Змяненні ў ПДР накіраваны на тое, каб абараніць здароўе і жыццё ўсіх удзельнікаў дарожнага руху
Як вядома, з 16 студзеня 2015‑га ўступяць у сілу змяненні і дапаўненні ва Указ Прэзідэнта краіны № 551 «Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху». Пра тое, што трэба ведаць у сувязі з гэтым кіроўцам, вопытным і пачаткоўцам, пешаходам, іншым удзельнікам дарожнага руху, гаворка ішла падчас анлайн-канферэнцыі «Новая рэдакцыя ПДР Беларусі, новы ўзровень бяспекі на дарогах» з удзелам намесніка начальніка аддзела навукова-метадычнага і прававога забеспячэння УДАІ МУС Аляксандра Занімона і намесніка дырэктара УП «Белтэхагляд» Міхаіла Свістуна. Яе правяло інфармагенцтва БЕЛТА. Мы падаём найбольш цікавыя, на погляд рэдакцыі, пытанні і адказы.
Ці будуць караць вадзіцеляў за адсутнасць зімовых шын з 1 снежня гэтага года?
Рэкамендацыя па выкарыстанні зімовых шын захоўваецца. Ужо, напэўна, многія вадзіцелі сутыкнуліся з сітуацыяй, калі трэба займаць вялікую чаргу, каб змяніць «гуму». З такой праблемай аўтааматары сутыкаюцца ўжо некалькі гадоў. Палажэнні ўказа аб зімовай гуме будуць дзейнічаць з 16 студзеня. Але наўрад ці з гэтага дня галоўнай задачай усіх супрацоўнікаў ДАІ будзе выяўленне транспартных сродкаў з летнімі шынамі. Штраф за невыкарыстанне зімовай гумы дастаткова невялікі: паводле заканадаўства, калі кіроўца згодны з тым, што дапусціў парушэнне, то штраф будзе 0,5 базавай велічыні.
Ці дапаможа простае павелічэнне працягласці курса ў аўташколах вырашыць праблему нявопытных кіроўцаў? Можа, трэба мяняць саму сістэму навучання?
Праблема існуе, але яна не такая маштабная, як яе падаюць. Паводле апытанняў, якія мы праводзілі па вучэбных арганізацыях, 20% мужчын выказаліся за павелічэнне гадзін, 20% — за памяншэнне, таму што некаторыя прыходзяць у аўташколы падрыхтаванымі. З жанчынамі пытанне стаіць больш востра: каля 40% хочуць павялічыць працягласць курса і 20% — паменшыць. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць павелічэння практычнага навучання кіраваннем. Прычым у асноўным гадзіны будуць дададзены па прадмеце «Удасканаленне навыкаў кіравання». Гэта тычыцца кіравання пераважна ва ўмовах горада, што ў нейкай ступені дапаможа вырашыць праблему «няспелых» кіроўцаў.
Самае галоўнае, каб праграмы падрыхтоўкі выконваліся ў поўным аб'ёме. Іх дастаткова для таго, каб навучыць першапачатковым навыкам кіравання аўтамабілем. А ўсё астатняе — больш «спелы» ці «няспелы» кіроўца — залежыць ад яго самога. Ён павінен сам удасканальваць навыкі і павышаць узровень падрыхтоўкі. Акрамя таго, ахвотныя могуць браць у аўташколе дадатковыя заняткі. У нас прапісана, што мінімальны ўзровень — 50 гадзін. Для тых, хто жадае іх павялічыць, можна заключыць дадатковае пагадненне з вучэбнай арганізацыяй і ўзяць тую колькасць гадзін, якая ім неабходна.
У Беларусі ўводзяць абавязковае выкарыстанне дзіцячых аўтакрэслаў. Якім патрабаванням ім трэба адпавядаць? Ці павінны яны быць сертыфікаваны ў нас?
Ёсць міжнародныя патрабаванні да дзіцячых утрымлівальных прыстасаванняў. Яны тычацца і Беларусі. Аўтакрэслы павінны сертыфікавацца. Калі грамадзянін самастойна ўвозіць у Беларусь з іншай краіны аўтакрэсла для асабістага карыстання, яго сертыфікаваць не трэба. Інспектар ДАІ не скажа кіроўцу, што ў яго няправільнае аўтакрэсла. Але яшчэ захаваліся старыя машыны, дзе на заднім сядзенні рамянёў няма. Тут сітуацыя дакладна такая ж, як і з прышпільваннем рэменем бяспекі: сёння ў нас абавязковае выкарыстанне рэменя бяспекі ў тых выпадках, калі ён прадугледжаны канструкцыяй транспартнага сродку. Тое ж самае тычыцца і дзіцячых утрымлівальных прылад.
