Вы тут

Было б фінансаванне...


 У Мінску з'явяцца новыя паркоўкі, а ў кожным раёне — басейны

Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ падчас анлайн-канферэнцыі расказаў, калі скончыцца рэканструкцыя стадыёна «Дынама», які раён у Мінску будзе самым прыгожым і ў якія тэрміны павінен праводзіцца капрамонт.

Першае пытанне, якое паступіла да намесніка старшыні выканкама, датычылася сталічнага стадыёна «Дынама». Мінчанін цікавіўся, калі ўжо можна будзе глядзець на ім футбольныя матчы.

— Сёлета мы плануем пачаць работы па рэканструкцыі, ідзе праца над праектна-каштарыснай дакументацыяй. Усе неабходныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы тэрыторыі завершаны. Пасля карэкціроўкі дакументацыі і прывядзення ў адпаведнасць з інвестпраграмай горада Мінска на гэты год мы плануем пачаць рэканструкцыю стадыёна «Дынама». Плануецца, што гэта будзе зроблена на працягу трох гадоў, па дакументацыі. Мы будзем старацца, каб гэта было зроблена раней.

Другі зварот больш нагадваў не пытанне, а крык душы аўтамабіліста. «Чым цяпер пасыпаюць дарогі? Немагчыма адмыць машыну!!!» — эмацыйна напісаў спадар Віктар.

— Для таго, каб адмыць машыну, неабходна яе памыць, — усміхнуўся Уладзімір Кухараў. — Дарогі пасыпаюцца пясчана-салянай сумессю. Соль бярэцца на камбінаце «Белкалій», праходзіць адмысловую сертыфікацыю з боку спецыялізаваных арганізацый. Ніякіх хімічных элементаў, якія могуць паўплываць на тое, што машына не адмываецца, у складзе гэтай сумесі няма.

Ананімны аўтар папрасіў растлумачыць, чаму ЖЭСы прапануюць жыльцам замену дамафоннай сістэмы за грошы, бо гэта атрымліваецца даражэй, чым проста абнавіць гэтае абслугоўванне ў старых кампаній.

— У апошнія гады павялічылася колькасць зваротаў грамадзян аб тым, што прыватныя кампаніі, якія абслугоўваюць запорныя прылады ў дамах, пачалі прапаноўваць замену запорных прылад на новыя і выстаўляць за гэта даволі сур'ёзныя рахункі. Мы прапанавалі свае паслугі, якія на сёння таннейшыя. Карыстаючыся выпадкам, хачу сказаць, што пайшла інфармацыя, і яна сур'ёзна абмяркоўвалася ў СМІ, аб тым, што ЖРЭА адмаўляецца праз жыроўкі рабіць налічэнні па аплаце паслуг для жыхароў ад прыватных кампаній. Мы правялі тлумачальную працу, прычына тут у тым, што паміж грамадзянінам і арганізацыяй абслугоўвання павінен быць заключаны дагавор, на падставе якога разліковы цэнтр ЖРЭА і будзе праводзіць налічэнні. Калі такога дагавору няма, няма і ніякіх адносін, ЖРЭА не мае права выстаўляць рахунак. Мы сітуацыю патлумачылі, прыватныя кампаніі гэта зразумелі і цяпер заключаюць дагаворы з грамадзянамі, каб усё адбывалася ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Яшчэ аднаго ахвотнага задаць пытанне Уладзіміру Кухараву цікавіла, ці плануецца дзе-небудзь замена старых балконаў на новыя і як часта праводзяць праверкі надзейнасці балконнага мацавання.

— Пачнём з абследаванняў. Балкон — гэта канструкцыя, якая штогод правяраецца, але пачынаюцца абследаванні пасля пэўнага тэрміну эксплуатацыі дома. Калі дом новы, то там неабходнасці часта праводзіць праверкі няма. Калі дому 25, 30, 40 гадоў, то частата аглядаў павялічваецца. Мы штогод праводзім гэтыя абследаванні, на іх падставе складаюцца акты, праводзяцца рамонтныя работы па ўмацаванні і ўзмацненні. Пры капітальным рамонце ў абавязковым парадку ў доме на падставе абследаванняў праходзіць рэканструкцыя балкона.

Пры няўпэўненасці ў надзейнасці свайго балкона чыноўнік параіў звярнуцца ў ЖЭС ці таварыства ўласнікаў, каб яны правялі праверку. Спецыялісты дадуць заключэнне, і ў выпадку неабходнасці ўсе работы будуць праведзены.

Спадарыня Валянціна спытала ў першага намесніка старшыні, што будзе на месцы старога аэрапорта «Мінск-1».

