Вы тут

Каменны зубр…выконвае жаданні


Карэспандэнт «Звязды» пабываў у месцы, дзе знаходзіцца самы вялікі беларускі валун

«Вялікі камень» даўжынёй 11 метраў, шырынёй — 5,6 метра і вышынёй — 2,8 метра па форме вельмі нагадвае зубра. А вага таго «звера» — аж 800 тон! І ўсё гэта — па прыкладных падліках, бо на колькі метраў пад зямлёй «прасеў» камень, дакладна невядома.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Многія здалёк круглы год прыязджаюць па цуд у наваколле вёскі Горкі Шумілінскага раёна. Людзі пераадольваюць сотні, а некаторыя і тысячы кіламетраў, каб дакрануцца да самага вялікага ў Беларусі валуна, папрасіць нешта ў яго. Вераць, што ён выконвае жаданні, і пакідаюць камню сімвалічныя «ахвяраванні». Некаторыя потым сцвярджаюць, што насамрэч гіганцкі валун ім дапамог.

Камень мне паказаў начальнік Шумілінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч.

—Толькі далёка не адыходзьце, каб не шукаць вас потым! — папярэдзіў ён. І потым высветлілася, што не жартаваў. Ёсць легенда, што падарожнікі насамрэч гублялі «арыенціры», знаходзячыся побач з валуном. У іх знікала адчуванне часу і прасторы. Некаторыя з тутэйшых расказваюць, што людзі ля валуна страчвалі кантроль над сабой і нават бачылі… мора. І чулі гукі хваляў, якія накрываюць бераг. Жах нейкі, чартаўшчына! Нездарма ж другая назва валуна — «Чортаў камень». Ёсць легенда, што ведзьмы збіраліся на ім на шабаш.

Безумоўна, апавяданні пра мора можна лічыць «палётам фантазіі», але ж як расказваюць краязнаўцы, валун гіганцкіх памераў насамрэч «родам» з марскога берага. А дакладней — з Фінскага заліву. І з'явіўся ён «на вечнай стаянцы» ў нас у ледніковы перыяд…

—Наконт таго, наколькі глыбока «засеў» валун пад зямлёй, навукоўцы меркавалі, што мінімум на метры тры, але колькі дакладна, сказаць не магу, — працягвае Генадзь Кісялевіч.

Дзіўна, але факт: аказваецца, у савецкі час, калі праводзіліся маштабныя меліярацыйныя работы, гіганцкі камень хацелі знішчыць. Але да выбухаў справа не дайшла, бо геолагі даказалі ўнікальнасць валуна.

Як скептык, спачатку ніяк не хацеў верыць у ніякія цуды. І да прапановы проста дакрануцца і мо нешта адчуць ставіўся адпаведна. Але… у даволі марозны дзень адчуў цеплыню, якая сыходзіла ад каменя. Тутэйшыя сцвярджаюць, што ён можа сагрэць чалавека ў самыя халодныя дні года.

Вядома, немагчыма пацвердзіць або, наадварот, абвергнуць цудоўны ўплыў валуна на людзей. Тым не менш, жарт жартам, але некаторыя жанчыны спецыяльна залазяць на камень, каб… урэшце зацяжарыць.

Пры ўсім гэтым валун — помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Адпаведна ахоўваецца дзяржавай. Таму наўрад ці можна зразумець тых, хто на яго залазіць, тым больш спрабуе адпілаваць кавалак.

З часам валун сам па сабе разбураецца: ад перападаў тэмператур, дажджоў і гэтак далей. І вялікія шчыліны таму пацвярджэнне. Міжвольную ўсмешку выклікалі купюры, пакінутыя ў іх. Спрабавалі «падкупіць» камень?

Цікава, што юныя жыхары раёна, якія цікавяцца краязнаўствам, яшчэ гадоў сем таму знялі невялічкі фільм, прысвечаны камню. Яны лічаць, што пабываць у Шумілінскім раёне і не пабачыць цудадзейны валун, недаравальна.

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара.

Шумілінскі раён

Цікавыя факты пра гіганцкія камні

  • Самы вялікі камень-валун у свеце знаходзіцца ў ЗША — у пустыні на тэрыторыі штата Каліфорнія. Ён нават больш падобны да гіганцкай скалы. Вышыня яго прыкладна з сяміпавярховы дом, а плошча, на якой ён стаіць, больш за 1800 метраў;
  • Мінчане могуць ганарыцца самым вялікім музеем валуноў пад адкрытым небам. Аналагічны літоўскі саступае разы ў два па колькасці экспанатаў;
  • Адзін з самых ушанаваных ва ўсёй Беларусі полацкі Барысаў камень разам з трыма «сабратамі» ў пачатку 1980‑х знайшлі за межамі горада і толькі потым усталявалі побач з Сафійскім саборам. І да яго прыходзяць «па цуд», многія лічаць яго лячэбным. Перыметр яго «толькі» 8 метраў — малы ў параўнанні з «Вялікім»;
  • У Глыбоцкім раёне энтузіясты так і не вызначылі валун, ля якога французы падчас вайны 1812 года схавалі нарабаванае багацце;
  • На жаль, мала хто ведае пра валун у вёсцы Язна, што ў Мёрскім раёне. Ля яго, паводле легенды, вячэраў князь Усяслаў Чарадзей. Вядомы мастак і краязнаўца Язэп Драздовіч сцвярджаў, што князь з войскамі зімаваў у наваколлях вёскі. І, вядома ж, расказваюць, што і гэты валун таксама «падкажа», дзе ёсць скарб…

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.