Вы тут

Сацыяльны праект новага тыпу


Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) на сёння з'яўляецца найбуйнейшай некамерцыйнай арганізацыяй, якая аказвае сацыяльныя паслугі. Генеральны сакратар БТЧК Віктар Калбанаў пагадзіўся падзяліцца складанасцямі і першымі вынікамі праектаў у рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

— Ці правільна я разумею, што паслугі, якія прапаноўваюцца ў рамках дзяржзаказу, аказваюцца насельніцтву на бясплатнай аснове?

— Безумоўна, уся дапамога ажыццяўляецца для людзей на бясплатнай аснове.

— З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца Чырвонаму Крыжу пры рэалізацыі сацыяльных праектаў новага тыпу?

— БТЧК у пэўным сэнсе пашанцавала, бо менавіта Чырвоны Крыж праводзіў апрабацыю пілотнага праекта дзяржаўнага сацыяльнага заказу (ДСЗ). Арганізацыя змагла ацаніць магчымыя цяжкасці пры рэалізацыі ДСЗ. З 2014 года фарміраванне і рэалізацыя ДСЗ уступілі ў актыўную фазу. Выйграўшы конкурсы на рэалізацыю медыка-сацыяльных паслуг у многіх раёнах Беларусі, БТЧК прадэманстравала сваю вялікую канкурэнтаздольнасць у параўнанні з іншымі няўрадавымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць сацыяльныя паслугі.

Як паказаў першы вопыт, дагаворы на выкананне ДСЗ мясцовымі органамі ўлады заключаюцца толькі на перыяд да канца бягучага года, што азначае магчымую змену недзяржаўнай арганізацыі на ратацыйнай аснове. Такая сістэма дазваляе стварыць новыя працоўныя месцы і пашыраць геаграфію сваёй дзейнасці. Аднак адмоўным момантам з'яўляецца нестабільнасць працоўных адносін (прадастаўлення работы) са спецыялістамі, якія аказваюць сацыяльныя паслугі; акрамя таго, губляецца бесперапыннасць і пераемнасць у аказанні сацыяльных паслуг спажыўцамі, якія, як правіла, маюць патрэбу ў доўгатэрміновай дапамозе. Варта адзначыць, што ў заканадаўстве прадугледжана магчымасць заключаць дагаворы на выкананне ДСЗ на тэрмін да 5 гадоў.

Сярод цяжкасцяў можна назваць недастатковае развіццё медыка-сацыяльнай накіраванасці ў дзейнасці няўрадавых арганізацый у Беларусі. У сувязі з чым пры арганізацыі конкурсаў у рамках ДСЗ часта адсутнічае другі ўдзельнік конкурсу. Аднак, згодна з дзейным заканадаўствам, неабходна наяўнасць не менш як пары ўдзельнікаў, каб прызнаць, што конкурс адбыўся. Часцей за ўсё, акрамя БТЧК, не было іншых гульцоў на полі медыка-сацыяльных паслуг сярод недзяржаўных арганізацый. У шэрагу тых, хто падаў заяўкі на ўдзел у конкурсе, былі няўрадавыя арганізацыі без ліцэнзій на ажыццяўленне такой дзейнасці. Таму менавіта Чырвонаму Крыжу аддавалася перавага на ажыццяўленне дзяржаўнага сацыяльнага заказу па аказанні медыка-сацыяльных паслуг.

Бясспрэчна, станоўчым момантам стала тое, што літаральна ў кожным раёне з'явіліся рэзервы для выканання ДСЗ. Аднак пазней высветлілася, што аплата заработнай платы медыцынскіх сясцёр міласэрнасці кампенсуецца з бюджэту толькі пасля выканання паслуг. Гэта значыць, што фінансавы цяжар па выплаце заработнай платы і налічэнняў, асабліва ў пачатку года, цалкам лёг на матэрыяльныя рэзервы БТЧК, што ў сваю чаргу ўскладняла фінансаванне іншых напрамкаў дзейнасці. Гэта застаецца асноўнай цяжкасцю і сёння, працэдура субсідавання шляхам кампенсацыі выдаткаў на аказанне сацыяльных бытавых паслуг патрабуе наяўнасці вялікіх рэсурсаў у недзяржаўнай арганізацыі і з'яўляецца цяжкай і нават непад'ёмнай ношай для асобных НДА.