27-49

— На месцы аэрапорта «Мінск-1» у адпаведнасці з указам Прэзідэнта будзе пабудаваны адміністрацыйна-жылы комплекс «Мінск-Мір». Цяпер праводзяцца работы па падрыхтоўцы дакументацыі, працуем з інвестарамі, таму што ў гэтым мікрараёне прадугледжаны вялікі знос, акрамя той пляцоўкі, якая ў аэрапорце. Я думаю, што гэта будзе адзін з найпрыгажэйшых мікрараёнаў горада Мінска, яго забудуюць сучаснымі будынкамі з сучаснай інфраструктурай, якая будзе цалкам забяспечваць функцыянаванне гэтага раёна. Гэта і гандлёвыя цэнтры, і культурныя ўстановы, школы, дзіцячыя сады, адміністрацыйныя будынкі.

А вось Мікіту з Мінска хвалюе недахоп парковак ля навабудаў. «Жыву ў мікрараёне Лошыца. Дом новы, 4 гады, побач працягваюць будаваць дамы, але машыну ўжо няма дзе паставіць. Г.зн. месцаў няма ўжо і на абсталяваных паркоўках каля новых дамоў, куды яшчэ не засяліліся людзі. Аўтамабілі стаяць уздоўж дарогі, месцаў і на платных стаянках даўно няма. Якімі нормамі кіруюцца пры вылучэнні месцаў для парковак? Бо іх відавочна не хапае, і з будаўніцтвам новых шматпавярховікаў сітуацыя толькі пагаршаецца...»

— Будаўніцтва вядзецца ў адпаведнасці з зацверджанымі Міністэрствам архітэктуры нормамі. Разлічваецца сярэдняя колькасць парковачных месцаў з улікам колькасці жыхароў мікрараёна, шчыльнасці забудовы. Калі раней разлічваліся на 1000 жыхароў 300 парковачных месцаў (з улікам адна машына — адна кватэра), то цяпер у сям'і бываюць дзве-тры машыны. Бываючы ў мікрараёнах, мы бачым, што нават у працоўны час 80 адсоткаў машын стаіць каля дамоў, таму гэтая праблема для горада вельмі сур'ёзная, мы працуем у гэтым кірунку. Так, за мінулы год было пабудавана 12 плоскасных аўтастаянак на 1300 машына-месцаў. Было пабудавана 18 спецыяльных збудаванняў (паркінгі, падземныя гаражы на 4200 месцаў). І ўсяго ў горадзе на дваровых тэрыторыях, на новых аб'ектах было пабудавана 18,5 тысячы парковачных месцаў. Працу мы будзем працягваць, і ў наступным годзе плануем не зніжаць тэмпы.

Зноў звярнуўся да спартыўнай тэмы мінчанін Яўген, які запытаўся, што за спартыўныя аб'екты плануецца пабудаваць у бліжэйшы час.

— За апошнія гады ў горадзе Мінску ўжо пабудавана даволі вялікая колькасць спартыўных аб'ектаў для розных відаў спорту. У мінчан яны карыстаюцца папулярнасцю. Сёлета мы плануем пачаць будаўніцтва плавальных басейнаў у кожным раёне. У мінулым годзе, напрыклад, мы ўвялі чатыры басейны ў горадзе Мінску, а ў гэтым плануем пачаць будаўніцтва дзевяці. У планы таксама ўваходзіць будаўніцтва палаца па мастацкай гімнастыцы, рэканструкцыя стадыёнаў «Дынама», «Трактар» і шэрагу іншых аб'ектаў.

Апошняе пытанне, на якое паспеў адказаць Уладзімір Кухараў, даслала Валянціна Іванаўна з Мінска. «Жыву ў доме 123 па вул. Геалагічная ўжо 30 гадоў. Капітальны рамонт абяцаюць апошнія 6 гадоў. У некалькіх суседніх дамах ён сапраўды быў праведзены, але да нашага справа не дайшла. Якія максімальныя тэрміны вызначаны для капітальнага рамонту жылых памяшканняў?»

— Штогод праводзіцца абследаванне жылога фонду спецкамісіямі, якія ацэньваюць, у якой рэальнай сітуацыі знаходзіцца той ці іншы дом. Таму што можа быць дому 20 гадоў, а ён ужо будзе ў дрэнным стане, а можа быць 40—50, а ён у добрым стане з улікам камунікацый, канструкцый. На падставе гэтых звестак і складаецца план капітальнага рамонту на 5 гадоў. Мы праводзім капрамонт у адпаведнасці з гэтым планам, але, на жаль, у сувязі з недастатковым фінансаваннем крыху адстаём ад графіка. Стараемся, каб тыя дамы, якія сапраўды маюць патрэбу ў капрамонце, у першую чаргу праходзілі яго. Мы адыходзім ад таго, калі, не разбіраючыся, трэба мяняць ці не, рамантуем усё запар. Такой стратэгіі і будзем прытрымлівацца. Калі канкрэтна па гэтым доме, то трэба звярнуцца ў адміністрацыю раёна і там назавуць канкрэтныя тэрміны капрамонту.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.