым займацца, то будзеш шукаць час і знойдзеш яго, паспееш усюды.

Кацярына Лясун.

Фота з архіваў
Уладзіміра Боські і гурта.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».