Для ўпарадкавання гэтай сітуацыі, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца прыняцце шэрагу нарматыўных актаў урадам.

Нягледзячы на тое, што аказанне паслуг у рамках ДСЗ ажыццяўляецца ў большасці выпадкаў тэрмінам на адзін год, медыцынскія сёстры міласэрнасці БТЧК, якія аказваюць медыка-сацыяльныя паслугі, маюць права на аплачаны адпачынак нароўні з іншымі грамадзянамі. У першай палове бягучага года гэтае пытанне было не адрэгулявана і пацягнула за сабой дадатковыя выдаткі БТЧК і звязаныя з імі змены працоўнага раскладу. Варта адзначыць, што гэтая праблема была даволі хутка вырашана пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое дало тлумачэнні з нагоды прымянення працэдур і аплаты адпачынкаў у рамках ДСЗ.

— Віктар Васільевіч, колькі дагавораў БТЧК заключыла на аказанне сацыяльных паслуг па дзяржаўным сацыяльным заказе? Які тэрытарыяльны ахоп рэалізацыі праектаў па ДСЗ у Беларусі? Якая вобласць лідзіруе?

— З пачатку 2014 года ў Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях і г. Мінску вялася актыўная праца па ўкараненні сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага заказу, што фінансуецца шляхам прадастаўлення недзяржаўным некамерцыйным арганізацыям субсідый на аказанне сацыяльных паслуг. Конкурсы на выкананне ДСЗ праведзены ў больш як 20 рэгіёнах краіны, па выніках конкурсаў заключаны дагаворы на перыяд да канца бягучага года.

Своеасаблівымі лідарамі па эфектыўным выкананні сацыяльных паслуг у рамках ДСЗ сталі Гродзенская і Віцебская вобласці. Гэта звязана з тым, што значная работа па ўдасканаленні медыка-сацыяльнай дапамогі, якая аказваецца службай сясцёр міласэрнасці БТЧК, была праведзена менавіта ў гэтых галінах у супрацоўніцтве і пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа ў рамках праекта «Умацаванне службы сясцёр міласэрнасці БТЧК». Вопыт гэтых двух абласцей быў пераняты і іншымі абласцямі Беларусі. За апошнія гады пры рэалізацыі праекта значна ўдасканалена ўнутраная нарматыўная база, сістэма кантролю за якасцю паслуг службы сясцёр міласэрнасці; павышаны прафесійны ўзровень медыцынскіх сясцёр міласэрнасці і наладжана сістэма навучання; палепшана матэрыяльна-тэхнічная база; асвоены інавацыйныя методыкі працы.

— ДСЗ, акрамя іншага, закліканы вырашаць задачы па развіцці інавацыйных формаў сацыяльнай абароны. Ці з'явіліся новаўвядзенні? Або пакуль пра гэта рана гаварыць, і мэтай на гэты момант з'яўляецца паляпшэнне якасці паслуг?

— Слушныя абодва сцвярджэнні. Напрыклад, у перыяд апрабацыі сацыяльнага заказу служба міласэрнасці БТЧК асвоіла новую методыку — кінестэцікс. Гэта методыка, якая выкарыстоўваецца пры доглядзе пажылых і хворых людзей і дапамагае ім стаць больш актыўнымі, паляпшае здольнасць да самаабслугоўвання (заўвага. — Аўт.).

Акрамя гэтага, плануем падаваць заяўкі на сацыяльны заказ па выкарыстанні мабільных медыцынскіх брыгад для правядзення скрынінгавых даследаванняў у жыхароў рэспублікі. Гэтая методыка была намі паспяхова адпрацавана пры выкананні нашай праграмы па пераадоленні наступстваў ад Чарнобыльскай аварыі.

Алеся Вараб'ёва

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.