Вы тут

Каб трапіць у школу будучыні, ідзі на выставу


Міжнародная спецыялізаваная выстава «Адукацыйнае асяроддзе і вучэбныя тэхналогіі» адкрыецца 12 лістапада на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Выстава — не толькі цудоўны арыенцір для педагогаў у арганізацыі сучаснай адукацыйнай прасторы, але і ідэальная пляцоўка для канструктыўных зносін паміж вытворцамі перадавых тэхналогій і іх карыстальнікамі. Тэматычныя раздзелы экспазіцыі максімальна адлюстроўваюць змест мерапрыемства: гэта інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі, прадукцыя для аснашчэння адукацыйных устаноў, вучэбная літаратура, сістэмы бяспекі, інавацыі ў адукацыі, спецыяльнае абсталяванне і тэхналогіі навучання дзяцей з абмежаванымі фізічнымі і псіхічнымі магчымасцямі. На выставе можна будзе знайсці ўсё, з чаго фарміруецца сучаснае адукацыйнае асяроддзе: ад камп'ютарных праграм і мультымедыя да абсталявання сталовых, буфетаў, медпунктаў ва ўстановах адукацыі, развіццёвых гульняў і спартыўнага рыштунку.

Сваю прадукцыю на выставе прадставяць кампаніі і фірмы, якія ў папярэднія гады ўжо заявілі пра сябе якаснай, запатрабаванай і канкурэнтаздольнай прадукцыяй: сярод іх «Дасканалыя сістэмы», «Хопер» (Масква), Інстытут інфармацыйных тэхналогій БДУІР, «Феста», ІTL, «МіСофт», «Палессе» і многія іншыя.

Для прыкладу, кампанія ІTL прадэманструе сучасныя рашэнні, якія дазваляюць якасна палепшыць працэс навучання. Будуць прадстаўлены лінгафонныя кабінеты, якія валодаюць магутнымі інструментамі для падрыхтоўкі і правядзення заняткаў, рэгістратар даных NOVA LІNK — недарагі інтэрфейс, які пераўтварае любы камп'ютар у навуковую вучэбную станцыю.

Выставу таксама суправаджае насычаная дзелавая праграма: правядзенне другой адкрытай міжнароднай канферэнцыі «Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку», мноства семінараў, прэзентацый і майстар-класаў. Між іншым, першая канферэнцыя «Дарожная карта інфарматызацыі» сабрала 90 дакладчыкаў і каля 1 тысячы слухачоў. Ёсць усе падставы меркаваць, што і другая канферэнцыя акажацца не менш паспяховай.

Выстава прадоўжыцца тры дні. Летась аналагічнае мерапрыемства наведалі не менш як 3,5 тысячы спецыялістаў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?