Вы тут

Цукар у парадку?


Нягледзячы на тое, што сістэма ранняй дыягностыкі такога захворвання, як цукровы дыябет, знаходзіцца на добрым узроўні, колькасць нявыяўленых хворых усё роўна складае даволі значны працэнт. Такая сітуацыя назіраецца ў многіх краінах. Прычына не толькі ў спадчыннай схільнасці. Яна стане відавочнай, калі кожны сам сябе спытае: «Чаму я не з'яўляюся на штогадовую дыспансерызацыю і не ведаю свой узровень глюкозы ў крыві?» Дарэчы, японскія даследчыкі ўстанавілі цесную сувязь паміж дыспансерызацыяй і эфектыўнасцю лячэння, а значыць, і працягласцю жыцця. Таму не забывайцеся на такі стандарт вызначэння здароўя, як узровень глікеміі.

11-11

Паводле слоў галоўнага пазаштатнага эндакрынолага Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алы ШАПЯЛЬКЕВІЧ, у 45-50 гадоў наспеў час задумацца аб рызыцы сацыяльна значных захворванняў — кардыяваскулярных, анкалагічных, цукровага дыябету, астэапарозу. Галоўнае, аддзяліць пажаданае ад наяўнага — свае ўяўленні аб здаровым ладзе жыцця ад таго, што ёсць насамрэч. Дастаткова элементарнага самаагляду: я стройны? Можна падлічыць і добра вядомы індэкс масы цела (вага ў кг/рост у м2 ), хоць гэта не так прынцыпова, як, напрыклад, аб'ём таліі. Калі тлушчавая тканка назапашваецца, галоўным чынам, на жываце, значыць, ёсць сур'ёзны фактар развіцця захваральнасці на цукровы дыябет і кардыяваскулярную паталогію, а таксама заўчаснай гібелі, з імі звязанай.

11-10

У норме ў мужчын аб'ём таліі не павінен перавышаць 94 см, у жанчын — 80 см. Аб'ём таліі ў мужчын звыш 102 см і ў жанчын звыш 88 см — паказчык абдамінальнага атлусцення, якое прыводзіць да развіцця гіперліпідэміі.

Для таго, каб пазбегнуць такіх непрыемнасцяў, як павелічэнне таліі, лішняя вага і атлусценне, неабходна мяняць лад жыцця. Паказчыкі абмену ліпідаў паляпшаюцца пры абмежаванні насычаных тлушчаў і халестэрыну, зніжэнні вагі, павелічэнні фізічнай актыўнасці, адмове ад курэння.

Варта нагадаць асноўныя прынцыпы правільнага харчавання:

— ужываць больш свежай гародніны і фруктаў, хлеб грубага памолу, злакі, малочныя прадукты з нізкай колькасцю тлушчу, нятлустыя гатункі мяса, рыбу;

— перавага — марской рыбе з вялікай колькасцю амега-3 поліненасычаных тлустых кіслот, якія адыгрываюць важную ролю ў прафілактыцы атэрасклерозу;

— колькасць тлушчаў, уключаючы алеі, не павінна перавышаць 30% ад агульнай сутачнай колькасці калорый; прычым на долю насычаных тлустых кіслот павінна прыпадаць не больш за 10% ад гэтай колькасці.

Цукровы дыябет 2 тыпу з'яўляецца адным з самых небяспечных фактараў рызыкі атэрасклерозу. Усё ад таго, што дыябет выклікае парушэнне ўсіх відаў абмену рэчываў (вугляводнага, тлушчавага, бялковага) і фарміруе дадатковыя спецыфічныя змяненні — інсулінарэзістэнтнасць, гіперглікемію, гіперінсулінемію, павышаную схільнасць да тромбаўтварэння, парушэнне функцыі ўнутранай сценкі сасудаў.

Існуе шмат доказаў таго, што генетычная схільнасць адыгрывае важную ролю ў развіцці дыябету 1 і 2 тыпу. «Запуск» спадчыннай схільнасці могуць забяспечыць неспрыяльныя фактары навакольнага асяроддзя, нездаровы лад жыцця, стрэсавыя сітуацыі і яшчэ шэраг невядомых агентаў. Рызыка захворвання істотна ўзрастае, калі не адзін, а больш сваякоў мелі такое захворванне.