На некаторых трасах павялічылі дапушчальную хуткасць да 120 км/г. А пакрыццё дарог адпавядае гэтаму? У некаторых месцах, напрыклад, стаіць спачатку знак «Няроўная дарога», а затым — «Максімальная хуткасць 120». Каля пешаходных пераходаў на трасе, якія не рэгулююцца, рэкамендаваная хуткасць — 90 км/г. Як гэта зразумець?
Што датычыцца павелічэння або зніжэння хуткасных рэжымаў, то тут часта думкі супярэчаць адна адной. Магу сказаць толькі, што ўладальнік дарогі, павышаючы хуткасны рэжым, гарантуе на гэтым участку дарогі бяспеку руху транспартных сродкаў.
Нельга не прызнаць, што дзякуючы прынятым у Беларусі мерам вадзіцелі сапраўды сталі больш дысцыплінаванымі. Большасць нават навучылася прапускаць пешаходаў. Але, з іншага боку, самі пешаходы сталі паводзіць сябе на дарозе бяспечна, разлічваючы на тое, што іх абавязаны прапусціць. Якія меры па павышэнні дысцыплінаванасці пешаходаў, на вашу думку, наспелі? Магчыма, варта забараніць пешаходам пры пераходзе праезнай часткі карыстацца мабільнымі тэлефонамі, навушнікамі і іншымі гаджэтамі і прадугледзець адказнасць за неасцярожныя паводзіны на дарозе?
Забараняць карыстацца мабільнымі тэлефонамі, навушнікамі і г. д. на пешаходных пераходах не плануецца. Галоўнае — культура паводзін кіроўцы і пешахода. Тут вельмі вялікая роля належыць сродкам масавай інфармацыі — трэба больш гаварыць пра наступствы парушэнняў ПДР.
Пасля нашумелага ДТЗ каля мінскай школы, у якім загінула дзіця, было шмат чаго зроблена для павышэння бяспекі прышкольных тэрыторый. Усе школы павінны былі ўсталяваць шлагбаумы на ўездзе. Ці ўсё зроблена з таго, што неабходна? Наколькі эфектыўнымі з'яўляюцца прынятыя меры? І што яшчэ трэба зрабіць?
Прынятыя меры нельга лічыць дастатковымі, пакуль ёсць хоць адзін загінулы або траўміраваны на дарозе. Што тычыцца пэўнай сітуацыі, то хацелася б звярнуць увагу на паводзіны бацькоў, якія прывозяць на аўтамабілях дзяцей у школу. Часта можна назіраць такую карціну: аўтамабіль спыняецца перад пешаходным пераходам, размешчаным у непасрэднай блізкасці ад школы; з аўтамабіля выходзяць кіроўца і дзіця; бацька бярэ яго за руку і пераводзіць цераз дарогу, выглядваючы з‑за свайго ж аўтамабіля, каб пазбегнуць магчымай небяспекі. Ён добра ўсведамляе, што аўтамабіль стаіць каля перахода і закрывае агляд — а гэта небяспечна. І ўсё роўна робіць так, як яму зручна… Але ж не ўсіх дзяцей дастаўляюць бацькі ў школу на аўто. Многія ідуць пешшу, у тым ліку і па тым пешаходным пераходзе, каля якога прыпаркаваны аўтамабілі. Пагадзіцеся, павінен быць клопат не толькі пра ўласнае дзіця, але і пра іншых дзяцей.
Ці скарацілася сёлета колькасць транспартных сродкаў без тэхагляду пасля павелічэння памеру штрафаў?
Мы канстатуем факт, што ў нас у 2012–2013 гг. у цэлым па рэспубліцы на тэхнічны агляд не прадстаўлялася каля 30% аўтамабіляў. Сёлета гэтая лічба ўзрасла да 40%. Гэта звязана з тым, што з 1 студзеня ўведзена так званая дзяржпошліна за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Таму многія аўтаўладальнікі праходзілі тэхагляд летась у снежні — тады было прадстаўлена каля 250 тыс. транспартных сродкаў.
Трэба адзначыць, што з пачатку года адзначалася ўстойлівая тэндэнцыя скарачэння колькасці аўтамабіляў, пададзеных на дзяржтэхагляд, — у параўнанні з мінулым годам на 20%. Але пасля таго як выйшаў указ і была ўзмоцнена адміністрацыйная адказнасць, гэтая лічба скарацілася. У той жа час сумесна з ДАІ мы прымаем меры для змяншэння колькасці аўтамабіляў, якія ўдзельнічаюць у дарожным руху без дзяржтэхагляду. Не менш за два разы ў год праводзяцца так званыя дэкады па дзяржтэхаглядзе. Чарговая дэкада будзе ў лістападзе.
