Вы тут

Формула поспеху доктара Сачака


У Віцебску, непадалёк ад галоўнага корпуса медуніверсітэта, размешчаны білборд з фотапартрэтам Міхаіла Рыгоравіча Сачака — доктара медыцынскіх навук, прафесара, загадчыка кафедры шпітальнай хірургіі з курсамі ўралогіі і дзіцячай хірургіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, ганаровага акадэміка Беларускай акадэміі медыцынскіх навук і ганаровага грамадзяніна горада Віцебска. Летась яму прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны». Між тым, урачом гэты хлопец з вёскі Варанічы, што на Гродзеншчыне, стаў амаль выпадкова.

Старэйшая сястра, якая на той час ужо заканчвала педагагічны інстытут, прыняла рашэнне: у сям'і павінен быць доктар! Брат і яшчэ адна сястра таксама мелі вышэйшую адукацыю, хоць іх маці Антаніна Ігнатаўна была зусім непісьменная, а тата Рыгор Іванавіч наведваў школу толькі адну зіму. Міша наогул любіў лес ды марыў стаць лесатэхнікам. Але ж паслухаўся сястру і паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. Працаваць пасля заканчэння паехаў у вёску Дварэц Чашніцкага раёна. А праз год Міхаілу ўжо даверылі пасаду хірурга і галоўнага ўрача Лепельскага раёна. Тут ён пачаў асвойваць складаныя аператыўныя ўмяшанні. За гады работы заваяваў велізарны аўтарытэт у мясцовых жыхароў, так што старшакласнікі нават пісалі пра яго ў сваіх сачыненнях.

Дарэчы, сённяшні намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандр Гурэвіч, які «прыдумаў» адзіны хірургічны цэнтр — свайго роду цэх па правядзенні эндаскапічных аперацый — у адным з інтэрв'ю сказаў: «Жаданнем стаць урачом «заразіў» мяне, сам таго не падазраючы, у Лепелі, адкуль я родам, выдатны хірург і чалавек Міхаіл Рыгоравіч Сачак…»

20-9

У Лепелі нядаўні выпускнік Віцебскага медінстытута паставіў перад сабой задачу распрацаваць рэканструктыўныя аперацыі на трахеі і бронхах — у той сферы, дзе і савецкая, і сусветная хірургія мелі шмат пытанняў. Цікаўнасць і дапытлівасць дазволілі Міхаілу праз дзесяць гадоў пасля заканчэння інстытута ва ўмовах сельскага раёна падрыхтаваць і абараніць дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата медыцынскіх навук.

У пачатку 60‑х Міхаіл Рыгоравіч узначаліў хірургічную службу Віцебшчыны і за тры гады работы стаў сапраўдным настаўнікам маладых: вучыў іх сакрэтам хірургічнага майстэрства ва ўсіх раёнах і гарадах вобласці, у любы час сутак прыходзіў на дапамогу ў цяжкіх сітуацыях — ніколі не адмаўляў ні ўрачам, ні хворым.

Пасля скрупулёзных навуковых даследаванняў Міхаілу Рыгоравічу скарылася новая вяршыня — абарона доктарскай дысертацыі. У 1978‑м Сачаку было прысвоена званне прафесара, а праз год яго прызначылі рэктарам Віцебскага медыцынскага інстытута, дзе цягам 17 гадоў былі адкрыты завочнае аддзяленне фармацэўтычнага факультэта, факультэты падрыхтоўкі замежных грамадзян і ўдасканалення ўрачоў, 6 новых кафедраў, уведзены ў эксплуатацыю вучэбны лабараторна-тэарэтычны корпус, спартыўная зала, сталовая, два студэнцкія інтэрнаты, 80‑кватэрны жылы дом, рэканструявана цэнтральная навукова-даследчая лабараторыя.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Сёння прафесар узначальвае кафедру шпітальнай хірургіі, перадае свой багаты вопыт паслядоўнікам. Ён аўтар больш чым 400 навуковых работ, 36 рацыяналізатарскіх прапаноў і вынаходстваў, 13 манаграфій. Разам з вучнямі ён распрацаваў арыгінальныя аперацыі па ўзнаўленні функцыі лёгкага пасля вялікіх рэзекцый трахеі і бронхаў, а таксама метады лячэння апёкаў, гнойных ран, перытаніту, павышэння рэактыўнасці арганізма пры вострых захворваннях органаў брушной поласці. Прафесарам створана навуковая школа, якой можна па праве ганарыцца, а большасць распрацаваных методык аператыўных умяшанняў выкарыстоўваецца ў рабоце спецыялізаваных аддзяленняў краін СНД.

Ганарыцца Міхаіл Рыгоравіч сваімі вучнямі — прафесарамі Лызіковым і Анічкіным, дацэнтамі Крыштопавым і Цацохам. Не можа не ўзгадаць і таго, каму некалі перадаў рэктарства, — заслужанага дзеяча навук, доктара медыцынскіх навук, прафесара Косінца (нядаўна прызначанага, як вядома, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Міхаіл Рыгоравіч лічыць сябе шчаслівым. Злавацца не ўмее, дрэннага настрою ў яго практычна не бывае, не сварыцца, не панікуе, ніколі не апускае рукі. Шмат гадоў студэнты прызнаюць Сачака найлепшым выкладчыкам універсітэта. Бо ён добрасумленны і добразычлівы, просты і даступны, начыста пазбаўлены фанабэрыі. Падчас нядаўніх урачыстасцяў, прысвечаных 80‑годдзю Віцебскага дзяржмедуніверсітэта, прафесару быў уручаны сімвал «Прызнанне» — рука са скальпелем — і сертыфікат Міністэрства аховы здароўя рэспублікі і Беларускай асацыяцыі хірургаў на валоданне гэтым сімвалам.

З Міхаілам Рыгоравічам па жыцці амаль 60 гадоў крочыла яго жонка, сябар і калега Лідзія Якаўлеўна Супрун, доктар медыцынскіх навук, прафесар, якая доўгія гады ўзначальвала кафедру акушэрства і гінекалогіі медуніверсітэта. Яны рыхтаваліся адзначыць брыльянтавае вяселле, але летась яе не стала… Дачка Марына абараніла доктарскую дысертацыю, працуе дырэктарам РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. Другая дачка, Святлана — урач, унук Канстанцін — галоўны ўрач клінікі ВДМУ. Унук Міхаіл скончыў факультэт міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта, добра валодае кітайскай і англійскай мовамі, працуе ў Маскве. Летась студэнтам лячэбнага факультэта мед-
універсітэта стаў праўнук Мікіта.

Сам жа спадар Сачак нядаўна адзначыў 86‑годдзе.

Таццяна КУЗЬМІЧ. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.