Што ж неабходна для выяўлення цукровага дыябету 2 тыпу на ранняй стадыі? Ва ўзросце пасля 45 гадоў варта вымяраць цукар у крыві 1 раз у тры гады. Штогадовае даследаванне глікеміі нашча неабходна ў любым узросце, калі ёсць прамыя сваякі з цукровым дыябетам 2 тыпу, атлусценнем, артэрыяльнай гіпертаніяй, парушэннем ліпіднага саставу крыві (пры павышэнні ўзроўню халестэрыну або трыгліцэрыдаў). Дыягназ дыябету выстаўляецца тады, калі двойчы (нашча) узровень глюкозы ў крыві — звыш 6,1 ммоль/л.

Для пастаноўкі дыягназу выкарыстоўваецца і вымярэнне глікіраванага гемаглабіну. Калі двойчы гэты паказчык перавышае 6,5%, то гэта цукровы дыябет 2 тыпу. Для вызначэння глікіраванага гемаглабіну ажыццяўляецца асобны забор крыві (унутрывенна або з пальца). Магчымасці для правядзення такога абследавання маюць усе сталічныя паліклінікі, абласныя эндакрыналагічныя дыспансеры. Такі аналіз выконваецца не ў якасці скрынінгу, а толькі асобам з вельмі высокай рызыкай развіцця хваробы.

Дыябет у дзяцей

— У апошнія гады адзначаецца рост колькасці дзяцей з цукровым дыябетам. Іх колькасць на сёння — 1688, — кажа галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Анжэліка СОНЦАВА. — Найбольш распаўсюджаны ў дзяцей дыябет 1 тыпу. Калі раней пік выяўлення захворвання прыпадаў на тых, каму 11-14 гадоў, то цяпер гэта 4-5 гадоў. Цукровы дыябет 1 тыпу выяўляецца, у адрозненне ад 2 тыпу, заўсёды своечасова. У апошнія гады ў нас, як і ва ўсім свеце, расце колькасць дзяцей з лішняй вагой і атлусценнем, аднак істотнага росту дзяцей з цукровым дыябетам 2 тыпу пакуль не адзначаецца.

Святлана БАРЫСЕНКА

20 гадоў таму колькасць людзей з дыягназам цукровага дыябету ва ўсім свеце не перавышала 30 мільёнаў. Сёння колькасць такіх пацыентаў складае 370 млн, а да 2025 года іх колькасць вырасце да 550 млн чалавек.

У нашай краіне на дыспансерным уліку з цукровым дыябетам знаходзяцца амаль 255 тысяч пацыентаў (93 % з іх — з цукровым дыябетам 2 тыпу, а ўсяго існуе чатыры тыпы). Штогод колькасць пацыентаў з дыябетам розных тыпаў прырастае на 15-20 тысяч чалавек.

Падчас рэспубліканскай акцыі «Ранняе выяўленне і прафілактыка цукровага дыябету 2 тыпу», праведзенай у 2011 годзе, у 15 % абследаваных была выяўлена высокая і вельмі высокая рызыка развіцця захворвання ў бліжэйшыя 10 гадоў. Падобная тэндэнцыя захоўваецца ва ўсім свеце, што ўказвае на важнасць прафілактычных мерапрыемстваў.

Функцыянуе 237 стацыянарных і амбулаторных «Школ дыябету».

Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўказваюць на добры ўзровень дыябеталагічнай дапамогі ў Беларусі і асабліва вылучаюць рэспубліканскі рэгістр «Цукровы дыябет», у якім сабраны звесткі амаль пра ўсіх нашых пацыентаў, пастаўленых на ўлік ва ўрача-эндакрынолага. Такая тэхналогія спрыяе паляпшэнню якасці лячэння. Аб тым, што лячэнне сапраўды якаснае, сведчыць адсутнасць росту хранічных ускладненняў дыябету.

Пацыенты бясплатна забяспечваюцца інсулінам і цукразніжальнымі сродкамі ў таблетках, глюкометрамі і тэст-палоскамі (1-2 групы інваліднасці), сацыяльнай дапамогай (з 3 групай).

Калі ў 18-29 гадоў лішнюю вагу маюць 28-30% беларусаў (працэнт вагаецца ў залежнасці ад рэгіёна), то ў 30-39 гадоў — 45-49%, 40-49 — 51-60%; атлусценне сярод 18-29-гадовых выяўляецца ў 2,5%, 30-39-гадовых — у 6-8%, 40-49 — у 14-19%.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.