Тэхрэгламент Мытнага саюза пачне дзейнічаць 1 студзеня 2015 г., змены ў ПДР — 16 студзеня. Як будзе вырашацца праблема супярэчнасцяў у гэтых дакументах адносна патрабаванняў да ТС: наяўнасць налепак, аэраграфіі, таніроўкі задняга бакавога шкла? Тэхрэгламент дазваляе ўсё вышэйпералічанае, ПДР са зменамі — не. У выніку: можна ці не?
Цяпер ідзе прапрацоўка ўсіх нарматыўных прававых актаў. Гэтыя дакументы павінны быць гатовы да 1 студзеня ў сувязі з тым, што адзіны тэхнічны рэгламент ўводзіцца з 1 студзеня будучага года. За выключэннем, наколькі нам вядома, сертыфікацыі адзіночных транспартных сродкаў, што ўвозяцца фізічнымі асобамі. Гэтае пытанне было адкладзена на паўтара года. Усе тонкасці па тэхрэгламенце будуць прапісаны, і, калі будуць унесены змены, мы аператыўна праінфармуем уладальнікаў транспартных сродкаў аб зменах. Пакуль жа ўсе павінны кіравацца тымі тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія дзейнічаюць у краіне.
Як зменіцца кошт навучання ў аўташколах у сувязі з павелічэннем працягласці навучання ваджэнню?
Да 70% ад агульнай цаны навучання складае кошт практычнага навучання, і 30% — тэорыя. Па папярэдніх разліках, калі на 10 гадзін павялічылася практычная частка, адпаведна, дзесьці на 25% павысіцца кошт усяго навучання. Сёння за навучанне трэба заплаціць каля Br4,5–5,5 млн, пасля павышэння кошт павялічыцца на Br1–1,5 млн. Калі гаварыць пра заработную плату выкладчыкаў у аўташколе, праблема актуальная, таму што добрых майстроў у нас па-ранейшаму мала. Таму кожная школа, кожны наймальнік павінен сам думаць над тым, якім чынам зацікавіць выкладчыка, каб ён працаваў у гэтай арганізацыі.
Калі фотакамера фіксуе парушэнне з боку аўтамабіля з замежнымі нумарамі, то якім чынам пакараюць кіроўцу?
Існуюць спецыяльныя пункты, якія накіраваны на працу выключна з замежнымі грамадзянамі. Інфармацыя аб парушэнні, дапушчаным, напрыклад, кіроўцам з Расійскай Федэрацыі ці Польшчы, паступае ў гэты пункт. Прымаюцца меры па спыненні такога транспартнага сродку і прыцягненні да адказнасці ў адпаведнасці з адміністрацыйным заканадаўствам нашай дзяржавы. Сетку такіх пунктаў кантролю і аплаты плануецца пашыраць.
На аўтамабільных дарогах краіны дзейнічаюць сродкі аўтаматычнай фотафіксацыі хуткасных рэжымаў. Колькі цяпер устаноўлена такіх фотакамер? Як можна ацаніць эфект ад новаўвядзення? Ці ўдалося скараціць колькасць ДТЗ на самых небяспечных участках дарог?
Сёння працуюць каля 200 камер фіксацыі парушэнняў хуткасных рэжымаў. Можна сказаць, што за апошнія 8 гадоў колькасць загінуўшых на дарогах Беларусі знізілася амаль у два разы. Думаю, у Еўропе і ў свеце мала знойдзецца краін з такім жа вынікам. Таму прагрэс ёсць.
Ці магчыма ў перспектыве на заканадаўчым узроўні замацаванне абавязковага аснашчэння аўтамабіляў відэарэгістратарамі і выкарыстання гэтых запісаў пры разглядзе спраў аб ДТЗ?
Справа ў тым, што падобныя нормы маюць сэнс у тым выпадку, калі большасць грамадзян іх падтрымлівае. Напрыклад, год таму ўводзілі норму аб канфіскацыі транспартнага сродку ў п'янага кіроўцы. Але гэтае пытанне ўздымалася даўно — 5–7 гадоў таму. Чаму яно не было прынята тады? Таму што грамадства не было гатова. Гэта стала магчымым год таму, паколькі дастаткова вялікая колькасць людзей звярталася ў ДАІ. Гэта значыць, паступова грамадства «выспявала», каб зразумець, што гэта сапраўды праблема і яе трэба вырашаць. Магчыма, грамадства будзе гатова і для таго, што ў кожным аўтамабілі трэба будзе ставіць відэарэгістратар. Але пакуль пра гэта яшчэ рана гаварыць.
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».